Pages

2008-10-10

Пачвара на дне прорвы

6 кастрычніка ў артыкуле пад назвай “Нямецкае пытаньне” Джордж Фрыдман са STRATFOR выліў збан халоднай лёгікі на плян Амэрыкі наконт будучыні НАТО. Падобна на тое, што Германія мае намер заблякаваць уступленьне ў НАТО Ўкраіны і Грузіі. Доўгатэрміновыя наступствы гэтага рашэньня ашаламляюць. “Паколькі НАТО дзейнічае на аснове кансэнсусу, – піша Фрыдман, – любая краіна альянсу можа эфэктыўна заблякаваць любога кандыдата на сяброўства ў НАТО”. Уварваньне Расеі ў Грузію прымусіла Нямеччыну заняць такую пазыцыю. Канфлікт у Грузіі вымусіў немцаў упарадкаваць іх геапалітычнае мысьленьне. Тое, што мы бачым цяпер, цалкам відавочна – Германія адварочваецца ад НАТО. Яны могуць называць гэта так, як ім падабаецца. Яны думаюць як немцы. Расейскі ўдар па Грузіі быў майстэрскім ходам, бо ён пасьпяхова зьмяніў напрамак палітычнай адчувальнасьці Германіі з НАТО-цэнтрычнага погляду на нямецкацэнтрычны. У Эўропе існуе пытаньне, якое стаіць перад усімі астатнімі, і на якое немцы павінны даць адказ. Або Эўропе будзе супрацьстаяць Расеі ў новай Халоднай вайне, або Эўропа стане партнэрам Расеі. Згодна лёгіцы Фрыдмана, Германія ўжо прыняла рашэньне аб партнэрстве з Расеяй.

Уявіце сабе партнэрства паміж Расеяй і Германіяй. Расейцы забясьпечваюць ваенную моц, прыродныя рэсурсы і танную працоўную сілу. Немцы забясьпечваюць тэхналёгіі, грошы і эўрапейскую гнуткасьць. Фрыдман кажа, што энэргетычная сытуацыя ў Германіі зьяўляецца “адчайнай”, і што германскія лідэры толькі дбаюць аб нацыянальных інтарэсах сваёй краіны. Аднак, важна памятаць, што Германія бачыць бізун і пернік. Нямецкія лідэры ня проста пазьбягаюць болю. Іх спакушае рускае партнэрства, тым больш, калі глябальныя фінансавыя структуры ўзрываюцца. Як паказвае Фрыдман, “палітычнай праблемай” Германіі зьяўляецца яе геаграфічнае становішча ў цэнтры Эўропы. Ці павернецца Германія тварам на ўсход альбо на захад? Ці ўступіць Германія ў хаўрус з Расеяй або з англа-амэрыканцамі і французамі?

Але канешне ж немцы разумеюць, што іх лёс ляжыць на Захадзе! Аднак, такая выснова можа быць істотнай для тых, хто назірае за падзеямі з адлегласьці. Гэта не абавязкова мае значэньне для нямецкага кіраўніцтва, спакушанага тым, што яны ідуць шляхам жыцьцёва важнай "рэфармуючай" ролі ў Эўропе. Эўрапейскі Саюз не функцыянуе належным чынам і эўра можа апынуцца на сьметніку гісторыі. Сыстэма НАТО, дзе так доўга дамінавала Амэрыка, з пункту гледжаньня немцаў становіцца ўсё больш нязручнай. Па сутнасьці, гэта можа быць бяздумнай схемай партнэрства з Крамлём, які аддае перавагу азіяцкім мэтадамі. Але такое партнэрства апэлюе да нямецкай ганарыстасьці, а таксама да нямецкай практычнасьці. Рускія цэняць немцаў. Рускія нашэптваюць у нямецкае вуха прыемныя дурасьці. Прэм'ер-міністар Расеі Уладзімір Пуцін вольна размаўляе нямецкай мовай, нават мае нямецкія рысы, спачувае нямецкаму мысьленьню і тым самым лісьлівіць пачуцьцям немцаў. Гэта складаны выпадак спакушэньня.

Што адчуваюць немцы ў глыбіні душы аб намерах Расеі ў дачыненьні да Грузіі і Ўкраіны? Немцы гатовыя думаць у межах свайго ўласнага нацыянальнага інтарэсу. Яны схільныя ігнараваць НАТО. Магчыма, ім надакучыла быць натаўскім зьняволеным. У рэшце рэшт, Германія пацярпела паразу ў Другой сусьветнай вайне і апынулася ў пастцы халоднай вайны паміж Расеяй і Амэрыкай. Гэта не тая сытуацыя, якая патрабуе паўтарэньня. Канфлікт паміж Расеяй і НАТО не належыць да нацыянальных інтарэсаў Нямеччыны. Сяброўства з Расеяй утрымлівае абяцаньне, нават калі абяцаньне ілжывае.

Францыя і Вялікабрытанія гатовыя кінуць выклік новай агрэсіўнай пазыцыі Расеі. Германія ня хоча гэта наогул. Злучаныя Штаты імкнуцца прывесьці Ўкраіну і Грузію ў НАТО. Германія ня хоча гэта наогул. Гэта сур'ёзная трэшчына ў НАТО. Ці будуць немцы шукаць выйсьце з НАТО? Здаровы сэнс падказвае, што гэта немагчыма. Усе ведаюць, што Расея зьяўляецца небясьпечнай. Партнэрства з Расеяй – як гульня з агнём. Рана ці позна Германія апячэцца. Аднак, у той жа час апошнія падзеі ў Грузіі навучылі немцаў. Раптам Германія сутыкнулася з непрыемным выбарам.

“НАТО, – адзначыў Фрыдман, – як арганізацыя пабудаваная для таго, каб супрацьстаяць расейцам, знаходзіцца ў прасунутай стадыі распаду. Каб адрадзіць яе, немцы мусяць заплаціць адчувальныя эканамічныя кошты”. Цалкам зразумела, што немцы ўжо вырашылі адмовіцца ад місіі НАТО ў пагоні за сваімі кароткатэрміновымі эканамічнымі інтарэсамі. Куды гэта прывядзе ў доўгатэрміновай пэрспэктыве – відавочна. Аднойчы Расея і Германія сутыкнуцца ў бойцы, і Амэрыка ня будзе стаяць побач, каб дапамагчы Германіі. Магчыма, фінансавы краху на Ўол-стрыт падкрэсьліў будучую непатрэбнасьць Амэрыкі для Нямеччыны. У рэшце рэшт, Амэрыка ідзе да краху.

Таму НАТО знаходзіцца ў складаным становішчы. Альянс ня можа існаваць надалей. Расейцы хітра разыгрываюць свае дыпляматычныя, эканамічныя і ваенныя карты. Уцягваньне немцаў у партнэрства адкрывае шлях да зьнішчэньня НАТО дыпляматычным шляхам. “НАТО ня мае рэальнай ваеннай моцы для прасоўваньня на ўсход, – піша Фрыдман, – і нічога ня можа быць створана без буйных нямецкіх намаганьняў, якія не прадбачыцца”. Лёгіка аналізу Фрыдмана ня можа быць аспрэчана. Крэмль глядзіць на крах на Ўол-стрыт і бачыць у гэтым магчымасьць. 2 кастрычніка ў ходзе сумеснай прэс-канфэрэнцыі з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў сказаў: “Адным са складаных пытаньняў, якія мы абмяркоўвалі, быў фінансавы крызыс. Мы яшчэ раз зразумелі, што сучасная сыстэма сусьветнай фінансавай бясьпекі, як і міжнародная сыстэма бясьпекі, не адпавядаюць бягучым патрэбам. Недахопы ў эканамічнай … мадэлі, якой прытрымліваюцца Злучаныя Штатамі Амэрыкі ... зьяўляюцца сур'ёзнымі, і сёньня мы за гэта плацім”. У сваёй прамове напярэдадні расейска-нямецкага грамадзкага форуму прэзыдэнт Расеі пераклаў сёньняшні фінансавы крызыс на геапалітычную мову. “Што паказалі апошнія падзеі? – спытаў ён. – Яны паказалі, што час, калі ў сьвеце дамінавала адна эканоміка і адна валюта, незваротна сышоў. І нам патрабуецца калектыўнае рашэньне, каб урэгуляваць фінансавы крызыс, выкліканы фінансавым эгаізмам ...”. Іншымі словамі, няхай амэрыканцы пакутуюць ад свайго лёсу. Цяпер Эўропа апынулася тварам да твару з Расеяй. Ці жадае Эўропа выступіць супраць Расеі самастойна? Расейцы вымушаюць Германію прыняць рашэньне. “Цалкам магчыма, што сёньня некаторыя людзі хацелі б вярнуцца да прымітыўнага падзелу сьвету на сваіх і чужых, правільных і няправільных, але ў Расеі мы перакананыя, што гэты час незваротна сышоў. Немагчыма аднавіць Бэрлінскі мур, гэтак жа як немагчыма вярнуцца да Халоднай вайны – для гэтага няма ніякіх падстаў”.

Прэзыдэнт Мядзьведзеў падморгвае немцам. Вы ведаеце, што трэба рабіць, кажа ён ім. Вы ня хочаце змагацца з намі. Вы маеце патрэбу ў нас. Злоснасьць кагэбісцкай клікі ў Маскве не зьяўляецца праблемай. Трэба глядзець “па той бок дабра і зла”, на жорсткія рэаліі сытуацыі. Хіба Германія жадае адчуць холад зімы безь перавагаў расейскай нафты або расейскага прыроднага газу? Гэта не разумная пазыцыя, і Нямеччына ведае, у які бок ёй павярнуцца. Час НАТО мінуў і Амэрыка ідзе да краху. Таму Эўропа мае патрэбу ў новай “архітэктуры бясьпекі”. Іншымі словамі, цяпер Эўропа належыць Расеі, а немцы павінны заключыць зьдзелку пакуль расейцы знаходзяцца ў добрым настроі. Калі французскі прэм'ер-міністар кажа, што сьвет стаіць на “краю бездані”, то пачвара на дне бездані – гэта Расея.

10 кастрычніка 2008

Copyright © 2008 J.R. Nyquist
The Monster at the Bottom of the Abyss

No comments: