Pages

2007-08-24

Бясспрэчная падрыхтоўка Расеі да вайны

Пачынаючы з 1998 года я адкрыта папярэджваў пра падрыхтоўку Расеі да вайны. Ідэя падрыхтоўкі да ядзернай вайны для большасьці амэрыканцаў зьяўляецца абсурднай, бо ў спажывецкім грамадзтве ідэя ядзернай вайны ня мае сэнсу. Як бы там ні было, падрыхтоўка Расеі да вайны была такой жа бясспрэчнай, якой яна застаецца і сёньня. Расея – гэта не спажывецкае грамадзтва. У канцы 1990-х гадоў Расея праводзіла рэканструкцыю велізарных бункераў, разьлічаных на ядзерную вайну, і будавала падземныя гарады. Такія бункеры і гарады могуць спатрэбіцца толькі ў выпадку будучай ядзернай вайны. Для краіны, якая па агульным меркаваньні была занадта беднай, каб марнаваць свае каштоўныя рэсурсы на штосьці настолькі дарагое, настолькі далёкае ад “нармальных” чаканьняў, гэта здавалася невытлумачальным. “Ну што ж, – паціснуць плячыма людзі. – Расейцы прывыклі рабіць падобныя рэчы. Гэта дае ім псыхалягічны камфорт. Няхай робяць тое, што хочуць. Гэта не павінна нас хваляваць”. Грамадзкасьць, аднак, не заўважыла той факт, што Расея працягвала парушаць пагадненьні па кантролі над узбраеньнямі. Яна не прызналася ў існаваньні ўсіх боегаловак, якімі валодала, і няма надзейных дадзеных, што іх ліквідавалі. Яна распрацоўвала новую сьмяротную біялягічную і хімічную зброю.