Pages

2012-02-21

Былы ісламскі інсайдэр папярэджвае

На мінулым тыдні я працытаваў урыўкі з кнігі Рэзы Кахлілі “Час здрадзіць”. На гэтым тыдні ў мяне была магчымасьць пагаварыць са спадаром Кахлілі па тэлефоне і распытаць яго аб іранскім крызысу. Як былы агент ЦРУ, які працаваў у Іранскай Рэвалюцыйнай гвардыі, ён разумее моцныя і слабыя бакі Ісламскай Рэспублікі. Ён ведае спосаб думаньня ісламістаў і памылкі, якія перашкаджаюць палітыцы ЗША.

Я спытаў у спадара Кахлілі, ці лічыць ён прэвэнтыўны ўдар па Ірану добрай ідэяй. “Гэта складанае пытаньне, – адказаў ён. – Вы ніколі не павінны былі дазволіць Ірану стаць тым, чым ён зьяўляецца сёньня. Вы страцілі магчымасьць за магчымасьцю”.

Чытачы могуць ўзгадаць, што ў 2009 годзе ісламскі рэжым быў на мяжы краху, бо пратэсты ўзмацняліся з кожным днём. Гэта быў ідэальны момант для дзеяньняў, адзначыў Кахлілі, але Заходні сьвет нічога не зрабіў для падтрымкі іранскага народа ў барацьбе супраць яго прыгнятальнікаў. “Выведка паведаміла, што [ісламскія] лідэры былі гатовыя зьбегчы, – сказаў Кахлілі. – Сілы бясьпекі не маглі стрымаць пратэсты. Рэвалюцыйная гвардыя была дэмаралізаваная. З боку Захаду, аднак, была чутная цішыня. Вы бачыце, што адбылося – параза для іранскіх дысыдэнтаў і прыхільнікаў Захаду”.

Захад заўжды спрабаваў знайсьці ў іранскім рэжыме “ўмераных”. ЗША заўсёды спрабавалі весьці перамовы і шукаць кампрамісы. Амэрыканцы заўсёды ашуквалі сябе, бо не жадалі бачыць, што ісламісты зьяўляюцца ворагамі Захаду. Ісламісты, па сутнасьці, ня могуць дапамагчы самі сабе. Яны ня могуць спыніцца або паставіць пад сумненьне прынцыпы, якія штурхаюць іх наперад. Кожны посьпех зьяўляецца доказам Божага блаславеньня. “Духавенства вырастае з уяўленьнем, што адзіны шлях да справядлівасьці – гэта сьмерць няверных”, – растлумачыў Кахлілі.

Але ці не зьяўляецца іслам “рэлігіяй міру”, – як заявіў прэзыдэнт Буш?

Кахлілі расьсьмяяўся: “Рэлігіяй міру? Калі б яны ўзарвалі адну атамную бомбу на Савудаўскіх нафтавых радовішчах, гэта б зьнішчыла ўсю вытворчасьць, таму што нафта была б [радыеактыўна] забруджанай. Улічваючы нашу залежнасьць ад нафты, гэтая катастрофа была б адной з горшых за ўсю гісторыю”. Гэты вынік, патлумачыў Кахлілі, засмуціў бы ўвесь сьвет. Але духавенства ўзрадавалася б. Войны і катастрофы для іх – нішто. Калі памірае няверны, трэба дзякаваць благаславёнаму і міласэрнаму Алаху. Калі памірае прававерны, гэта таксама падстава для задавальненьня.

Амэрыканскія палітыкі ня здолелі зразумець Іран. Яны думаюць, што эканамічныя санкцыі прывядуць Ісламскую Рэспубліку за стол перамоваў. Паводле Кахлілі, эканамічныя цяжкасьці не падзейнічаюць на фанатычных ісламістаў. “Эканоміка для іх ня мае значэньня. Для іх мае значэньне ідэалёгія”. А якая ў іх ідэалёгія? “Вялікі аятала казаў пра тое, што гаворыцца ў Каране, – адзначыў Кахлілі. – Яны [мусульманскія сьвяшчэннаслужыцелі] стануць кіраваць усім сьветам. [У сьвяшчэнных тэкстах] выразна гаворыцца, што прыйдзе чалавек”.

Кахлілі растлумачыў, што гэты чалавек – Махдзі (або дванаццаты Імам).

Я спытаў Кахлілі, што ён думае пра заявы наконт таго, што аятала Алі Хамэнэі і прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінежад кантактавалі з Махдзі. “Гэтыя людзі мэдытуюць, – сказаў Кахлілі. Хамэнэі моліцца, а потым ён ‘падымаецца на неба’. У час гэтага ўзвышэньня духу ён гаворыць з Махдзі. Я быў там у Іране, і калі вы чытаеце Каран у сярэдзіне ночы, у вас будзе той жа вопыт, і вам будзе здаецца, што вы маеце рацыю”.

Кахлілі кажа, што найбольш важныя вучэньні ў Каране, гэта вучэньні аб забойствах і пакутніцтве, джыхадзе і заваёвах. Паводле Кахлілі “Каран абяцае, што Махдзі зьнішчыць тых, хто ня верыць у Алаха. Іслам нармальных людзей засяроджваецца на тым, якім літасьцівым быў прарок Мухамед; але тыя, хто сапраўды кіруюцца Каранам, ведаюць, што ён апавядае пра разьню, і гэта напісана вельмі зразумелай мовай”.

Кіраўніцтва Ісламскай Рэспублікі можа пралічыцца – папярэджвае Кахлілі. Яны лічаць, што Бог паабяцаў ім перамогу. “Гэтыя людзі маюць вельмі вузкі сьветапогляд, – дадаў ён. – Аятала лічыць, што кровапраліцьце павінна працягвацца да канца сьвету, інакш Бог ня будзе задаволены. Справа ў тым, што ў цэнтры ісламскай ідэалёгіі стаіць справядлівасьць. Калі прыйдзе Махдзі, ён будзе забіваць усіх няверных. Гэта іхняя справядлівасьць”.

Ісламскае прароцтва кажа, што хмары пакрыюць зямлю і заб'юць трэцюю частку людзей, у той час як голад заб'е яшчэ траціну. Тады прыйдзе Махдзі, каб зьнішчыць няверных і гвалтоўна пераўтварыць увесь сьвет. Паводле Кахлілі, такія прароцтвы заахвочваюць ісламістаў верыць, што ядзерная вайна прынясе канчатковае выратаваньне. Які яшчэ стымул можа быць большым для разьвязваньня глябальнага зьнішчэньня?

“Па-сутнасьці, – кажа Кахлілі, – улічваючы ўсё гэта, мы павінны прыняць рашэньне. Мы можам прыняць ядзерны Іран або не? Што б ня вырашыла Амэрыка, я лічу, што Ізраіль ня прыме Іран зь ядзернай зброяй”.

Цалкам лягічна чакаць, што Ізраіль атакуе ядзерныя аб'екты Ісламскай Рэспублікі. Пакуль пішуцца гэтыя словы, ізраільцяне рыхтуюцца ўвесьці ў дзеяньне спэцыяльныя сыстэмы супрацьракетнай абароны вакол Тэль-Авіва. Цалкам натуральна, што ізраільцяне рыхтуюцца да непазьбежнага. Ісламская Рэспубліка і яе саюзьнікі маюць тысячы ракет, якія накіраваны на Ізраіль. Калі Ізраіль пачне атаку на іранскія ядзерныя аб'екты, ісламісты прымуць меры ў адказ. Гэта можа быць вайна з катастрафічнымі наступствамі для рэгіёну – і для ўсяго сьвету.

Паводле Кахлілі, існуе і добрая навіна. Іранскі народ ненавідзіць Ісламскую Рэспубліку. Калі базы Рэвалюцыйнай гвардыі будуць зьнішчаны ўдарамі з паветра, можа адбыцца народнае паўстаньне. “Толькі зьмена рэжыму, толькі дапамога іранскаму народу, можа прадухіліць катастрофу”, – сказаў Кахлілі. Ён растлумачыў, што іранскі народ адвярнуўся ад рэжыму і яго ідэалёгіі. Ён таксама адзначыў, што пасьля падзеньня ісламскага рэжыму ў краіне застанецца мала мячэцяў. “Многія таемна перайшлі ў хрысьціянства”, – дадаў ён.

Кахлілі лічыць, што існуе рэальная небясьпека вайны на Блізкім Усходзе ў гэтым годзе. Што такая вайна будзе азначаць для ўсяго сьвету? Існуе верагоднасьць дэфіцыту нафты, які выкліча дэзарганізацыю фінансаў. Акрамя эканамічных наступстваў, Расея і Кітай хутчэй за ўсё падтрымаюць Іран. Адстаўныя расейскія афіцэры публічна кажуць, што калі пачнецца вайна, Расея будзе ваяваць на баку Ірана. Некаторыя кітайскія афіцэры сказалі нешта падобнае. Быццам у адказ на ўсё гэта, прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвясьціў аб сваім намеры скараціць ядзерны арсэнал ЗША на 80 адсоткаў.

Напэўна, гэта не выпадковасьць, што сёньня мы знаходзімся ў такім складаным становішчы. Рэза Кахлілі – не адзіны, хто лічыць, што Захад выкарыстаў памылковыя меркаваньні і прадэманстраваў дрэннае кіраваньне ў дачыненьні да Ірана. Каб застацца непашкоджанай, наша цывілізацыя павінна дзейнічаць лепш. Мы падманвалі сябе дастаткова доўга. Мы адмовіліся прызнаць, што нашы ворагі зьяўляюцца ворагамі, і што яны маюць намер зьнішчыць нас. Ужо вельмі позна, і час мінае.

21 лютага 2012

Former Islamic Insider Offers Warning
Copyright © 2012 J.R. Nyquist

No comments: