Pages

2012-02-13

Чаго хоча аятала?

Мой папярэдні аналіз іранскага крызысу быў засяроджаны на пытаньні: ці нанясе Ізраіль або Злучаныя Штаты прэвэнтыўны ўдар па ядзерных аб'ектах Ірана? Гэтае пытаньне не вымушае нас дасьледаваць, які напрамак дзеяньняў зьяўляецца правільным альбо няправільным, стратэгічна абгрунтаваным або неабгрунтаваным. Пытаньне палягае ў тым, адбудзецца пэўнае ваеннае мерапрыемства ці не. У сёньняшнім артыкуле мы пакінем гэтае пытаньне і засяродзімся на іранскім баку. Чаго жадае іранскае кіраўніцтва? Чаго яно спрабуе дамагчыся? Якія непрадбачаныя вынікі найбольш верагодныя?

У суботу прэзыдэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад заявіў, што Іран зьбіраецца паведаміць пра “важныя дасягненьні ў ядзернай сфэры”. Ён сказаў, што паведамленьне будзе зроблена празь некалькі дзён. Больш за тыдзень таму аятала Алі Хамэнэі заявіў, што Іран ніколі не саступіць. “Мы будзем рэагаваць на пагрозу вайны і нафтавых санкцый”. Несумненна, што Іран пакутуе ад санкцый і замарожваньня актываў.

Рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН № 1696 заклікае Іран прыпыніць усю працу па ўзбагачэньні ўрану і зьвязаную зь ёй дзейнасьць. Было ўхвалена некалькі іншых рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН, якія ў асноўным абмяжоўваюць доступ Ірана да тэхналёгій і абсталяваньня. Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Ірана, гэтаксама як і шэраг іншых краін – у тым ліку Канада, Аўстралія, Швэйцарыя, Індыя, ЗША і Паўднёвая Карэя.

Прэзыдэнт Ірана Ахмадзінежад не хавае той факт, што Іран імкнецца да “буйных дасягненьняў у ядзернай галіне”. Безумоўна, краіна, якая плавае ў нафце і мае багатыя крыніцы энэргіі, ня мае патрэбы ў ядзернай энэргетыцы. Акрамя таго, навошта Іран кідае выклік міжнароднай супольнасьці, каб авалодаць гэтай энэргетыкай? Атамная энэргія абыходзіцца даражэй, чым энэргія ад выкапнёвага паліва. Дадайце да гэтага кошт эмбарга і санкцый. Хіба ж не вар'яцтва так упарціцца?

Што могуць думаць іранскія лідэры? Існуе толькі адзін шлях даведацца пра гэта. Вы павінны запытацца ў тых, хто быў унутры іранскай сыстэмы. Іранскі перабежчык і былы рэвалюцыйны гвардзеец Рэза Кахлілі напісаў кнігу “Час здрадзіць”, якая распавядае пра тое, як выглядае іранскі рэжым знутры. Ён апісвае кіраўніцтва, якое верыць у прыход Махдзі (або дванаццатага імама) – асобы зь ісламскай эсхаталёгіі, які зьнішчыць няверных ва ўсім сьвеце. Паводле Кахлілі, Ахмадзінежад “лічыць, што зьявілася мноства прыкмет вяртаньня Махдзі. Вядомыя як хадзісы, гэтыя прыкметы ўключаюць уварваньне ў Аўганістан, кровапраліцьце ў Іраку і глябальны эканамічны крызыс”.

Ісламскія прароцтвы кажуць, што хаос і вайна, голад і масавыя сьмерці падрыхтуюць глебу для зьяўленьня Махдзі. Што можа азначаць такое прароцтва, калі не пэрыяд пасьля ядзернай вайны? “Такія людзі як Ахмадзінеджад настолькі вераць, што гэтыя ўмовы могуць паскорыць вяртаньне дванаццатага імама [Махдзі], што яны гатовыя справакаваць сусьветную вайну, хаос і голад для таго, каб ён зьявіўся”. Паводле Кахлілі, іранскі рэжым хоча справакаваць ісламскі канец сьвету. Кахлілі сьцьвярджае, што іранскі рэжым плянуе разьвязаць ядзерную вайну – адначасова ўзарваць тысячы партатыўных ядзерных зарадаў у Эўропе і Амэрыцы (ці зрабіць нешта накшталт падобнай тэрарыстычнай фантазіі).

Амаль няма сумненьня, што Кахлілі дакладна апісвае адкрыта абвешчаныя перакананьні іранскіх лідэраў. Аднак не зразумела, ці можа быць прагматычная справа дзяржаўнага кіраваньня цалкам падпарадкаваная рэлігійнаму энтузіязму. Ці сапраўды іранскія лідэры кіруюцца намерам справакаваць зьяўленьня Махдзі?

7 лістапада мінулага года Джоэль С. Розэнбэрг напісаў для Fox News артыкул пад назвай “Чаму вярхоўныя лідэры Ірану лічаць, што надышлі апошнія часы?”. У гэтым артыкуле Розэнбэрг спасылаецца на заяву аяталы Алі Хамэнэі, зробленую ў ліпені 2010, пра тое, што ён асабіста сустракаўся з Махдзі (або дванаццатым імамам). Акрамя таго, аятала лічыць сябе прадстаўніком Махдзі. І гэта яшчэ ня ўсё.

У мінулым годзе ў Іране распаўсюджваўся кампакт дыск пад назвай “Непазьбежнае зьяўленьне”. З гэтага дыска мы даведваемся, што хутка павінен зьявіцца Махдзі. Дыск таксама сьцьвярджае, што аятала Хамэнэі і прэзыдэнт Ахмадзінежад зьяўляюцца памочнікамі Махдзі. Атуса Баян, якая піша для balatarin.com, паведамляе, што дыск “моцна крытыкавалі”, і што іранскае духавенства і ўлады зрабілі папярэджаньне людзям, якія яго выпусьцілі, “і заявілі, што ня маюць ніякага дачыненьня да праграмы”. Тым ня менш, як піша Баян: “Дзьве важныя асобы не адрэагавалі на гэтую падзею – гэта Махмуд Ахмадзінежад і аятала Алі Хамэнэі”. Баян разьмясьціла на сайце словы вядомага мулы з Кума, які паведаміў “пра гісторыю цуду, сьведкі якога казалі, што ў час нараджэньня аятала Хамэнэі вымавіў імя імама Алі”. Паводле Баян, такія сьцьвярджэньні дэманструюць пагаршэньне рэпутацыі духавенства, якое вымушана расказваць невытлумачальныя гісторыі, каб стварыць атмасфэру сьвятасьці вакол вярхоўнага лідэра Ірана, чалавека, які надзелены неабмежаванай і некантралюемай уладай …”

У 2008 годзе “Блізкаўсходні квартальнік” разьмясьціў артыкул Махабада Ахдзійіха пад назвай “Ахмадзінежад і Махдзі”. Паводле Ахдзійіха: “Пасьля рэвалюцыі 1979 года Ісламская Рэспубліка інкарпаравала ідэю махдзізму ў сваю складаную сыстэму кіраваньня”. Паводле гэтай канцэпцыі, урад Ірана і яго лідэры зьяўляюцца “прадстаўнікамі Махдзі ў ‘Першым урадзе Бога’ на зямлі”. Фактычна, іранскі парлямэнт мае права існаваць толькі таму, што яго дэпутаты прапануюць свае паслугі “Ўладару стагодзьдзя [Махдзі], няхай Бог паскорыць яго благаславёнае зьяўленьне”. Зь першых дзён рэжыму аяталы Хамэйні прадстаўнікі іранскага ўрада называлі сябе служкамі Махдзі. Ахмадзінежад і Хамэнэі – ня першыя іранскія лідэры, якія выдаюць сябе за прадвесьнікаў мэсіі. Яны проста паставілі гэтую веру на першае месца.

Рэза Кахлілі працаваў у іранскай Рэвалюцыйнай гвардыі. Ён быў сьведкам зьверстваў. Ён бачыў, якімі вар'яцкімі былі перакананьні рэжыму, таму ён вырашыў працаваць на ЦРУ і стаць шпіёнам. Па меркаваньні Кахлілі, іранскі рэжым плянуе ажыцьцявіць масавыя разбурэньні ў Ізраілі, Злучаных Штатах і Эўропе. Паводле яго слоў, калі Іран стане ядзернай дзяржавай, для ўсяго сьвету будзе ўжо занадта позна [што-небудзь рабіць]. Пачнуцца беспрэцэдэнтныя разбурэньні і пакуты.

Якім чынам мы аналізуем заявы Кахлілі? Па-першае, мы ня хочам верыць такім заявам. Калі мы пагодзімся з тым, што ён кажа, мы павінны акупаваць Іран сухапутнымі войскамі. Гэта будзе дорага і непапулярна. Ніводны амэрыканскі палітык не прапануе такі плян. Паколькі іранскі рэжым мае поўны кантроль над сваім насельніцтвам, унутранае паўстаньне зьяўляецца малаверагодным. Больш верагодна, што Іран у рэшце рэшт нападзе на Злучаныя Штаты. Насуперак чаканьням Хамэнэі і Ахмадзінежада, хаос, які справакуе гэты напад, ня выкліча зьяўленьне Махдзі. Замест гэтага хаос прывядзе да ўмацаваньня непашкоджаных дзяржаў (па якіх ня будзе нанесены заплянаваны Іранам ядзерны ўдар).

13 лютага 2012

Copyright © 2012 J.R. Nyquist
What Does the Ayatollah Want?


No comments: