Pages

2011-11-21

Сьвет на парозе зьменаў

Фінансавае становішча Эўропы пагаршаецца, што прыцягвае ўвагу эканамічных і палітычных дзеячаў ва ўсім сьвеце. Набліжаюцца зьмены. Новы сусьветны парадак, абвешчаны Джорджам Бушам [Старэйшым], больш ня дзейнічае. Эканамічны аптымізм выпарыўся. Крызыс пашыраецца. Ваенная моц ЗША пачала скарачацца, а Кітай працягвае павялічваць сваё войска і флёт. На Блізкім Усходзе Іран працягвае разьвіваць сваю праграму па стварэньні ядзернай зброі. Сусьветны эканамічны крызыс выклікаў рэвалюцыі (з-за недахопу прадуктаў харчаваньня) – падзеньне Мубарака ў Эгіпце і Кадафі ў Лівіі. Сёньня ўрад Расеі сутыкнуўся з крызысам даверу, які прымусіць Маскву прыняць рашэньне: альбо сапраўдныя рэформы, або вяртаньне да адкрытага сталінізму.

На мінулым тыдні Ўільлем Буйтар з “Citigroup” сказаў (па Bloomberg TV), што час [які мела] Эўропа прамінуў. “Я думаю, што ў нас ёсьць, магчыма, некалькі месяцаў – хаця гэта могуць быць тыдні, ці нават дні – перш чым узьнікне істотная рызыка непазьбежнага дэфолту такіх краінаў як Гішпанія ці Італія, што стане фінансавай катастрофай, якая ўцягне эўрапейскую банкаўскую сыстэму, а за ёй – і Паўночную Амэрыку”. Паводле Буйтара, эўрапейская фінансавая сыстэма вымушана адказваць на крызыс “з абедзьвюма рукамі, зьвязанымі за сьпіной”. Існуе недахоп падрыхтоўкі, недахоп асновы. Ён выказаў меркаваньне, што найбольш верагоднае рашэньне будзе азначаць “канец зоны эўра”.

Што гэта значыць? У Эўропе абавязкова аб сябе ізноў заявіць нацыяналізм. Групы, якія ў цяперашні час знаходзяцца на ўскраіне эўрапейскай палітыкі, могуць стаць дамінуючымі. Можа ўзьнікнуць новы фашызм. Гэта выкліча антыамэрыканізм, варожасьць у адносінах да арабскіх і турэцкіх імігрантаў і ваенны саюз з Расеяй. У выніку можа зьнікнуць НАТО, бо Эўропа прыме маскоўскую “новую архітэктуру бясьпекі”. Аднак, больш верагодна, што развал эўразоны нанясе шкоду эканоміцы Расеі і дэстабілізуе рэжым, які ў значнай ступені страціў сваю легітымнасьць.

Ужо цяпер расейскі ўрад на чале з прэм'ер-міністрам Уладзімірам Пуціным выглядае аджыўшым свой час. Незвычайны артыкул Анатоля Лівена ў “Moscow Times” ад 16 лістапада пад назвай “Мой змрочны абед з Пуціным” сьведчыць аб гэтым. “У Расеі, – піша Лівен, – дзяржава і грамадзтва па ўсёй бачнасьці ня маюць магчымасьцяў для ўнутранага абнаўленьня”. У Расеі зьявілася новая незадаволенасьць. Народная падтрымка рэжыму выпарылася. Трук з абменам пасадамі паміж прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым і прэм'ер-міністрам Пуціным быў адмоўна ўспрыняты расейскім грамадзтвам, якое зараз уключае ў сябе ўзьнікаючую сярэднюю клясу, поўную рашучасьці дамагацца сапраўдных рэформаў. Любое вяртаньне да сталінізму, любая спроба зьнішчыць гэтую новую сярэднюю клясу справакуе сацыяльны выбух. Расейская армія, у якой дамінуюць стаўленікі Крамля, мае разнародны афіцэрскі корпус; гэта новыя людзі народжаныя ў новую эпоху. Армія падтрымае Пуціна або сярэднюю клясу? Гэта жорсткі ўрок таго, што калі вы прытвараецеся буржуазіяй занадта доўга, вы спараджаеце сапраўдную буржуазію. Некаторыя аналітыкі лічаць, што ўзьнікаючая ў Расеі сярэдняя кляса (у такіх умовах бедная) складае ажно 30 адсоткаў насельніцтва краіны. Зьмены сапраўды могуць быць побач.

Тым часам на Далёкім Усходзе ваенны рост Кітая працягвае непакоіць яго суседзяў. Амэрыка скарачае свой ваенны патэнцыял, што аказвае непасрэднае ўзьдзеяньне на заходнюю частку Ціхаакіянскага рэгіёна. Вось толькі адзін прыклад: Аўстралія вырашыла пабудаваць падводны флёт (Глядзіце THE DIPLOMAT: “Навошта Аўстраліі спатрэбіліся атамныя падводныя чаўны”). У той жа час японскія палітыкі публічна выхваляліся ядзерным патэнцыялам сваёй краіны. Вядома, што Японія магла б стварыць ядзерны арсэнал на працягу некалькіх месяцаў, бо краіна ўжо валодае ня менш як 4,7 тонамі рэактарнага плютонію – дастатковага, каб зрабіць 700 боегаловак. Дадайце да гэтага прадпрыемствы Японіі па ўзбагачэньні ўрану і распрацаваныя тэхналёгіі міжкантынэнтальных балістычных ракет (M-V rocket) для выкарыстаньня ў якасьці сыстэмы дастаўкі.

На Блізкім Усходзе лёгіка распаўсюджаньня ядзернай зброі ідзе яшчэ больш небясьпечным шляхам. Паводле апошніх дадзеных, Ізраіль гатовы нанесьці ўдар па іранскай ядзернай праграме. Ізраільскія ўлады сьцьвярджаюць, што на працягу прыкладна дзевяці месяцаў іранская праграма стане няўразьлівай да нападу. Гэта дае дакладную дату [калі закрыецца] акно апярэджаньня. Міністар абароны ЗША Леон Панэта папярэдзіў міністра абароны Ізраіля Эхуда Барака наконт нападу. “Злучаныя Штаты цьвёрда перакананыя, – сказаў Панэта, – што тактыка ў дачыненьні да [Ірана] павінна заключацца ў працы з нашымі саюзьнікамі, працы зь міжнароднай супольнасьцю для пашырэньня санкцый і дыпляматычных захадах, якія яшчэ больш ізалююць Іран”. Ці адважыцца маленькая дзяржава Ізраіль атакаваць Іран насуперак пазыцыі Злучаных Штатаў?

Што б ні здарылася ў найбліжэйшай будучыні – у Эўропе, на Блізкім Усходзе, у Расеі або Японіі – сьвет будзе пераўтварацца з адносна стабільнага, якім мы яго ведалі, у няўстойлівую фармацыю, якая не выпрабоўвалася і будзе ўтварацца спантанна з [варункаў] сёньняшняга крызысу. Такім чынам, мы павінны пакінуць у баку ранейшыя меркаваньні і выявіць лёгіку цалкам новага набору сытуацый.

21 лістапада 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
A World on the Brink of Change

No comments: