Pages

2011-12-29

Фінансавы крызыс і нарцысізм

Набліжэньне канца 2011 года дае падставы для разважаньняў. Капіталістычны сьвет перажывае шэраг фінансавых крызысаў. Многія краіны безнадзейна завязьлі ў даўгах, у тым ліку Злучаныя Штаты Амэрыкі; валюты страчваюць вартасьць; прыватныя кампаніі разараюцца альбо знаходзяцца на мяжы банкруцтва; эўрапейская фінансавая сыстэма разбураецца на нашых вачах, і шматлікія экспэрты лічаць, што горшае яшчэ наперадзе. Палітыкі ў Эўропе і Амэрыцы не былі гатовыя да крызысу. Цяперашняя палітыка нагадвае сэрыю запозьненых дзеяньняў. Азіраючыся на першае дзесяцігодзьдзе ХХI стагодзьдзя мы можам спытаць сябе, ці не зьвязаныя гэтыя эканамічныя праблемы з маральнымі і культурнымі недахопамі?

Амаль усе, каму больш за пяцьдзесят гадоў, разумеюць, што грамадзтва за апошнія пяцьдзесят гадоў моцна зьмянілася. Тэхнічны прагрэс быў ня самай значнай зьменай, хоць тэхналёгіі зрабілі свой уклад. Што больш істотна, наша агульнае стаўленьне да жыцьця і яго сэнс падвергліся амаль татальнай рэвалюцыі. Пашырэньне нарцысізму (як патлумачылі такія навукоўцы як Джын Твэнг і У. Кіт Кампбэл) сьведчыць пра тое, што мы жывем у эпоху субсыдыяў. У кнізе Твэнг і Кампбэла “Эпідэмія Нарцысізму” сьцьвярджаецца, што нарцысізм выклікае “надзвычай станоўчы і завышаны погляд на самога сябе. Нарцысы лічаць, што яны лепшыя за іншых, ім не стае эмацыянальнай цеплыні і клапатлівых узаемаадносін, яны пастаянна шукаць увагі і цэняць матэрыяльнае багацьце і зьнешнасьць”.

Аказваецца, што нарцысізм – гэта ня новая зьява. У другім стагодзьдзі да нараджэньня Хрыстова ўспышка нарцысізму здарылася ў Грэцыі. У тыя часы людзі хацелі атрымліваць асалоду ад жыцьця. Яны не хацелі несьці адказнасьць за выхаваньне дзяцей. Гісторык Палібій паведамляе нам, што ўся Грэцыя пакутавала ад “недахопу дзяцей ... з-за чаго гарады страцілі жыхароў ...”. Гэта таксама выклікала “спад вытворчасьці”. Палібій патлумачыў, што “гэтае зло вырасла сярод нас хутка і без прыцягненьня ўвагі праз тое, што нашы мужчыны станавіліся разбэшчанымі прагай да відовішчаў, грошай і задавальненьняў халастога жыцьця, і, адпаведна, альбо не жаніліся ўвогуле, або, калі яны ўступалі ў шлюб, адмаўляліся гадаваць дзяцей, якія нараджаліся, ці пагаджаліся ня болей чым на аднаго або дваіх з усёй колькасьці ...”.

Нічога не нагадвае? Зьвярніце ўвагу на падабенства паміж нарцысізмам, апісаным Твэнг і Кампбэлам, зь яго засяроджанасьцю на матэрыяльным багацьці і зьнешнасьці, і апісаньнем Палібія людзей разбэшчаных “прагай да відовішчаў, грошай і задавальненьняў халастога жыцьця …”. Што ж стала прычынай эпідэміі нарцысізму ў Старажытнай Грэцыі? Геданізм распаўсюдзілі філёзафы? Або гэта стала вынікам няправільнай адукацыі? Мы ведаем ад Палібія, што ў яго час грэкі перасталі верыць у пакараньне багоў, таму, па яго словах, грэцкія кіраўнікі больш не былі сумленнымі. Дзяржаўныя сродкі рэгулярна раскрадаліся. Людзі больш не шукалі Божай дапамогі ці дабрадзейнасьці. Засталося толькі самазадавальненьне. З-за эпідэміі эгаізму Старажытная Грэцыя была зьнішчана эканамічна і (праз шэсьцьдзесят гадоў) разгромлена. Амэрыка можа пайсьці гэтым жа шляхам.

“У цяперашні час Злучаныя Штаты пакутуюць ад эпідэміі нарцысізму, – пішуць Твэнг і Кампбэл. – Разуменьне эпідэміі нарцысізму зьяўляецца важным, таму што яго доўгатэрміновыя наступствы разбуральныя для грамадзтва”. Як тлумачаць аўтары, нарцысізм – гэта псыхічна-культурная хвароба, якая зьяўляецца адной з прычын сёньняшняга фінансавага крызысу. Чым іншым зьяўляецца сёньняшні памер запазычанасьці, як ні паказчыкам сучаснага духу субсыдаваньня (якое не прымае пад увагу будучыя выдаткі). Адным з сымптомаў нарцысізму, які мае непасрэднае дачыненьне да фінансавых рынкаў, зьяўляецца вялікая самаўпэўненасьць. Паводле Твэнг і Кампбэла, “іпатэчны крах, які прывёў да фінансавага крызысу 2008 года, быў часткова выкліканы нарцысічнай самаўпэўненасьцю пакупнікоў жыльля, якія лічылі, што могуць дазволіць сабе занадта дарагія дамы, і прагнасьцю крэдытораў, якія былі гатовыя моцна рызыкаваць грошамі іншых людзей”.

Ці ёсьць лекі ад амэрыканскага нарцысізму? Гісторыя сьведчыць, што нарцысізм ня можа існаваць доўга. Культуры нарцысізму наканавана ісьці ў накірунку самагубства. У рэшце рэшт, збочыўшую з правільнай дарогі культуру абавязкова зьнішчыць катастрофа, расчысьціўшы шлях для чагосьці новага – альбо ў выніку гвалтоўнай рэвалюцыі, альбо ў выніку падпарадкаваньня іншымі дзяржавамі. Гэты прагноз не суцяшальны, аднак ён грунтуецца на гісторыі і навуцы.

29 сьнежня 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
Financial Crises and Narcissism

No comments: