Pages

2012-04-09

Сур'ёзная пагроза заходнім нацыям

21 верасьня 1999 прэзыдэнт кампаніі “Cachet International” Рычард Л. Палмер сьведчыў перад “Камітэтам па банкаўскіх і фінансавых паслугах Палаты прадстаўнікоў пра пранікненьне ў заходнюю фінансавую сыстэму элемэнтаў расейскай арганізаванай злачыннасьці...” Поўны тэкст яго выступу можна прачытаць на вэб-сайце Камітэта па фінансавых паслугах (дэмакратаў). Сьведчаньні Палмера, як і многіх іншых экспэртаў, ніколі не разглядаліся ў адпаведным кантэксьце.

Палмер папярэджваў Камітэт палаты прадстаўнікоў аб “сур'ёзных пагрозах для краін Захаду”. Ён працаваў афіцэрам армейскай выведкі ў Эўропе і 20 гадоў служыў у Апэратыўным дырэктараце ЦРУ. Апошняя пасада, якую ён займаў з 1992 па 1994 год – кіраўнік рэзыдэнтуры ў былым Савецкім Саюзе. На працягу некалькіх гадоў ён ажыцьцяўляў маніторынг злачыннай дзейнасьці, зьвязанай з рускай мафіяй. Палмер паведаміў Камітэту, што ў яго быў непасрэдны досьвед працы з былымі савецкімі органамі бясьпекі і паліцыі, “а таксама прадстаўнікамі расейскай банкаўскай сфэры, бізнэсу, арганізаванай злачыннасьцю і карумпаванымі чыноўнікамі".

Па словах Палмера, арганізаваная злачыннасьць падаўляла расейскі “рынкавы мэханізм”. Але гэта не была звычайная арганізаваная злачыннасьць. Фактычна гэта быў гібрыд таталітарнага чыноўніцтва і крымінальных сетак, зьвязаных з органамі бясьпекі і паліцыі. Кожны, хто распытваў супрацоўнікаў былой савецкай паліцыі або спэцслужбаў, ведае пра гэта. Палкоўніку КГБ маглі прапанаваць далучыцца да “бізнэсу”, генэралу ГРУ – даць “магчымасьць”, функцыянэрам КПСС – загадаць заснаваць акцыянэрнае таварыства на грошы Партыі. І ўсё гэта рабілася паводле загаду зьверху – з ЦК Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. “Большасьць інфармаваных назіральнікаў пагаджаюцца, што крымінальныя мафіёзныя групы складаюць толькі каля 10–15 адсоткаў [расейскай] арганізаванай злачыннасьці, – адзначыў Палмер, – у той час як расейскія чыноўнікі, былыя чыноўнікі і іхнія ‘новаўтвораныя прадпрымальнікі’ – гэта астатнія 85–90 адсоткаў”.

Іншымі словамі, ад 85 да 90 адсоткаў расейскай арганізаванай злачыннасьці – гэта вынік дзейнасьці былых камуністычных чыноўнікаў. Палмер казаў пра мажлівасьць таго, што расейскія банкаўскія служачыя былі ўцягнутыя ў заходнія банкаўскія скандалы. “Я хацеў бы адзначыць, – сказаў Палмер, – што пры вывучэньні адзінаццаці выпадкаў падману амэрыканскіх і іншых заходніх фірмаў прадстаўнікамі расейскай арганізаванай злачыннасьці (РАЗ), я здолеў вызначыць дзевяць выпадкаў, калі амэрыканскія ці заходняя супрацоўнікі відавочна былі падкупленыя групоўкамі РАЗ, каб дапамагчы рабаваць іх працадаўцаў”.

Палмер сказаў, што “Расея не кіруецца законам, а жыве пад уладай дамоўленасьцяў”. Іншымі словамі, права ўласнасьці і ўсе іншыя правы, гарантаваныя законам, не зьяўляюцца асновай расейскай сыстэмы. Здаецца, што посткамуністычная Расея жыве ў адпаведнасьці з выслоўем Прудона: “ўласнасьць – гэта крадзеж”. Усё, што адбылося пасьля падзеньня камунізму было пераходам ад адной сыстэмы рабаваньня да іншай. Па-сутнасьці, камуністы ня сталі капіталістамі таму, што яны былі ня здольныя авалодаць асноўнымі маральнымі, палітычнымі і прававымі канцэпцыямі, на якіх засноўваецца капіталізм.

Кіраўніцтва Камуністычнай партыі ведала, што павінна было здарыцца ў 1980-х гадах. У ходзе падрыхтоўкі да маючых адбыцца ў Расеі зьменаў, пляны перамяшчэньня грошай камуністычнай партыі на Захад, – сказаў Палмер, – “у 1984 годзе ўпершыню абмяркоўваліся адмысловымі групамі Палітбюро ЦК КПСС – вышэйшым кіраўніцтвам камуністычнай улады”. Да 1986 году нефармальны Камітэт па плянаваньні стаў карыстацца “паслугамі двух афіцэраў Першага галоўнага ўпраўленьня КГБ (ПГУ – зьнешняя выведка), якія мелі вопыт перамяшчэньня сродкаў за мяжу для ЦК кампартыі” і для апэратыўных мэтаў. Камуністы старанна імкнуліся схаваць папяровы сьлед, зьвязаны зь іх плянаваньнем. Па словах Палмера, “не існавала пісьмовых сьведчаньняў іх сустрэч або дзейнасьці за выключэньнем аднаго экзэмпляра для старшыні КГБ і аднаго экзэмпляра для асобы, адказнай за Адміністратыўныя органы Палітбюро – Віктара Чэбрыкава. Старшынёй гэтай групы плянаваньня быў кіраўнік справамі ЦК КПСС Мікалай Кручына”.

Калі вы падрабязна вывучаеце сьведчаньні Палмера – асабліва тую частку, дзе ён піша аб “стварэньні ... прыватных камэрцыйных фірм” КГБ – вы можаце ня ўбачыць за дрэвамі лес. Здаецца, што Палмер, як і большасьць аналітыкаў, лічыць, што ён апісвае нейкія натуральныя, спантанныя зьмены ў савецкай сыстэме, якія мудра прадбачыла эліта. Нават калі ён кажа, што гэтыя зьмены былі ініцыяваныя зьверху і арганізаваныя “неафіцыйным камітэтам плянаваньня”, ён пазьбягае любой згадкі пра вялікую савецкую стратэгію па падману Захаду. Але зьмены, ініцыяваныя зьверху, ініцыяваныя Палітбюро, можна назваць як заўгодна, але толькі не натуральнымі. Трэба разумець, што гэтыя зьмены ажыцьцяўляліся ў адпаведнасьці з савецкай стратэгіяй.

Канешне, пісаць аб савецкай стратэгіі, гэта тое ж самае, што насіць на галаве сьмешны капялюш. Заходнія афіцыйныя асобы і стратэгі заўсёды адмаўляліся прызнаць савецкі падман. Самы высокапастаўлены ўцякач з савецкага блёку Ян Сейна піша аб гэтай адмове Захаду наступныя словы: “Адна з асноўных праблем Захаду – яго частая няздольнасьць вызначыць існаваньне савецкай ‘вялікай задумы’ ўвогуле”. Калі іншы перабежчык маёр КГБ Анатоль Галіцын напісаў аб савецкім доўгатэрміновым пляне ў кнізе пад назвай “Новая хлусьня замест старой”, практычна ўсе ад яго адмахнуліся. Тым ня менш доказы існаваньня пляну можна адшукаць усюды: ад працягу падтрымкі Расеяй камуністычных франтоў і партый за мяжой, і да пастаяннай мадэрнізацыі расейскіх стратэгічных ракетных сіл.

Рычард Палмер лічыў, што існавала пагроза. Ён перасьцерагаў наконт “вяртаньня таталітарных рэжымаў, якія не абавязкова будуць камуністычнымі”. Канешне, этыкеткі ня маюць значэньня. Злачынцы – гэта злачынцы, а ў краіне, дзе няма ўлады закона, нязьменна кіруюць злодзеі. Тое, што мы бачылі ў ХХ стагодзьдзі на прыкладзе Савецкага Саюза і гітлераўскай Нямеччыны, было выбухам палітычных злачынстваў. У дваццаць першым стагодзьдзі палітычны злодзей пераўтварыўся яшчэ і ў фінансавага злодзея. Што ж, імпэрыі ствараюцца і разбураюцца. У гэтым кантэксьце задайце сабе наступнае пытаньне: ці было разумна даць Расеі (і Кітаю) доступ да амэрыканскай фінансавай сыстэмы?

Канешне, адказ відавочны.

9 красавіка 2012

A Serious Threat to Western Nations
Copyright © 2012 J.R. Nyquist

No comments: