Pages

2007-08-24

Бясспрэчная падрыхтоўка Расеі да вайны

Пачынаючы з 1998 года я адкрыта папярэджваў пра падрыхтоўку Расеі да вайны. Ідэя падрыхтоўкі да ядзернай вайны для большасьці амэрыканцаў зьяўляецца абсурднай, бо ў спажывецкім грамадзтве ідэя ядзернай вайны ня мае сэнсу. Як бы там ні было, падрыхтоўка Расеі да вайны была такой жа бясспрэчнай, якой яна застаецца і сёньня. Расея – гэта не спажывецкае грамадзтва. У канцы 1990-х гадоў Расея праводзіла рэканструкцыю велізарных бункераў, разьлічаных на ядзерную вайну, і будавала падземныя гарады. Такія бункеры і гарады могуць спатрэбіцца толькі ў выпадку будучай ядзернай вайны. Для краіны, якая па агульным меркаваньні была занадта беднай, каб марнаваць свае каштоўныя рэсурсы на штосьці настолькі дарагое, настолькі далёкае ад “нармальных” чаканьняў, гэта здавалася невытлумачальным. “Ну што ж, – паціснуць плячыма людзі. – Расейцы прывыклі рабіць падобныя рэчы. Гэта дае ім псыхалягічны камфорт. Няхай робяць тое, што хочуць. Гэта не павінна нас хваляваць”. Грамадзкасьць, аднак, не заўважыла той факт, што Расея працягвала парушаць пагадненьні па кантролі над узбраеньнямі. Яна не прызналася ў існаваньні ўсіх боегаловак, якімі валодала, і няма надзейных дадзеных, што іх ліквідавалі. Яна распрацоўвала новую сьмяротную біялягічную і хімічную зброю.

Чаму ў час міру праз некалькі гадоў пасьля заканчэньня Халоднай вайны расейцы прытрымліваюцца гэтага вар'яцкага шляху? Яны прадбачыць будучую вайну?

Адказ мусіць быць станоўчым. І адказ працягвае быць станоўчым. У 1990-х гадах Расея заключыла саюз з Кітаем, вынікам якога стала ўзрастаючая колькасьць сумесных ваенных вучэньняў. Навошта расейцы гэта робяць? Чаму яны імкнуцца разьвіваць сумесны ваенны патэнцыял, які спалучыў бы расейскую ракетную магутнасьць з кітайскімі людзкімі рэсурсамі? Ужо больш за дзесяць гадоў расейцы забясьпечваюць кітайцаў тэхналёгіямі і зброяй. Гэта не проста камэрцыйная зьдзелка, як будуць сьцьвярджаць некаторыя. Гэтыя зьдзелкі зьяўляюцца старанна ўзважанымі стратэгічнымі крокамі. У сярэдзіне 1990-х гадоў Расея і Кітай распачалі сумесныя праграмы па ўзбраеньні, якія ў далейшым умацавалі іх ваеннае партнэрства. Меркаваньне аб тым, што Расея і Кітай зьяўляюцца ворагамі, састарэла. Варта зразумець, што з практычнага пункту гледжаньня Расея і Кітай зьяўляюцца слабейшымі дзяржавамі, аб'яднанымі ў барацьбе за першынство са Злучанымі Штатамі. Калі Расея і Кітай разьлічваюць выйсьці ў лідэры, адзінай разумнай стратэгіяй зьяўляецца аб'яднаньне супраць амэрыканцаў. І гэта тое, што абедзьве краіны робяць на працягу апошніх дзесяці гадоў.

Тыдзень таму, 17 жніўня, расейцы і кітайцы правялі сумесныя ваенныя вучэньні на расейскай тэрыторыі ў паўднёвых Уральскіх гарах. Яны супалі са стратэгічнымі паветранымі апэрацыямі з удзелам расейскіх ядзерных бамбавікоў. Спалучэньне наземных вучэньняў з вучэньнямі ядзерных бамбавікоў – характэрная рыса савецкай тэорыі ядзернай вайны, паводле якой пасьля ядзерных удараў павінны выкарыстоўвацца наземныя войскі. Прэзыдэнт Пуцін і старшыня КНР Ху Цзіньтао назіралі за вучэньнямі падчас саміту ў Бішкеку (сталіцы былога савецкага Кыргызстану). Хоць Кітай і Расея настойваюць на тым, што іх падрыхтоўка не накіраваная супраць якой-небудзь канкрэтнай дзяржавы, ім паверыць толькі прастак. (Мне сумна прызнаваць, што ў гэтым дачыненьні многія амэрыканцы зьяўляюцца прастачкамі.)

На мінулым тыдні на фоне відавочнага павышэньня гатоўнасьці да ядзернай вайны прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў аб аднаўленьні дальняга патруляваньня ядзерных бамбавікоў, якое было прыпыненае ў 1992 годзе. “Я прыняў рашэньне аднавіць палёты стратэгічных бамбавікоў Расеі на пастаяннай аснове, – сказаў Пуцін. – Баявое дзяжурства ўжо пачалося”. Па некаторых прычынах амэрыканцы ня могуць зразумець заяву Пуціна ці яго рашэньне аднавіць патруляваньне бамбавікоў. Чаму так адбываецца? Ну, кажам мы сабе, няма больш ніякіх прычын, акрамя своеасаблівай псыхалёгіі расейцаў. Прэзыдэнт Буш не накіраваў амэрыканскія стратэгічныя бамбавікі на патруляваньне. І чаму ён павінен быў гэта зрабіць? Расея не зьяўляецца нашым ворагам. Мы ўсе сябры. Мы ўсе эканамічныя партнэры і саюзьнікі ў вайне супраць тэрору.

У Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Шон Маккормак адказаў на расейскую заяву аб пастаянным патруляваньні стратэгічных бамбавікоў, сказаўшы: “Гэта цікава. Мы, вядома, не знаходзімся ў становішчы, у якім мы былі, калі існаваў Савецкі Саюз. Гэта іншая эпоха. Калі Расея адчувае сябе так, быццам яна хоча дастаць некаторыя з гэтых старых самалётаў з нафталіну і прымусіць іх лётаць зноў, гэта яе рашэньне”.

Гэта [гучыць] так, як быццам бы Расея аднавіла збор марак або стральбу з лука. Няма ніякай стратэгічнай трывогі, ніякага пратэсту або занепакоенасьці. Няхай яны гуляюць са сваімі састарэлымі цацкамі. Мы жывем у новую эпоху, і гэтыя дзеяньні больш не хвалююць нас. Халодная вайна скончылася і варожасьць паміж вялікімі дзяржавамі зьнікла. Скажыце ёй “бывай”. Любыя доказы зваротнага не зьяўляюцца доказамі. Мы жывем у “іншай эпосе”. Кожны, хто гэтага ня ведае, нават калі ён зьяўляецца прэзыдэнтам Расеі, ідзе не ў нагу [з намі]. Можна ўявіць рэакцыю Вашынгтона на расейскі ракетны ўдар па аб'ектах у ЗША. “Гэта цікава, – будзе мурлыкаць Дзяржаўны дэпартамэнт. – Гэта ня той ракетны ўдар, які мы павінны былі чакаць ад Савецкага Саюза. Вядома, гэта зусім іншая эпоха. Калі Расея адчувае, што яна хоча запусьціць некаторыя старыя, бескарысныя ракеты, гэта яе рашэньне”.

Наш недахоп уяўленьня, нашая няздольнасьць зразумець працэс думаньня нашага ворага, прыводзіць да таго, што мы адмаўляем відавочнае. Расейцы рыхтуюцца. Чаму не адказвае амэрыканскі бок? Чаму не рыхтуюцца амэрыканцы? Нас спакусіў шэраг суцяшальных ілюзій. Акрамя таго, мы занятыя барацьбой супраць ісламскага тэрарызму (толькі мы ўсяляк імкнёмся прызнаць яго “ісламскі” аспэкт). Амэрыканскі "рэжым гандлёвых цэнтраў” выклікае здранцьвеньне і самаздаволенасьць. Гэты рэжым грунтуецца на эканамічным аптымізму і забавах. Гэты аптымізм вось-вось будзе разбураны. Расейцы ведаюць, што гэта здарыцца, і яны рыхтуюцца, нават калі мы ня ў стане падрыхтавацца.

24 жніўня 2007

Copyright © 2007 J.R. Nyquist
Russia's Undeniable War Preparations

No comments: