Pages

2012-03-19

Іранскі плян ядзернага нападу

У мінулы чацьвер я выкарыстаў магчымасьць пагаварыць з доктарам Хью Кортам, аўтарам кнігі “Амэрыканская Хірасіма: Іранскі плян нападу на Злучаныя Штаты”. Таксама чытачы могуць паслухаць маё інтэрвію ў агента ЦРУ Рэзы Кахлілі, які пагаджаецца з доктарам Кортам наконт таго, што ядзерны Іран ня можа быць стрыманы пагрозай гарантаванага ўзаемнага зьнішчэньня. Па словах доктара Корта: “Стрымліваньне ня будзе дзейнічаць супраць фанатычных ісламскіх радыкалаў, якія кіруюць у Іране. Гэтыя кіраўнікі падобныя на тэрарыстаў-сьмяротнікаў, якіх не хвалюе тое, што яны памруць, калі іх ахвяры будуць узарваныя”.

У сваім аналізе матывацыі ісламістаў доктар Корт падзяляе погляды Р. Кахлілі, які сьцьвярджае, што лідэры Ісламскай рэспублікі кіруюцца бязьлітаснай ідэалёгіяй. “Калі вы чыталі Каран, то вы ведаеце, што шмат вершаў кажуць аб забойстве ворагаў Алаха і няверных, – растлумачыў Кахлілі. – Таму няма ніякай літасьці, абсалютна ніякай, пакуль вы ня прыміце іслам. Ніхто ня можа казаць інакш. Алах – дыктатар... Шмат мусульманаў пакрыўдзяцца, але многія нават ня ведаюць, пра што гаворыцца ў Каране”.

Радыкальны іслам не баіцца выкарыстаць ядзерную зброю супраць Амэрыкі, тлумачыць доктар Корт: “Уплывовая іранская газэта “Кайхан”, якую кантралюе вярхоўны лідэр Хамэнэі, напісала: “на выпадак, калі Іран падвергнецца нападу, у Амэрыцы прысутнічаюць падразьдзяленьні, якія падарвуць ядзерныя бомбы ў амэрыканскіх гарадах”. Корт дадае: “Гэта можа здавацца самагубствам, але вярхоўны лідэр Хамэнэі, іранскія мулы і прэзыдэнт Ахмадзінежад – рэлігійныя фанатыкі, і для іх пакутніцкая сьмерць за радыкальны іслам – гэта слава ... Акрамя таго, іх фанатычныя погляды трэба разумець ў кантэксьце іх веры ў прышэсьце Махдзі”.

Корт кажа, што Ісламская Рэспубліка стварыла “Іерусалімскія войскі”. Гэта адна з самых сакрэтных ваенізаваных арганізацый у Іране. У яе задачу ўваходзяць разьведвальныя апэрацыі супраць ЗША, зьвязаныя з выкарыстаньнем ядзернай і біялягічнай зброі. Некаторыя агенты “Іерусалімскіх войскаў” працуюць у ЗША пад прыкрыцьцём больш за дзесяцігодзьдзе. “Існуе вялікая верагоднасьць таго, – кажа доктар Корт, – што арганізаваная Іранам амэрыканская Хірасіма будзе ня толькі ядзерным нападам, але хімічным і біялягічным, таксама будуць задзейнічаны ўдарныя групы... Акрамя таго, можа быць электрамагнітны напад. У Ірана ёсьць хімічная зброя, таксама існуюць сьведчаньні, што Іран мае біялягічную зброю, у тым ліку сыбірскую язву”.

Увоз зброі масавага зьнішчэньня ў ЗША прыдумаў не Іран. У час халоднай вайны гэтую ідэю вынайшлі савецкія КГБ і ГРУ (гэтаксама, як яны прыдумалі ўгон самалётаў). У 1970-я і 1980-я гады Саветы падрыхтавалі шляхі завозу ў ЗША ядзернай і біялягічнай зброі (гл. кнігу палкоўніка ГРУ Станіслава Лунёва “Вачамі ворага”). У 1998 годзе Лунёў патлумачыў, што маршруты для ўвозу зброі масавага зьнішчэньня ў ЗША будуць тымі ж, што выкарыстоўваюць наркагандляры. Па словах доктара Корта, у цяперашні час іранскія агенты супрацоўнічаюць з наркакартэлямі ў Мэксыцы і рыюць тунэлі пад мяжой. Цікава, што перабежчык з ГРУ Віктар Сувораў кажа (у сваёй кнізе "Спэцназ"), што Саветы задумалі арганізаваць так званы “шэры тэрор”, у час якога ЗША будуць атакаваныя тэрарыстамі, у якіх не прасочваецца сувязь з Масквой. Гэтымі тэрарыстамі будуць “найміты, завэрбаваныя праз пасярэднікаў”, – піша Сувораў і тлумачыць, што гэты тэрарызм адцягне ўвагу разьведак і ваенныя рэсурсы Захаду ад Расеі, што расчысьціць шлях для пасьпяховых расейскіх дзеяньняў.

Аднак, існуе вялікае адрозьненьне паміж іранскай ядзернай стратэгіяй і расейскай ядзернай стратэгіяй. У адрозьненьне ад іранцаў, расейцы выдатна разумець прынцып перамогі ў ядзернай вайне. Іх ідэя простая і элегантная. Неразумна адкрыта ўступаць у ядзерную вайну зь ядзернай дзяржавай. Толькі таемная ядзерная атака гарантуе бясьпеку для нападніка. Калі ядзерныя бомбы будуць узарваныя ў амэрыканскіх гарадах, лепш за усё, каб амэрыканцы не змаглі вызначыць напаўшую краіну. Яшчэ лепш, калі амэрыканцы вызначаць краіну-нападніка няправільна. Іншымі словамі, уявіце групу радыкальных ісламістаў, якія падтрымліваюць міжнародны тэрарызм і працуюць над стварэньнем ядзернага арсэналу – падвышаючы страх, напружанасьць і кошты на нафту. Ці ня гэтых радыкальных ісламістаў абвінавацяць у выпадку ядзернага выбуху ў амэрыканскім горадзе? У сьвятле гэтага аналізу іранскі рэжым можна было б назваць “ядзерным громаадводам”.

Я спытаў доктара Корта аб падтрымцы, якую Іран атрымлівае ад Расеі, Кітая і Паўночнай Карэі. Ён пацьвердзіў, што гэтыя краіны падтрымліваюць Іран. Я запытаўся, у тым выпадку, калі ў Амэрыцы будзе ўзарваны ядзерны зарад, як мы зможам даведацца, што гэта зрабілі іранцы, расейцы, кітайцы або паўночнакарэйцы? Вядома, патлумачыў доктар Корт, іранскія афіцыйныя крыніцы публічна намякалі, што ў іх ёсьць такая магчымасьць і што яны рыхтуюць падобны напад.

Іранскія лідэры – дурні, або проста вар'яты? Магчыма, што хтосьці з больш складанай стратэгіяй і існуючым ядзерным арсэналам выкарыстоўвае Іран у якасьці сваёй прылады. На працягу гісторыі зноў і зноў выкарыстоўваецца адна і тая ж стратэгія. Гэта стратэгія нацкоўваньня аднаго боку на іншы. Навошта такім неісламскім краінам, як камуністычны Кітай, Паўночная Карэя ці Расея аказваць падтрымку Ірану? Хіба яны звар'яцелі? Якімі б ні былі адказы на гэтыя і іншыя пытаньні, пагроза з боку радыкальнага ісламу зьяўляецца рэальнай. Незалежна ад таго, была гэтая пагроза павялічана трэцім бокам альбо не, кніга доктара Корта зьяўляецца важнай і заслугоўвае таго, каб яе прачытаць. (Спасылка на поўную аўдыё вэрсію майго інтэрвію з доктарам Кортам зьявіцца ў гэтым артыкуле праз пару тыдняў).

19 сакавіка 2012

Iran’s Nuclear Attack Plan
Copyright © 2012 J.R. Nyquist


No comments: