Pages

2008-09-12

Пагроза не ўсьвядомлена належным чынам

З канца Другой сусьветнай вайны “супэрдзяржавамі” называлі дзьве краіны: Злучаныя Штаты і Савецкую Расею. З тых часоў, як Савецкі Саюз разваліўся, аб Амэрыцы кажуць, як аб “адзінай супэрдзяржаве”. Моц Масквы абвалілася. Такім было ўспрыманьне Захаду ў канцы 1991 года. Праз семнаццаць гадоў, калі Халодная вайна зноў паднімае сваю выродлівую галаву, многія захоплены зьнянацку. Пераможаны Крэмль сабраў новы антыамэрыканскі блёк, улучна з Кітаем і Вэнэсуэлай. Гэта ажыцьцяўлялася даволі доўга, аднак ігнаравалася ў Вашынгтоне ў адпаведнасьці з культурай стратэгічнага адмаўленьня.

Выкарыстаўшы ў якасьці апраўданьня прысутнасьць ваенных караблёў ЗША ў Чорным моры, Расея разьмясьціла два далёкія бамбавікі ў Вэнэсуэле. Славалюбівы дыктатар Вэнэсуэлы прэзыдэнт Уга Чавэс заявіў прама: “Калі расейскі ваенны флёт прыйдзе ў Карыбскае мора або ў Атлянтыку, вядома, ён можа заходзіць у докі Вэнэсуэлы. Мы ня маем з гэтым ніякіх праблем і цёпла сустрэнем яго. І калі расейскім далёкім бамбавікам спатрэбіцца сесьці ў Вэнэсуэле, мы таксама ня станем пярэчыць. Мы таксама будзем вітаць іх”.

Галоўная мэта Уга Чавэса і яго хаўрусьнікаў па сацыялістычным блёку ў Эквадоры, Нікарагуа, Балівіі і Бразыліі – паставіць ЗША на калені. Цяпер, калі прамінула шмат часу, Расея адкрыта дэманструе сваё жаданьне адправіць войскі для падтрымкі новай антыамэрыканскай кааліцыі, якая ўзьнікае ў Паўднёвай Амэрыцы. Гэта паказвае, што балянс сілаў быў парушаны ня толькі ў Эўропе, дзе хаўрусьнікі Амэрыкі былі паралізаваныя сваёй залежнасьцю ад расейскага газу і нафты. Ён таксама быў парушаны і ў Лацінскай Амэрыцы, дзе прыхаваныя камуністычныя рэжымы паўсталі праз культурны працэс, які прасоўвае антыамэрыканізм.

У той час як, яны ўмацоўваюцца, расейскія лідэры абвяргаюць любыя варожыя намеры. Яны абвяргаюць тое, што пачалася новая Халодная вайна. Паводле слоў расейскага прэм'ер-міністра Ўладзіміра Пуціна, Расея была вымушана пачаць уварваньне ў Грузію. “У гэтай сытуацыі, – сказаў ён, – ад нас чакалі, што мы толькі вытрам соплі і схілім свае галовы?” Далей Пуцін растлумачыў, што ў яго няма “ніякіх падстаў або жаданьняў замахвацца на сувэрэнітэт былых савецкіх рэспублік”. Канешне, гэтае сьцьвярджэньне было непрыхаванай хлусьнёй. Напрыклад, расейскія агенты ўжо даўно інфільтравалі палітычны працэс ва Ўкраіне і зараз рыхтуюць змову супраць украінскага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. Паводле Юшчанкі, прэм'ер-міністар Украіны супрацоўнічае з Крамлём, каб прыбраць яго з пасады. “У парлямэнце пачаўся палітычны і канстытуцыйны дзяржаўны пераварот,– заявіў Юшчанка. – Блёк Цімашэнкі ўступіў у хаўрус з Партыяй рэгіёнаў і камуністамі. Аснова гэтай фармацыі не зьяўляецца ўкраінскай, я падкрэсьліваю: не зьяўляецца ўкраінскай”.

Крэмль таксама ўмешваецца ў палітыку Малдовы, разьмяшчаючы свае войскі ў гэтай былой савецкай рэспубліцы, падтрымліваючы пацешны адколаты рэгіён (падобны да Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі), які служыць толькі для абкружэньня суседняй Украіны. Нягледзячы на гэтыя відавочныя імпэрыялістычныя рухі, Пуцін заяўляе, што Расея ня мае імпэрскіх амбіцый. “У нас няма ... ніякіх імпэрскіх амбіцый, у якіх нас спрабуюць абвінаваціць. – сказаў ён на сустрэчы афіцыйных асоб і экспэртаў, якая адбылася на чарнаморскім курорце ў Сочы. – Расея стала ініцыятарам разбурэньня Савецкага Саюза. Калі б не Расея, СССР існаваў бы да гэтага часу ... Мы ня маем ніякага жаданьня або падстаў для замаху на сувэрэнітэт былых савецкіх рэспублік”.

Для ўдакладненьня трэба сказаць, што разбурэньне Савецкага Саюза было распрацавана ў КГБ. Яно было ініцыявана Крамлём, таму што нэасталінская мадэль пацярпела паразу, і таму што Крэмль хацеў усыпіць Захад. Савецкія лідэры таксама хацелі атрымаць грашовыя інвэстыцыі і тэхналёгіі, каб аднавіць свае ваенныя магчымасьці. Гэта няцяжка зразумець, хоць Захад палічыў за лепшае павіншаваць сябе зь перамогай. Ніякай перамогі, аднак, не было. Быў толькі пераход ад адкрытай варожасьці да ілжывай дружбы. Народ Украіны можа гэта бачыць. Віктар Юшчанка адкрыта заяўляе аб гэтым. Прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі таксама разумее працэс расейскага ўмяшаньня і маніпуляваньня ў былых савецкіх рэспубліках. Той факт, што Грузія парвала са сваімі структурамі КГБ, раззлаваў Крэмль, вымусіўшы яго актывізаваць сваіх баевікоў у Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і справакаваць канфлікт, які быў выкарыстаны для апраўданьня масіраванага ваеннага ўварваньня ў мінулым месяцы.

Пуцін, тым ня менш, адстойвае сваю пазыцыю. “Мы ня маем ніякіх ідэалягічных адрозьненьняў, ніякіх падстаў для Халоднай вайны. Наадварот, – запярэчыў ён, – у нас шмат агульных праблем, якія можна вырашыць толькі разам”. Напэўна, ён меў на ўвазе міжнародны тэрарызм, які Масква шчодра фінансавала і ператварыла ў глябальную сілу. КГБ ня толькі вынайшаў захоп самалётаў, але і выхаваў цэлае пакаленьне арабскіх тэрарыстаў (у тым ліку Ясіра Арафата).

Да таго ж, працягваецца эканамічная гульня, накіраваная на тое, каб саштурхнуць капіталізм з абрыву. Гэта ня значыць, што Расея выклікала эканамічныя праблемы Захаду. Але майстэрства Расеі ў выкарыстаньні таемных прыладаў дае ёй сродак для таго, каб саштурхнуць Захад тады, калі ён няцьвёрдай хадой ідзе ўздоўж фінансавага абрыву. У артыкуле Associated Press пад назвай “Дасьледаваньне зьвязвае цэны на нафту з маніпуляцыямі інвэстараў” (“Study Links Oil Prices to Investor Manipulation”) узьнікае цікавае супадзеньне дадзеных. Аналіз паказвае, што “панічныя ўцёкі” на нафтавым рынку пачалася 15 ліпеня. Гэтая дата пазначае паваротны пункт у Расейскім стратэгічным кірунку, калі расейскі прэзыдэнт сабраў усіх дыпляматаў сваёй краіны на сустрэчу ў Маскве.

Вось што напісаў мне адзін разумны аналітык пра маніпуляваньне нафтавымі коштамі: “А што, калі павышэньне коштаў на нафту было ажыцьцёўлена як каардынаваная атака? Выкарыстаўшы некалькі бізнэс франтоў, выкарыстаўшы грошы замежных урадаў, выкарыстаўшы хлусьню пра ўзроўні вытворчасьці, для таго каб падвысіць цану да “кошту бін Ладэна” у 144 $ з мэтай нашкодзіць эканоміцы ЗША і паставіць кожнага ў “доўгую пазыцыю” па зьдзелках з нафтай, а потым зьнізіць цану нафты да самага нізкага ўзроўню перад ажыўленьнем рынку”.

Калі вы ствараеце тэндэнцыю, статак ідзе за ёй. Гэта добра вядома. І фінансавы статак не зьяўляецца выключэньнем. Чаму 15 ліпеня адбыліся “масіраваныя панічныя ўцёкі”? Хто іх запусьціў?

Магчыма, Злучаныя Штаты падвяргаюцца фінансаваму нападу. Мы ведаем, што краіна абкружаецца шляхам манэўраў у Лацінскі Амэрыцы. Адначасова ЗША ізалююцца ад эўрапейскіх хаўрусьнікаў, іх спрабуюць фінансава стрыножыць з дапамогай камбінацыі іх жа ўласных памылак і слаба зразумелых маніпуляцый на рынку. Гэта працяг вялікай стратэгіі Расеі ад узвышэньня Гарбачова да ўварваньня ў Грузію. Прыхаваную руку Расеі нельга недаацэньваць. Прэзыдэнцтва Барыса Ельцына не было пэрыядам дэмакратыі і сапраўднай лібэралізацыі. Наадварот, гэта быў пэрыяд падману і хлусьлівых абяцаньняў.

Стратэгічная пагроза не ўсьвядомлена належным чынам нават цяпер.

12 верасьня 2008

Copyright © 2008 J.R. Nyquist
The Danger is Not Fully Appreciated

No comments: