Pages

2012-04-23

Электрамагнітны імпульс і Ахоўны акт

Найлепшай інвэстыцыяй зьяўляецца інвэстыцыя, якая захавае вам жыцьцё. Законапраект пад нумарам 668, унесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў, называецца Ахоўны акт. Без прыняцьця Ахоўнага акту мільёны амэрыканцаў застануцца ў небясьпецы ў выпадку атакі электрамагнітным імпульсам. Што такое атака электрамагнітным імпульсам? Ядзерная боегалоўка, падарваная на вялікай вышыні, стварае гама-выпраменьваньне, якое зьнішчае электрычную інфраструктуру на зямлі. У ліпені 1962 года Злучаныя Штаты выпрабавалі бомбу магутнасьцю 1,44 мэгатоны на вышыні 400 кілямэтраў у цэнтры Ціхага акіяна. На адлегласьці больш за 800 кілямэтраў – на Гаваях – пагасьлі 300 вулічных ліхтароў, спрацавалі сыстэмы сыгналізацыі, а высокачастотная апаратура тэлефоннай кампаніі была пашкоджаная. Калі б выпрабаваньне адбылося бліжэй да Гаваяў, наступствы маглі быць разбуральнымі.

У 1962 годзе Савецкі Саюз правёў тры ядзерныя выпрабаваньні для таго, каб даведацца, на якіх вышынях можна стварыць найбольш эфэктыўны электрамагнітны імпульс. Для атрыманьня больш магутных наступстваў электрамагнітнага імпульсу ядзерная бомба павінна быць падарваная блізка да месца, дзе плянэтарнае электрамагнітнае поле зьяўляецца моцным. Як правіла гэта азначае выбух на вышыні ад 30 да 200 кілямэтраў. Электрамагнітны імпульс (ЭМІ) стварае энэргію, якая пранікае ў электронныя прылады і лініі электраперадач на зямлі, выклікаючы магутныя скачкі напругі. Трансфарматары ўзрываюцца, а электронныя прылады падсмажваюцца.

Наступствы ЭМІ маюць вялікі ваенны патэнцыял. Атака ЭМІ можа быць выкарыстаная, каб пашкодзіць варожую ядзерную зброю, ракеты, бамбавікі і нават падводныя чаўны (калі іх антэны ўзьнятыя над вадой). Электрамагнітны імпульс зьнішчае сродкі сувязі, спадарожнікі, трансфарматары, кампутары і электрычныя сеткі. Аналітык ў галіне нацыянальнай бясьпекі доктар Пітэр Вінцэнт Прай у сваёй кнізе “Ядзерныя войны: абмены і наступствы”, якая выйшла ў 1990 годзе, сьцьвярджае: “ЭМІ верагодна можа вывесьці зь дзеяньня ракеты ў пускавых шахтах, пашкодзіўшы іх кіроўныя кампутары і іншую адчувальную электроніку, або зьнішчыць усе запушчаныя ракеты, калі яны ляцяць праз атмасфэру. Бамбавікі (як на зямлі, так і ў палёце) або іх зброя могуць быць пашкоджаныя або зьнішчаныя ЭМІ”.

Амэрыканскія і савецкія стратэгі разумелі, што эфэкт ЭМІ можа быць выкарыстаны для перамогі ў ядзернай вайне. Як было апісана доктарам Праем вышэй, ЭМІ можа быць выкарыстаны для пашкоджаньня або зьнішчэньня ядзернага арсэналу праціўніка. Разумеючы гэты патэнцыял, Савецкі Саюз і Злучаныя Штаты распрацоўвалі супэр-ЭМІ бомбы. Гэтая зброя стварае інтэнсіўнае гама-выпраменьваньне, якое ўзмацняе ЭМІ эфэкт настолькі, што адмыслова абароненыя сыстэмы ўзбраеньня ўсё роўна могуць быць пашкоджаныя. Пасьля пасьпяховых выпрабаваньняў расейцы разгарнулі невядомую колькасьць ЭМІ боегаловак. Са свайго боку Злучаныя Штаты ня здолелі прыняць на ўзбраеньне сваю ўласную вэрсію супэр-ЭМІ зброі.

Паколькі сёньня распаўсюджаньне ядзернай зброі стала актуальнай тэмай, амэрыканскія экспэрты занепакоеныя тым, што дзяржавы-ізгоі атрымалі супэр-ЭМІ тэхналёгіі. Сапраўды, ёсьць доказы таго, што Паўночная Карэя распрацавала і разгарнула сваю ўласную вэрсію расейскай супэр-ЭМІ бомбы. Расейскія вайскоўцы ў прыватным парадку папярэдзілі ўрад ЗША аб тым, што навукоўцы з савецкага праекту супэр-ЭМІ бомбы дапамагаюць Паўночнай Карэі. У мінулы чацьвер я размаўляў з доктарам Праем, які заявіў, што Паўночная Карэя, магчыма, выпрабавала супэр-ЭМІ зброю ў траўні 2009 года. Характэрная рыса паўночнакарэйскага выпрабаваньня – высокі выхад гама-выпраменьваньня ў спалучэньні з адносна невялікай магутнасьцю выбуху – тры кілятоны.

Спадар Прай таксама апісаў іранскія ракетныя выпрабаваньні, якія нагадваюць рэпэтыцыю выбухаў на вялікай вышыні. Добра вядома, што Іран і Паўночная Карэя супрацоўнічаюць. Абодва рэжымы разглядаць Злучаныя Штаты ў якасьці ворага нумар адзін. Прапаганда абодвух рэжымаў абяцае зьнішчыць Амэрыку. Якім чынам адбудзецца гэтае зьнішчэньне, нам не паведамляюць. Але простае назіраньне за выпрабаваньнямі і падрыхтоўкай павінна даць нам ключ да разгадкі.

Нават абмежаваны ўдар ЭМІ можа вывесьці зь дзеяньня ўсю амэрыканскую электрасетку, таму што ўсе электрастанцыі ўзаемазьвязаныя, і пашкоджаньні будуць распаўсюджвацца праз сыстэму каскадна, зьнішчаючы абсталяваньне, якое нельга будзе замяніць на працягу ня менш 18 месяцаў. Паводле “Даклада Камісіі па ацэнцы пагрозы Злучаным Штатам ад атакі электрамагнітным імпульсам (ЭМІ)”, атака ЭМІ “можа пашкодзіць або разбурыць інфраструктуру, якая пастаўляе прадукты харчаваньня для насельніцтва Злучаных Штатаў”. Супэрмаркеты звычайна маюць дастаткова ежы, каб забясьпечваць мясцовае насельніцтва на працягу трох дзён. Без электрычнасьці амэрыканцы будуць галадаць. Паводле дакладу Камісіі, менш за два адсоткі амэрыканцаў працуюць на фэрмах. “Атака, якая нэўтралізуе сельскагаспадарчую тэхніку, скароціць вытворчасьць прадуктаў харчаваньня ў ЗША”. Сыстэма разьмеркаваньня харчаваньня яшчэ больш уразьлівая.

У дакладзе Камісіі прыводзіцца наступная выснова: “Поўнае пазбаўленьне ежы ў сярэднім на працягу некалькіх дзён у значнай ступені зьнізіць здольнасьць чалавека да фізычнай працы. Пасьля 4 – 5 дзён бязь ежы сярэдні чалавек будзе пакутаваць ад парушэньня разумовай дзейнасьці і будзе зь цяжкасьцю выконваць простыя інтэлектуальныя задачы. Пасьля 2-х тыдняў бязь ежы сярэдні чалавек будзе практычна недзеяздольным. Сьмерць наступае звычайна пасьля 1 або 2 месяцаў бязь ежы”.

У выпадку атакі ЭМІ ў маштабах кантынэнту ад адной траціны да чатырох пятых насельніцтва памрэ. На сёньняшні дзень урад ЗША ня ўжыў ніякіх захадаў для падрыхтоўкі да такога роду нападу або умацаваньня жыцьцёва важных сыстэм, якія неабходныя для выратаваньня мільёнаў жыцьцяў. У 2010 годзе Кангрэс спрабаваў прыняць Закон аб электрасетцы (HR 5026). Пасьля таго, як ён быў прыняты Палатай прадстаўнікоў, Закон аб электрасетцы памёр у камітэце Сэнату. Сёньня ў нас ёсьць шанец прыняць іншы законапраект пад назвай “Ахова высакавольтнай інфраструктуры для электрычнасьці ад сьмяротных пашкоджаньняў” (Ахоўны акт). Ён прызнае, што без электрычнасьці будуць страчаныя жыцьці амэрыканцаў, таму электрасетка павінна быць абароненая. Кошт Ахоўнага акту мінімальны – цэнты ў месяц за сярэдні рахунак за электрычнасьць. Лепшую інвэстыцыю цяжка ўявіць.

Мільёны жыцьцяў могуць быць страчаныя, калі Іран ці Паўночная Каран ажыцьцявяць атаку ЭМІ. Цяжка ўявіць, што Амэрыка не прыняла меры па абароне сваёй энэргасыстэмы. Але на сёньняшні дзень гэта так. Напішыце вашым кангрэсмэнам і сэнатарам. Падтрымайце Ахоўны акт.

23 красавіка 2012

Copyright © 2012 J.R. Nyquist
EMP and the Shield Act




No comments: