Pages

2014-03-03

Падрыхтоўка да Трэцяй сусьветнай вайны

“Зайздроснае і нецярпімае вока Крамля, у рэшце рэшт, можа адрозьніваць толькі васалаў і ворагаў, таму калі суседзі Расеі не жадаюць быць першымі, яны вымушаны стаць другімі.”
– Джордж Фрост Кенан
Я пачаў гэтую сэрыю камэнтараў 20-га студзеня з артыкула “Прадказваньне Трэцяй сусьветнай вайны”. Я распавёў, як група вядомых расейскіх астролягаў, шаманаў і парапсыхолягаў прадказалі, што ў сакавіку 2014 года пачнецца Трэцяя сусьветная вайна. І вось цяпер мы апынуліся ў пачатку сур'ёзнага крызысу, які можа лёгка перарасьці ў сусьветную вайну. Чытач гэтага блога нядаўна адзначыў: “Альбо гэты выпадак быў арганізаваны Масквой, альбо Масква мае наперадзе значна большыя пляны”.

2012-08-27

Сыстэма рынкавай эканомікі ва Ўсходняй Эўропе і перамены 1989 года

Пасьля 1989 года, калі камуністычны сьвет пачаў разбурацца, старая нэасталінская эканамічная сыстэма Ўсходняй Эўропы была рэфармаваная. Якасьць эканамічных рэформаў вар'іравалася ад краіны да краіны, бо вяршэнства закона ў рэгіёне ўсталявалася нераўнамерна. І хоць гэта праўда, што многія краіны Ўсходняй Эўропы адышлі ад усёпранікальнага дзяржаўнага кантролю, большасьць ўсходнеэўрапейскіх рынкавых эканомік засталіся ў руках былых апаратчыкаў, крымінальнай мафіі і “былых” супрацоўнікаў тайнай паліцыі. Такім чынам, эканамічная свабода не распаўсюдзілася на ўвесь рэгіён.

2012-04-23

Электрамагнітны імпульс і Ахоўны акт

Найлепшай інвэстыцыяй зьяўляецца інвэстыцыя, якая захавае вам жыцьцё. Законапраект пад нумарам 668, унесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў, называецца Ахоўны акт. Без прыняцьця Ахоўнага акту мільёны амэрыканцаў застануцца ў небясьпецы ў выпадку атакі электрамагнітным імпульсам. Што такое атака электрамагнітным імпульсам? Ядзерная боегалоўка, падарваная на вялікай вышыні, стварае гама-выпраменьваньне, якое зьнішчае электрычную інфраструктуру на зямлі. У ліпені 1962 года Злучаныя Штаты выпрабавалі бомбу магутнасьцю 1,44 мэгатоны на вышыні 400 кілямэтраў у цэнтры Ціхага акіяна. На адлегласьці больш за 800 кілямэтраў – на Гаваях – пагасьлі 300 вулічных ліхтароў, спрацавалі сыстэмы сыгналізацыі, а высокачастотная апаратура тэлефоннай кампаніі была пашкоджаная. Калі б выпрабаваньне адбылося бліжэй да Гаваяў, наступствы маглі быць разбуральнымі.

2012-04-09

Сур'ёзная пагроза заходнім нацыям

21 верасьня 1999 прэзыдэнт кампаніі “Cachet International” Рычард Л. Палмер сьведчыў перад “Камітэтам па банкаўскіх і фінансавых паслугах Палаты прадстаўнікоў пра пранікненьне ў заходнюю фінансавую сыстэму элемэнтаў расейскай арганізаванай злачыннасьці...” Поўны тэкст яго выступу можна прачытаць на вэб-сайце Камітэта па фінансавых паслугах (дэмакратаў). Сьведчаньні Палмера, як і многіх іншых экспэртаў, ніколі не разглядаліся ў адпаведным кантэксьце.

2012-03-19

Іранскі плян ядзернага нападу

У мінулы чацьвер я выкарыстаў магчымасьць пагаварыць з доктарам Хью Кортам, аўтарам кнігі “Амэрыканская Хірасіма: Іранскі плян нападу на Злучаныя Штаты”. Таксама чытачы могуць паслухаць маё інтэрвію ў агента ЦРУ Рэзы Кахлілі, які пагаджаецца з доктарам Кортам наконт таго, што ядзерны Іран ня можа быць стрыманы пагрозай гарантаванага ўзаемнага зьнішчэньня. Па словах доктара Корта: “Стрымліваньне ня будзе дзейнічаць супраць фанатычных ісламскіх радыкалаў, якія кіруюць у Іране. Гэтыя кіраўнікі падобныя на тэрарыстаў-сьмяротнікаў, якіх не хвалюе тое, што яны памруць, калі іх ахвяры будуць узарваныя”.

2012-02-21

Былы ісламскі інсайдэр папярэджвае

На мінулым тыдні я працытаваў урыўкі з кнігі Рэзы Кахлілі “Час здрадзіць”. На гэтым тыдні ў мяне была магчымасьць пагаварыць са спадаром Кахлілі па тэлефоне і распытаць яго аб іранскім крызысу. Як былы агент ЦРУ, які працаваў у Іранскай Рэвалюцыйнай гвардыі, ён разумее моцныя і слабыя бакі Ісламскай Рэспублікі. Ён ведае спосаб думаньня ісламістаў і памылкі, якія перашкаджаюць палітыцы ЗША.

2012-02-13

Чаго хоча аятала?

Мой папярэдні аналіз іранскага крызысу быў засяроджаны на пытаньні: ці нанясе Ізраіль або Злучаныя Штаты прэвэнтыўны ўдар па ядзерных аб'ектах Ірана? Гэтае пытаньне не вымушае нас дасьледаваць, які напрамак дзеяньняў зьяўляецца правільным альбо няправільным, стратэгічна абгрунтаваным або неабгрунтаваным. Пытаньне палягае ў тым, адбудзецца пэўнае ваеннае мерапрыемства ці не. У сёньняшнім артыкуле мы пакінем гэтае пытаньне і засяродзімся на іранскім баку. Чаго жадае іранскае кіраўніцтва? Чаго яно спрабуе дамагчыся? Якія непрадбачаныя вынікі найбольш верагодныя?

2012-01-09

Бітва за Расею

2012 абяцае быць цікавым. У Злучаных Штатах пройдуць прэзыдэнцкія выбары. У Армузскім праліве можа здарыцца ваенны канфлікт. Але самыя важныя зьмены могуць адбыцца ў Расеі, дзе расейскі народ рыхтуецца кінуць выклік ураду прэм'ер-міністра Ўладзіміра Пуціна. Падчас вулічных акцый пратэсту ў Маскве і іншых гарадах у мінулым месяцы краіну ахапіў новы настрой. Гэты настрой бярэ свой пачатак у разьвіцьці ў Расеі сапраўднай сярэдняй клясы. Па заходніх стандартах гэтая сярэдняя кляса не зьяўляецца багатай, але тым ня менш яна мае прыкмету самастойнасьці і добрапрыстойнасьці. Гэтая добрапрыстойнасьць атрымае перавагу, альбо будзе спынена. Пуцін будзе адхілены ад улады, або сярэдняя кляса ў Расеі будзе разгромлена.

2011-12-29

Фінансавы крызыс і нарцысізм

Набліжэньне канца 2011 года дае падставы для разважаньняў. Капіталістычны сьвет перажывае шэраг фінансавых крызысаў. Многія краіны безнадзейна завязьлі ў даўгах, у тым ліку Злучаныя Штаты Амэрыкі; валюты страчваюць вартасьць; прыватныя кампаніі разараюцца альбо знаходзяцца на мяжы банкруцтва; эўрапейская фінансавая сыстэма разбураецца на нашых вачах, і шматлікія экспэрты лічаць, што горшае яшчэ наперадзе. Палітыкі ў Эўропе і Амэрыцы не былі гатовыя да крызысу. Цяперашняя палітыка нагадвае сэрыю запозьненых дзеяньняў. Азіраючыся на першае дзесяцігодзьдзе ХХI стагодзьдзя мы можам спытаць сябе, ці не зьвязаныя гэтыя эканамічныя праблемы з маральнымі і культурнымі недахопамі?

2011-12-19

Таталітарны эпігон

Кіраўнік Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ір памёр ад сардэчнага прыступу. Эканамічная палітыка яго рэжыму ў 1990-я гады стала прычынай ад 900 тысяч да 3,5 мільёнаў сьмярцей з-за выкліканых голадам хваробаў. Замест таго, каб дазволіць народу Паўночнай Карэі прымаць уласныя эканамічныя рашэньні, рэжым Кім Чэн Іра выкарыстаў рэсурсы краіны для распрацоўкі і стварэньня некалькіх ядзерных бомбаў, захоўваючы пры гэтым рэгулярную армію памерам больш за 1,1 мільёнаў чалавек і больш за 7 мільёнаў рэзэрвістаў.

2011-12-05

Папярэджаньне кітайскага прафэсара

Кітайскі генэрал-маёр Чжан Жаажонг, заявіў (як паведамляецца), што Кітай павінен быць гатовы весьці Трэцюю сусьветную вайну ў выпадку, калі Іран падвергнецца нападу з боку Злучаных Штатаў. Паводле лёгікі Чжана, бясьпека Кітая зьвязаная зь бясьпекай Ірана. Чжан таксама выказаў меркаваньне, што Кітаю, магчыма, прыйдзецца весьці такую вайны па ўнутрыпалітычных прычынах; а менавіта таму, што кітайская эканоміка астывае, і тое ж будзе адбывацца з падтрымкай насельніцтвам кіруючай Камуністычнай партыі. У дрэнныя эканамічныя часы сусьветная вайна скіруе народную незадаволенасьць на зьнешняга ворага.

2011-11-21

Сьвет на парозе зьменаў

Фінансавае становішча Эўропы пагаршаецца, што прыцягвае ўвагу эканамічных і палітычных дзеячаў ва ўсім сьвеце. Набліжаюцца зьмены. Новы сусьветны парадак, абвешчаны Джорджам Бушам [Старэйшым], больш ня дзейнічае. Эканамічны аптымізм выпарыўся. Крызыс пашыраецца. Ваенная моц ЗША пачала скарачацца, а Кітай працягвае павялічваць сваё войска і флёт. На Блізкім Усходзе Іран працягвае разьвіваць сваю праграму па стварэньні ядзернай зброі. Сусьветны эканамічны крызыс выклікаў рэвалюцыі (з-за недахопу прадуктаў харчаваньня) – падзеньне Мубарака ў Эгіпце і Кадафі ў Лівіі. Сёньня ўрад Расеі сутыкнуўся з крызысам даверу, які прымусіць Маскву прыняць рашэньне: альбо сапраўдныя рэформы, або вяртаньне да адкрытага сталінізму.

2011-10-17

Ісьціна і фінансавы крах

Сёньняшнія вулічныя пратэсты супраць Уол-Стрыт паказваюць, што многія грамадзяне абвінавачваюць Уол-стрыт у эканамічных цяжкасьцях у краіне. Нават прэзыдэнт ЗША выказаў спачуваньне пратэстуючым. У апошнія дні пратэстоўцы змагаліся з паліцыяй на Манхэтане з крыкамі “Не! Мы ня пойдзем!” Гэтыя дзеці Амэрыкі верагодна лічаць, што традыцыйная крыніца амэрыканскага росквіту зьяўляецца прыстанішчам зла. Гэты пункт гледжаньня быў абагулены ў 2010 годзе у дакумэнтальным фільме пад назвай “Унутраная праца”. Фільм абмалёўвае “сыстэматычную карумпаванасьць Злучаных Штатаў сфэрай фінансавых паслуг...” Большасьць крытыкаў далі фільму высокую ацэнку. Але эканамічны рэдактар выданьня “BarronsДжын Эпштэйн у сваім аглядзе ў кастрычніку 2010 года папярэдзіў чытачоў, што абурэньне дакумэнтальнага фільму было “ня верна адрасаваным”. Тыя, хто глядзелі фільм, піша Эпштэйн, “па-ранейшаму застануцца з цьмяным уяўленьнем карэнных прычын таго, што адбылося, і такім жа цьмяным разуменьнем таго, што павінна быць зроблена, каб прадухіліць яго паўтарэньне”. Людзі, якія зрабілі фільм, не былі фінансавымі экспэртамі.

2011-10-03

Расеяй кіруе таемнае палітбюро?

Ня так даўно стала вядома, што прэм'ер-міністар Уладзімір Пуцін у наступным годзе зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі. У мінулым сакавіку падчас наведваньня Расеі віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн параіў Пуціну не балятавацца. У рэшце рэшт, гэта пачынае выглядаць так, як быццам Пуцін зьяўляецца дыктатарам. Па-першае, Пуцін быў прэзыдэнтам Расеі на працягу двух тэрмінаў. Па-другое, Пуцін стаў прэм'ер-міністрам у той час, як відавочны дублёр (прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў) адкрыта прызнаў, што яго ўлада меншая, чым у Пуціна. Нядаўна Пуцін заявіў аб сваім намеры займаць пасаду прэзыдэнта яшчэ адзін тэрмін. Мы мусім запытацца, ці зьяўляецца Пуцін дыктатарам? Ці вырашае ён усё самастойна? Адказ на гэтае пытаньне нядаўна быў дадзены адным адстаўным усходнеэўрапейскім палітыкам.

2011-09-19

Уздым Турцыі

Адносіны паміж Эўропай і Турцыяй маюць доўгую гісторыю, і гэта далёка не шчасьлівая гісторыя. Пакуль Эўропа вонкава асуджае расізм і “мову нянавісьці”, унутры Эўропы бурляць этнічныя забабоны. На самай справе некаторыя эўрапейцы ненавідзяць туркаў. Чатыры гады таму на старонцы answers.yahoo.com брытанская жанчына пацікавілася, як грэкі ставяцца да Турцыі. “Лепшы” адказ (абраны ў ходзе галасаваньня) даў грэк, які раззлавана сварыўся на жанчыну, якая асьмелілася клясыфікаваць грэцкую нянавісьць да турак як расізм. “Пазбаўце мяне ад антырасізму, – напісаў ён. – Асабіста я не хаваю сваё варожае стаўленьне да турак … Расізм ня мае нічога агульнага зь ім … Туркі ніколі не жылі ў міры з кім-небудзь занадта доўга”. Адна Грачанка пракамэнтавала абмеркаваньне наступным чынам: “Зьяўляючыся грэкамі, уся мая сям'я заўсёды мела непрыязнае стаўленьне да турак”. Хоць гэтае ж абмеркаваньне зьмяшчае заўвагі аб выдатных якасьцях турэцкага народа, аднак спадчына турэцкага панаваньня дае падставы многім грэкам, армянам і курдам ненавідзець туркаў. У той жа час некаторыя назіральнікі сказалі б, што стаўленьне эўрапейскіх дзяржаў да Турцыі не было цалкам справядлівым. У рэшце рэшт, Турцыя зьяўляецца часткай Эўропы ці не? Эўрапеец вагаецца. Ён кажа, што цэніць Турцыю, але дзейнічае інакш. Больш глыбокае значэньне ваганьняў Эўропы нельга схаваць ад турэцкага народа.

2011-09-12

9/11 і Арабская вясна

Пасьля дзесятай гадавіны тэрактаў 11 верасьня 2001 мы бачым як Блізкі Ўсход ахоплівае дэмакратычны дух. Гэта нечаканы вынік. Прэзыдэнт Джордж Буш казаў аб нараджэньні дэмакратыі ў арабскім сьвеце, але многія разглядалі ягоныя заявы як пустую рыторыку. Калі ж у арабаў зьявіліся дэмакратычныя схільнасьці? У 2003 годзе Злучаныя Штаты скінулі Садама Хусейна і нязграбна паспрабавалі даць ірацкаму народу дэмакратычную дзяржаву. У 2011 годзе грамадзяне трох арабскіх краін ці зрынулі сваіх дыктатараў, ці працэс зьвяржэньня ідзе поўным ходам. Гэта мае асаблівыя наступствы для Расеі і Кітая, бо два з дыктатараў былі кліентамі восі Масква–Пэкін.

2011-08-01

Разбуральная роля Расеі

У нядзелю я размаўляў з польскім журналістам Тамашам Пампоўскім, які хацеў расказаць мне пра апошнія падзеі ў Эўропе. Карціна, якую ён намаляваў, была не зусім прыемная. Расея, паводле яго слоў, садзейнічае эканамічнай і палітычнай нестабільнасьці. Роля Расеі не заўсёды зразумелая, патлумачыў ён, але “кожны раз, калі вы глядзіце трохі глыбей, вы бачыце расейцаў. Вы бачыце людзей з былога КГБ”. Па ўсёй бачнасьці, гульня ахоплівае бізнэс, у тым ліку мэдыйны, але асабліва – энэргетычны бізнэс. Расейцы робяць вялікія грошы, экспартуючы газ і нафту. Таксама падобна на тое, што яны маюць адмысловую стратэгію для барацьбы з канкурэнтамі.

2011-07-11

Што будзе рабіць Кітай?

Зараз, калі надышоў крытычны час для глябальнай эканомікі, многія глядзяць на Кітай. Зразумець унутраную сутнасьць Кітая ня лёгка, тым больш, што гэтай краінай кіруе таямнічая камуністычная партыя, якая больш адкрыта не настойвае на камуністычных ідэях. Аднак, камуністычная партыя застаецца ва ўладзе – гэты момант часта выпускаюць з-пад увагі бізнэсоўцы, якія езьдзяць у Кітай. Як адзначае Рычард Макгрэгар у сваёй кнізе пра “Таемны сьвет камуністычных кіраўнікоў Кітая”, існуюць прыхаваныя партыйныя структуры, якія ў рэшце рэшт і вызначаюць эканамічнае жыцьцё Кітая, кітайскую зьнешнюю палітыку, нарошчваньне ваеннай моцы Кітая і, як сьледзтва, яго сусьветны ўплыў. Кітай – значны эканамічны ігрок, які адыгрывае жыцьцёва важную ролю. Пытаньне ў тым, якую ролю ён адыграе ў цяперашнім крызысе капіталізму?

2011-06-27

Больш чым валюта

Уявіце, што вы прэм'ер-міністар дэмакратычнай дзяржавы ў Эўропе або Ціхаакіянскім рэгіёне. Што вы думаеце пра амэрыканскі даляр і яго пэрспэктывы? Незалежна ад партыйнай прыналежнасьці ці асабістых сымпатый, вы падтрымліваеце даляр. Фактычна, вы ня можаце паступіць інакш. Бясьпека вашай краіны зьвязаная з далярам, таму што вашай краіне не хапае ваеннай моцы для забесьпячэньня свайго нацыянальнага выжываньня ў буйным канфлікце (накшталт таго, які пачаўся ў 1939 годзе, і ў якім мноства краін былі ня ў стане абараніць сябе). Як малая або сярэдняя краіна, вы або не валодаеце ядзернай зброяй, або яе колькасьць занадта малая, каб выратаваць вас у сапраўдным канфлікце зь вялікай ядзернай дзяржавай (такой, як Расея). Такім чынам, даляр – гэта больш чым валюта. Унівэрсальная каштоўнасьць даляра падобная да ўзгодненага падатку, які дэмакратычны сьвет плаціць за дадатковую бясьпеку, забясьпечаную амэрыканцамі.

2011-06-13

Фінансавыя і дэмаграфічныя рэаліі НАТО

У пятніцу міністар абароны ЗША Роберт Гейтс выступіў з прамовай аб будучыні Арганізацыі паўночнаатлянтычнай дамовы (НАТО). Па словах Гейтса, НАТО выявіла “сур'ёзныя лякуны ў магчымасьцях" і пакутуе ад “інстытуцыйных недахопаў”. Ён сказаў, што калі альянс зьбіраецца заставацца жыцьцяздольным, то павінен быць упарадкаваны. Потым ён гаварыў пра “ўзрастаючую цяжкасьць для ЗША аказваць бягучую падтрымку НАТО, калі амэрыканскія падаткаплатнікі працягваюць несьці большую частку цяжару ў Альянсе”. Гейтс зьмякчыў вострыя краі гэтага апошняга пункту, патлумачыўшы, што ён “падзяляе такія думкі ў духу салідарнасьці і сяброўства, з разуменьнем таго, што сапраўдныя сябры часам павінны размаўляць адзін з адным прама ... ”.

2011-04-15

Скажыце даляру “бывай”

Саміт БРІК, які праводзіўся 14 красавіка ў горадзе Санья (Кітайская Народная Рэспубліка), сабраў разам лідэраў Бразыліі, Расеі, Індыі, Кітая і Паўднёвай Афрыкі. Ключ да разуменьня саміту можа быць знойдзены ў сумеснай заяве, якая спасылаецца на “неадпаведнасьці і недахопы існуючай міжнароднай валютнай і фінансавай сыстэмы...”. Без сумневу, што гэта заява аб ліквідацыі даляра ЗША ў якасьці сусьветнай рэзэрвовай валюты. Таму краіны БРІК патрабуюць “рэформы і паляпшэньня міжнароднай валютнай сыстэмы, з сыстэмай міжнароднай рэзэрвовай валюты на шырокай аснове, якая забясьпечаць стабільнасьць і ўпэўненасьць”.

2010-09-17

Той, хто ведае, зразумее

На думку некаторых экспэртаў, амэрыканская эканоміка знаходзіцца на адлегласьці адной “падзеі” ад катастрафічнай пасьлядоўнасьці. Мой уласны варыянт гэтай пасьлядоўнасьці выглядае прыкладна так: па-першае, абваліцца даляр, па-другое, рэакцыя ўраду перашкодзіць любой магчымасьці аднаўленьня, па-трэцяе, пачнуцца палітычныя хваляваньні і дэстабілізацыя, нарэшце, абарончая функцыя дзяржавы дасьць збой, бо зьнешнія і ўнутраныя ворагі скарыстацца слабасьцю краіны. Гэтая пасьлядоўнасьць, верагодна, была б абсурдам, калі б гэта была толькі мая пасьлядоўнасьць. На жаль, гэтую пасьлядоўнасьць яшчэ ў 1960-х прыдумалі савецкія стратэгі. Паўстагодзьдзя таму яна была суцэльнай асновай для савецкага стратэгічнага пляну. Працы па меншай меры двух перабежчыкаў з краін Савецкага блёка падказваюць, што гэты ж плян абумовіў кантраляваны “каляпс” камунізму ва Ўсходняй Эўропе ў 1989–1991. Ён адрозьніваўся ад некантралюемага каляпсу капіталізму, якога савецкія стратэгі чакалі таксама.

2010-08-27

Палец у кожным пірагу

3 сьнежня 2007 года ў расейскіх СМІ зьявіўся кур'ёзны эпізод. Ён датычыўся Ігара Іванавіча Сечына, расейскага палітычнага дзеяча, блізкага да тагачаснага прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Газэта “Камэрсант” перадала цытату са словаў старшыні Фінансава-прамысловай Групы Алега Шварцмана: “Для нас Партыя прадстаўлена магутным блёкам на чале зь Ігарам Іванавічам [Сечыным]”. Гэтая фраза была вымаўлена ў адказ на пытаньне журналіста аб стратэгічнай задачы Шварцмана – аксамітнай рэ-прыватызацыі. “Хто паставіў перад вамі задачу?” – спытаў журналіст. З постсавецкага рота Шварцмана з усьмешкай неспадзявана выскачыў незвычайны адказ: “Партыя!”

2010-08-13

Значэньне рэвалюцыі

Спроба разбурыць любую палітычную сыстэму непазьбежна супадае са спробай разбурыць эканоміку гэтай сыстэмы. Эканамічны сабатаж – гэта ня выдуманая дзейнасьць неіснуючых груп. Гэта дзейнасьць сапраўдных ворагаў, як зьнешніх, так і ўнутраных. Паглядзіце на гульцоў падчас іх працы. Падумайце, якія дзяржавы маніпулююць коштамі на нафту, збожжа, стратэгічныя мэталы? Запытайце ў сябе: якая ў іх мэта? Навошта яны гэта робяць? Яны жадаюць павысіць узровень жыцьця ў сваіх краінах, або спрабуюць зьнізіць узровень жыцьця ў Злучаных Штатах? У нядаўняй прамове 13 жніўня Дэвід Горавіц сказаў: “Мы вядзем вайну як з унутранымі, так і са зьнешнімі ворагамі, якія імкнуцца нас зьнішчыць”. Горавіц атрымаў прэмію за жыцьцёвыя дасягненьні ад Фундацыі амэрыканскай моладзі. Калі хто і разумее ўнутранага ворага Амэрыкі, то гэта менавіта Горавіц. Яго выхавалі камуністы, але ён парваў з левымі, як толькі пабачыў іх сапраўдны твар.

2010-07-23

Расейскае махлярства

Зараз адміністрацыя Абамы кажа, што расейскае махлярства па новай дамове аб стратэгічных наступальных узбраеньнях ня мае значэньня. Амэрыка па-ранейшаму будзе мець значную колькасьць ядзернай зброі і расейцы ніколі не пачнуць атаку. Дазвольце расейцам падманваць, калі гэта ім так падабаецца. Ад махлярства няма ніякай карысьці. Што расейцы зробяць з такой перавагай? Яны нападуць? Адміністрацыя кажа, што гэта ніколі ня здарыцца, бо ў ядзернай вайне нельга перамагчы. Такую вайну ніхто ня будзе весьці. Калі амэрыканскі бок здольны ўдарыць тузінам ракет у адказ па расейцах, гэта стане канцом сьвету. Будучыні ня будзе ні ў каго. Так што няхай расейцы падманваюць.

2010-05-28

Наш расейскі аракул

Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ір гатовы да бою. Два дні назад паўночнакарэйскія ваенныя заявілі: “Мы не жадаем вайны, але калі Паўднёвая Карэя … паспрабуе напасьці на нас, Кім Чэн Ір загадаў нам завяршыць задачу па аб’яднаньні, якая засталася нявыкананай пад час [Карэйскай] вайны”. Але чаму там можа здарыцца вайна? У мінулым сакавіку Паўночная Карэя патапіла паўднёвакарэйскі карвэт. Гэтаму ёсьць некалькі верагодных тлумачэньняў. Магчыма, Паўночная Карэя выпрабоўвала прэзыдэнта Абаму. А магчыма, гэта была заплянаваная дывэрсія, бо Паўночная Карэя зьяўляецца хаўрусьнікам Ісламскай Рэспублікі Іран, а ўсім вядома, што Іран знаходзіцца ў прыцэле амэрыканскіх войскаў. Як магчыма ў дадзенай сытуацыі стрымаць “амэрыканскіх імпэрыялістаў”? Прымусіць Вашынгтон паверыць у тое, што вайна на Карэйскай паўвысьпе непазьбежная. Накіраваць амэрыканскія авіяносцы з Пэрсыдзкай затокі ў Японскае мора.

2009-12-03

Сэмантычная ліквідацыя апазыцыі

Адказ Міхалу Банкоўскаму.

У адказ на крытыку Міхала Банкоўскага я прапаную наступнае прабачэньне. Так, я вінаваты ў тым, што называў Савецкі Саюз Расеяй, а Расею – Саветамі. Аж да 1991 года агульнапрынятае ўжываньне дазваляла так рабіць. Цяпер, вядома, гэта не зусім карэктна, і, калі б я быў вымушаны выкарыстоўваць толькі бездакорную і навуковую мову, я б не выкарыстаў ніякай мовы ўвогуле, бо дакладнай і навуковай мовы для гэтай тэму не існуе. Палітычныя тэмы заўсёды зьвязаныя з выкарыстаньнем агульных паняцьцяў і скарочаных выразаў, такіх як “дэмакратыя” ці “свабода”. Лічыцца, што мы ведаем, што маецца на ўвазе пад гэтымі словамі. Але агульнапрынятыя меркаваньні часта памылковыя. Давайце запытаемся. А што такое дэмакратыя? Што такое свабода? Дакладнага адказу няма, людзі наконт гэтага спрачаюцца. Можна таксама задацца пытаньнем: што такое таталітарызм? І што такое ў гэтым выпадку Расея, і як мы звычайна вызначаем краіну, уладу, урад? Ці павінны мы называць урад Расеі “Крамлём”? Але Крэмль – гэта толькі крэпасьць. Хіба мы можам разам з Уладзімірам Букоўскім сказаць, што Расея кіруецца уладай КГБ? Але як наконт расейскай арміі, Генэральнага штабу, ГРУ, МУС, чырвонай мафіі і тых усюдыісных таемных структур, якія на сёньняшні дзень утвараюць “падпольле” Камуністычнай партыі Савецкага Саюза? Тут мы знаходзім цэлы аркестар, але Букоўскі фіксуе сваю ўвагу толькі на першай скрыпцы. Перабежчык з КГБ Анатоль Галіцын распавёў нам 25 гадоў таму, якую музыку гэты аркестар зьбіраўся граць. Ён сказаў нам, хто павінен быць дырыжорам. Ён сказаў нам, што праграма дырыжора будзе камуністычнай.

2008-10-10

Пачвара на дне прорвы

6 кастрычніка ў артыкуле пад назвай “Нямецкае пытаньне” Джордж Фрыдман са STRATFOR выліў збан халоднай лёгікі на плян Амэрыкі наконт будучыні НАТО. Падобна на тое, што Германія мае намер заблякаваць уступленьне ў НАТО Ўкраіны і Грузіі. Доўгатэрміновыя наступствы гэтага рашэньня ашаламляюць. “Паколькі НАТО дзейнічае на аснове кансэнсусу, – піша Фрыдман, – любая краіна альянсу можа эфэктыўна заблякаваць любога кандыдата на сяброўства ў НАТО”. Уварваньне Расеі ў Грузію прымусіла Нямеччыну заняць такую пазыцыю. Канфлікт у Грузіі вымусіў немцаў упарадкаваць іх геапалітычнае мысьленьне. Тое, што мы бачым цяпер, цалкам відавочна – Германія адварочваецца ад НАТО. Яны могуць называць гэта так, як ім падабаецца. Яны думаюць як немцы. Расейскі ўдар па Грузіі быў майстэрскім ходам, бо ён пасьпяхова зьмяніў напрамак палітычнай адчувальнасьці Германіі з НАТО-цэнтрычнага погляду на нямецкацэнтрычны. У Эўропе існуе пытаньне, якое стаіць перад усімі астатнімі, і на якое немцы павінны даць адказ. Або Эўропе будзе супрацьстаяць Расеі ў новай Халоднай вайне, або Эўропа стане партнэрам Расеі. Згодна лёгіцы Фрыдмана, Германія ўжо прыняла рашэньне аб партнэрстве з Расеяй.

2008-09-12

Пагроза не ўсьвядомлена належным чынам

З канца Другой сусьветнай вайны “супэрдзяржавамі” называлі дзьве краіны: Злучаныя Штаты і Савецкую Расею. З тых часоў, як Савецкі Саюз разваліўся, аб Амэрыцы кажуць, як аб “адзінай супэрдзяржаве”. Моц Масквы абвалілася. Такім было ўспрыманьне Захаду ў канцы 1991 года. Праз семнаццаць гадоў, калі Халодная вайна зноў паднімае сваю выродлівую галаву, многія захоплены зьнянацку. Пераможаны Крэмль сабраў новы антыамэрыканскі блёк, улучна з Кітаем і Вэнэсуэлай. Гэта ажыцьцяўлялася даволі доўга, аднак ігнаравалася ў Вашынгтоне ў адпаведнасьці з культурай стратэгічнага адмаўленьня.

2007-08-24

Бясспрэчная падрыхтоўка Расеі да вайны

Пачынаючы з 1998 года я адкрыта папярэджваў пра падрыхтоўку Расеі да вайны. Ідэя падрыхтоўкі да ядзернай вайны для большасьці амэрыканцаў зьяўляецца абсурднай, бо ў спажывецкім грамадзтве ідэя ядзернай вайны ня мае сэнсу. Як бы там ні было, падрыхтоўка Расеі да вайны была такой жа бясспрэчнай, якой яна застаецца і сёньня. Расея – гэта не спажывецкае грамадзтва. У канцы 1990-х гадоў Расея праводзіла рэканструкцыю велізарных бункераў, разьлічаных на ядзерную вайну, і будавала падземныя гарады. Такія бункеры і гарады могуць спатрэбіцца толькі ў выпадку будучай ядзернай вайны. Для краіны, якая па агульным меркаваньні была занадта беднай, каб марнаваць свае каштоўныя рэсурсы на штосьці настолькі дарагое, настолькі далёкае ад “нармальных” чаканьняў, гэта здавалася невытлумачальным. “Ну што ж, – паціснуць плячыма людзі. – Расейцы прывыклі рабіць падобныя рэчы. Гэта дае ім псыхалягічны камфорт. Няхай робяць тое, што хочуць. Гэта не павінна нас хваляваць”. Грамадзкасьць, аднак, не заўважыла той факт, што Расея працягвала парушаць пагадненьні па кантролі над узбраеньнямі. Яна не прызналася ў існаваньні ўсіх боегаловак, якімі валодала, і няма надзейных дадзеных, што іх ліквідавалі. Яна распрацоўвала новую сьмяротную біялягічную і хімічную зброю.