Pages

2012-01-09

Бітва за Расею

2012 абяцае быць цікавым. У Злучаных Штатах пройдуць прэзыдэнцкія выбары. У Армузскім праліве можа здарыцца ваенны канфлікт. Але самыя важныя зьмены могуць адбыцца ў Расеі, дзе расейскі народ рыхтуецца кінуць выклік ураду прэм'ер-міністра Ўладзіміра Пуціна. Падчас вулічных акцый пратэсту ў Маскве і іншых гарадах у мінулым месяцы краіну ахапіў новы настрой. Гэты настрой бярэ свой пачатак у разьвіцьці ў Расеі сапраўднай сярэдняй клясы. Па заходніх стандартах гэтая сярэдняя кляса не зьяўляецца багатай, але тым ня менш яна мае прыкмету самастойнасьці і добрапрыстойнасьці. Гэтая добрапрыстойнасьць атрымае перавагу, альбо будзе спынена. Пуцін будзе адхілены ад улады, або сярэдняя кляса ў Расеі будзе разгромлена.

На адным баку ў змаганьні ўдзельнічае здолеўшы выжыць апарат старой савецкай дзяржавы: таемная паліцыя, Міністэрства ўнураных спраў, буйныя карпарацыі і падкантрольныя Пуціну мэдыі. На другім баку мы бачым мільёны людзей, якія стаміліся ад самавольства ўрада, бандыцкіх мэтадаў, і тых, хто хоча бачыць панаваньне закону. Кожны бок мае сваю рыторыку, сваю ўласную філязофію.

Каб праілюстраваць рыторыку расейскай дзяржавы, зьвернемся да нядаўняга артыкула ў выданьні Pravda.ru пад назвай “Ядзерная вайна на гарызонце”. Ён адлюстроўвае погляд, які часам выказваюць крамлёўскія дзеячы. Фактычна, нешта падобнае на гэты пункт гледжаньня было агучана Ўладзімірам Пуціным, калі ён зьвярнуўся да расейскага народу пасьля бесланскай бойні ў верасьні 2004. Тады ён абвінаваціў Амэрыку ў змове з мэтай забойства расейскіх дзяцей, сьцьвярджаючы, што “хтосьці” хоча разваліць Расею і пакончыць з тым, што засталося ад савецкай дзяржавы, таму што Масква да гэтага часу валодае ядзернай зброяй.

У артыкуле ў Pravda.ru Амэрыка прадстаўлена як краіна, якая пагражае ўсяму сьвету ядзерным зьнішчэньнем. Злучаныя Штаты абвінавачваюцца ў кіраваньні крывавай “кампаніяй генацыду супраць Лівіі” і ў пагрозах зрабіць тое ж самае зь Іранам. Словы міністра абароны ЗША Леона Панэты, які публічна выступіў супраць прэвэнтыўнага ўдару па ядзерных аб'ектах Ірана, ставяцца пад сумненьне. У сапраўднасьці Злучаныя Штаты пачынаюць праграму спантаннага раззбраеньня. Паколькі Кангрэс ня змог прыняць неабходны пакет мер па скарачэньні бюджэтнага дэфіцыту, Міністэрства абароны ЗША сутыкнецца, як кажа Панэта, з “разбуральнымі, аўтаматычнымі, усебаковымі скарачэньнямі, якія паставяць нацыянальную абарону пад пагрозу”.

Пуцінскія выступоўцы ніколі не прызнавалі сапраўдную палітыку Злучаных Штатаў і рэальныя мэты вайскоўцаў ЗША. У артыкуле Pravda.ru мы чытаем наступнае: “сілы дэманічнага зла сышліся твар у твар зь сіламі справядлівасьці”. Гэта была спасылка на расейскі флёт, разьмешчаны паблізу Сірыі, і магчымую канфрантацыю з караблямі НАТО. Тут яшчэ раз узьнікае старая рыторыка Савецкага Саюза. Грымяць ваенныя барабаны, а “імпэрыялістычнага агрэсара” заклікаюць да адказу. Але мы ня можам паставіцца да гэтага сур'ёзна. Бо на гарызонце зьявілася нешта іншае, што па словах Пуціна было інсьпіравана ЦРУ: народны апазыцыйны рух супраць ягонага рэжыму КГБ.

Ілюстрацыяй гэтай апазыцыі зьяўляецца інтэрвію Данілы Гальпяровіча ў расейскага дысыдэнта Ўладзіміра Букоўскага, перакладзенае для Frontpagemag.com Аленай Глазавай. Тут мы сустракаемся з адкрытым абмеркаваньне маскоўскіх мэтадаў паліцэйскай дзяржавы. Мы даведваемся, што КГБ “за апошнія дваццаць гадоў страціў значную частку сваёй кваліфікаванай кемлівасьці і вастрыні”. А чаму б і не? Паводле перабежчыка з КГБ Анатоля Галіцына, постсавецкі рэжым фальшывай дэмакратыі ня быў разьлічаны на дваццаць гадоў. Ён быў распрацаваны, каб перамагчы Захад праз дзесяць гадоў. Так што плян не спрацаваў. Такім чынам, расейскія замаскіраваныя таталітарныя структуры пачалі прыходзіць у заняпад. Яны заставаліся пад апекай фальшывай буржуазнасьці занадта доўга, і, акрамя таго, цяпер няма Сталіна, каб іх узначаліць. У гэтым кантэксьце мы павінны памятаць, што сказаў Сталін саратнікам ў свае апошнія дні: “Вы як сьляпыя кацяняты; што здарыцца з вамі безь мяне? Краіна загіне, таму што вы ня ведаеце, як распазнаць ворагаў”.

Букоўскі апісвае лёс гэтых сьляпых кацянят, захопленых зьнянацку крызысам расейскай фальшывай дэмакратыі. Можна было б сказаць, што гэта крызыс падману, які працягваўся занадта доўга і падтрымліваўся структурамі, якія больш ня могуць вытрымліваць нагрузку. Сусьветная вайна магчыма ўжо аднойчы выратавала цяперашні Расейскі рэжым, надаўшы яму ў разгар крызысу новую легітымнасьць. Але цяпер ужо занадта позна. Па словах Букоўскага, некампэтэнтнасьць рэжыму такая, што калі б Сталін быў жывы, ён бы іх усіх расстраляў. “Яны нават ня могуць падарваць будынкі ў сталіцы, ня выдаўшы сябе і не пакінуўшы сьлядоў”, – дадаў Букоўскі, маючы на ўвазе ўзрывы жылых дамоў у 1999 годзе, якія былі выкарыстаныя, каб апраўдаць вяртаньне КГБ да ўлады. “Нішто у [КГБ–ФСБ] не працуе як патрэбна”, – кажа Букоўскі.

Якім чынам Крэмль зь яго трэцім пакаленьнем сьляпых кацянят будзе пераадольваць узрастаючую хвалю народнага супраціву? Букоўскі сьцьвярджае, што КГБ ведае, як можна маніпуляваць масавым рухам з дапамогай сваёй сеткі двайных агентаў. Але ў рэшце рэшт, гэты мэтад не спрацуе. “Сацыяльная атмасфэра з часам становіцца ўсё больш палітызаванай і радыкалізаванай”, – растлумачыў Букоўскі. У рэшце рэшт, КГБ ня зможа далучыцца да пратэстаў супраць сябе, не пашкодзіўшы свае ўласныя пазыцыі. Такім чынам, у сакавіку або красавіку Расея сутыкнецца з сур'ёзным палітычным крызысам. Гэты крызыс верагодна будзе расьці і выйдзе з-пад кантролю.

Наколькі ж абнадзейваючым і аптымістычным зьяўляецца тое, што гаворыць антыпуцінская апазыцыя ў асобе Ўладзіміра Букоўскага. Гэта не запалохваньні ці антызаходняя прапаганда. Гэта проста апісаньне рэжыму, які страціў сувязь са сваім народам. Такі рэжым можа абвінаваціць Злучаныя Штаты ў садзейнічаньні рэвалюцыі ў Расеі або ў пагрозе ўсяму сьвету ядзерным зьнішчэньнем, але здаецца, што гульня з ухіленьнем ад крытыкі пасьля сфальшаваных выбараў не працуе.

2012 год стане для Расеі вырашальным. Ці возьме антыамэрыканізм Расею за горла? Або рэжым КГБ страціць свае пазыцыі? Праз год мы будзем ведаць адказ.

9 студзеня 2012

Copyright © 2012 J.R. Nyquist
The Battle for Russia

No comments: