Pages

2011-12-19

Таталітарны эпігон

Кіраўнік Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ір памёр ад сардэчнага прыступу. Эканамічная палітыка яго рэжыму ў 1990-я гады стала прычынай ад 900 тысяч да 3,5 мільёнаў сьмярцей з-за выкліканых голадам хваробаў. Замест таго, каб дазволіць народу Паўночнай Карэі прымаць уласныя эканамічныя рашэньні, рэжым Кім Чэн Іра выкарыстаў рэсурсы краіны для распрацоўкі і стварэньня некалькіх ядзерных бомбаў, захоўваючы пры гэтым рэгулярную армію памерам больш за 1,1 мільёнаў чалавек і больш за 7 мільёнаў рэзэрвістаў.

Ідэалёгіяй Кіма быў ваенны камунізм, які заклікае да ліквідацыі сусьветнай капіталістычнай сыстэмы. Таму падтрыманьне вялікай ваеннай машыны зьяўлялася першаснай неабходнасьцю. Вайна з капіталізмам лічылася непазьбежнай. Як калісьці напісаў Освальд Шпэнглер, “прыход цэзарызму [г.з. таталітарызму] разбурае дыктат грошай і іх палітычнай зброі – дэмакратыі”. Мао Цзэдун настойваў, што “ўся палітычная ўлада вырастае з рулі вінтоўкі”.

У вачах цэзарызму мірная ўлада – гэта парадокс. Дабрабыт існуе дзеля рабаваньня. Народы сусьвету існуюць для зьняволеньня. Сучасная форма цэзарызму называецца “таталітарызм”. Савецкая Расея, камуністычны Кітай і г.д. былі рабаўладальніцкімі дзяржавамі, арганізаванымі для вайны і рабунку. Нацысцкая Нямеччына была арганізаваная аналягічна пад сьцягам нацыянал-сацыялізму. Усе таталітарныя рэжымы прытрымліваюцца дадзенай базавай мадэлі, нарошчваючы ваенную моц дзеля будучых перамог.

Самаўзвышэньне з дапамогай заваёваў і зьняволеньня цэлых краін – гэта не сучасная ідэя. У першым стагодзьдзі да нараджэньня Хрыстова Гай Юлій Цэзар стаў самым багатым і самым вядомым чалавекам на зямлі, справакаваўшы беспрэцэдэнтны па сваіх маштабах гвалт, разрабаваўшы сотні паселішчаў і гарадоў. Сьцьвярджаецца, што падчас заваёвы толькі адной Галіі Цэзар забіў мільён чалавек, а два мільёны прадаў у рабства. Золата, якое Цэзар нарабаваў у храмах Галіі, хлынула ў Італію, выклікаўшы інфляцыю. Між тым, цана на рабоў абрынулася.

Як быццам забойстваў, рабаваньня і заняволеньня было недастаткова, Цэзар таксама зьнішчыў вяршэнства закона ў краіне, якая дала права ўсяму сьвету. Ён быў рэвалюцыянэрам, які разбурыў рымскую рэспубліканскую сыстэму ўлады. Хоць Цэзар быў забіты сэнатарамі, якія абвясьцілі свабоду рымскага народа, ён пакінуў у спадчыну ваенны дэспатызм, які стаў пастаянным станам Заходняга сьвету на наступныя стагодзьдзі, што выклікала павольны і незваротны спад. Надыход “цёмных стагодзьдзяў” можа наўпрост узыходзіць да тыраніі “цэзараў”, якія навязвалі заробкі і цэны. Пры такой сыстэме чалавек ня мог свабодна выбіраць прафэсію і быў вымушаны займацца вызначаным рамяством. Свабода слова і свабода рэлігіі ў канчатковым выніку былі абвешчаныя па-за законам пазьнейшымі рымскімі імпэратарамі. У выніку эканоміка старажытнага сьвету паступова задыхалася. Гэта нязьменная спадчына тыраніі.


Як і Цэзар, Паўночнайкарэйскі Кім узьвялічваў сябе за кошт свайго народа. Больш тыран, чым вызваліцель, ён жыў жыцьцём багатага плэйбоя, зьневажаючы капіталізм і прымушаючы мільёны карэйцаў служыць у войску. Яго імя ўваходзіць у адзін сьпіс з Гітлерам, Сталінам, Мао і Пол Потам. На шчасьце, Кім не валодаў ваенным талентам Цэзара. Аднак ён меў штосьці амаль раўназначнае, а менавіта кваліфікаваных спэцыялістаў, якія маглі стварыць ядзерную зброю. Будзем спадзявацца, што ядзерны арсэнал Паўночнай Карэі ніколі ня будзе выкарыстаны. Будзем спадзявацца, што ў Паўночнай Карэі зазьзяе сьвятло праўды і свабоды. І хоць Заходняму сьвету спатрэбілася больш за 1500 гадоў пасьля Цэзара, каб аднавіць ідэалы свабоды, магчыма, гэта ня зойме ў Паўночнай Карэі так шмат часу.

19 сьнежня 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
A Totalitarian Epigone

No comments: