Pages

2011-10-03

Расеяй кіруе таемнае палітбюро?

Ня так даўно стала вядома, што прэм'ер-міністар Уладзімір Пуцін у наступным годзе зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі. У мінулым сакавіку падчас наведваньня Расеі віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн параіў Пуціну не балятавацца. У рэшце рэшт, гэта пачынае выглядаць так, як быццам Пуцін зьяўляецца дыктатарам. Па-першае, Пуцін быў прэзыдэнтам Расеі на працягу двух тэрмінаў. Па-другое, Пуцін стаў прэм'ер-міністрам у той час, як відавочны дублёр (прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў) адкрыта прызнаў, што яго ўлада меншая, чым у Пуціна. Нядаўна Пуцін заявіў аб сваім намеры займаць пасаду прэзыдэнта яшчэ адзін тэрмін. Мы мусім запытацца, ці зьяўляецца Пуцін дыктатарам? Ці вырашае ён усё самастойна? Адказ на гэтае пытаньне нядаўна быў дадзены адным адстаўным усходнеэўрапейскім палітыкам.

У эфіры праграмы “Шустэр Live” былы ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Краўчук публічна заявіў, што рэальныя кіраўнікі Расеі стаяць “на адну прыступку вышэй” за прэм'ер-міністра Пуціна і прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. “У Расеі склалася сытуацыя, калі кіруе не адзін ці два чалавекі, – растлумачыў Краўчук. – Ні Пуцін, ні Мядзьведзеў не вызначаюць будучыню Расеі і сьвету. Палітыку вызначае іншая група”.

Іншыя ўдзельнікі праграмы, у тым ліку вядучы (спадар Шустэр), уважліва слухалі тлумачэньні Краўчука. Ніхто не ўсхапіўся, каб яму запярэчыць. Ён казаў асьцярожна, спакойным голасам, часам усьміхаўся. Стыль прамовы Краўчука выглядаў як паводзіны асобы, якая ведае, пра што кажа. Гледачы ў студыі заапладзіравалі выступленьню Краўчука, у якім ён перасьцярог, што думаньне ўкраінскага ўрада было памылковым. Украінскі ўрад думае, што ён можа пабудаваць сяброўскія адносіны з Расеяй, сказаў ён, але тут няма ніякай дружбы. “Расея кіруецца не адной або дзьвюма асобамі, а групай людзей, – растлумачыў Краўчук. – Расея яшчэ ня вызначыла імёны, але гэта рэальны факт”.

Былы ўкраінскі прэзыдэнт адзначыў, што палітыка яго краіны на працягу ўсяго пэрыяду незалежнасьці Ўкраіны засноўвалася на ілюзіі. “Ня мае значэньня, называем мы Расею добрай або дрэннай. Яна зьяўляецца тым, чым ёсьць, – сказаў Краўчук. – Расея ня зьменіць свой падыход. І гэта наўрад ці дэмакратычны падыход. На працягу доўгага часу ва ўладзе была адна групоўка, [у Расеі] няма рэальнай канкурэнцыі паміж палітычнымі партыямі, і няма канкурэнтных поглядаў унутры грамадзянскай супольнасьці. Гэта шлях да таталітарызму”. Краўчук сказаў, што “Расея выкарыстоўвае нашы слабасьці так, як ім гэта падабаецца”. Ён дадаў, што “Расея заўсёды будзе тым, чым яна зьяўляецца…” Таму ня мае значэньня, ці будзе Пуцін балятавацца на новы тэрмін, або Пуцін падасьць у адстаўку. Па словах Краўчука, “Як бы не зьмяняліся галовы на расейскім арле [Пуцін і Мядзьведзеў], Расея будзе па-ранейшаму прытрымлівацца той жа палітыкі”.

Мы маглі б спытаць, ці не зьяўляецца былы прэзыдэнт Краўчук кансьпіролягам? Не, ён адзін з самых дасьведчаных усходнеэўрапейскіх палітыкаў. У мінулым Краўчук зразумеў палітыку Масквы настолькі добра, што здолеў вельмі высока ўзьняцца ў рамках гэтай сыстэмы. Ён стаў кіраўніком Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, і быў тым чалавекам, які ў рэшце рэшт абвясьціў незалежнасьць Украіны. Ён ведае, што Пуцін і Мядзьведзеў зьяўляюцца часткай вялікага фасада. Ён папярэдзіў сваіх украінскіх слухачоў аб тым, што Расея па-ранейшаму небясьпечная. Асабістая дыктатура Пуціна – гэта падман. Ня верце таму, што вы бачыце. У наступным годзе ў Расеі не прадбачыцца станоўчая зьмена.

Украінскі міністар замежных спраў Канстанцін Грышчанка таксама быў госьцем гэтай праграмы. Калі Краўчук скончыў прамову, вядучы шоў спадар Шустэр запытаў ва ўкраінскага міністра замежных спраў, ці будзе новы прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна мець нейкае значэньне. Украінскі міністар замежных спраў Грышчанка адказаў, што “Ня мае значэньня, хто кіруе краінай [Расеяй]. Нам казалі [у Савецкім Саюзе], што пытаньне “хто ёсьць хто?” ня мае значэньня, таму што камунізм пераможа ў любым выпадку. Але цяпер яны разумеюць, што яны памыляліся. Асоба мае значэньне, асабліва, калі яна мае мандат ад выбарцаў...” Што датычыцца асоб, выбраных “у суседніх краінах, – растлумачыў Грышчанка, – мы будзем вымушаны разьвіваць адносіны з такімі асобамі”. Акрамя таго, дадаў ён, расейскі народ будзе галасаваць за гэтых людзей.

Гэты завуаляваны абмен думкамі быў незвычайны тым, што ён раскрыў. Канфідэнцыйная інфармацыя абмяркоўвалася публічна, але вельмі абачліва. Ня быў пададзены ніводны гістарычны прыклад, не было прапанаванае ніякае падрабязнае тлумачэньне. Цяпер, калі Пуцін балятуецца на пасаду прэзыдэнта, Краўчук хоча, каб Украіна зразумела, што Пуцін ня мае ніякага значэньня. Палітыка Расеі ня зьменіцца. Выбары ў Расеі ня маюць значэньня, паколькі рэальныя кіраўнікі краіны не абіраюцца. На вяршыні ўлады існуе структура, падобная на палітбюро, і ўсе рашэньні прымаюцца ім. Украіна не павінна ўскладаць свае надзеі на расейскую дэмакратыю. Канешне, ёсьць выбары, але фармальныя асобы, якія вылучаюцца, зьяўляюцца прыслужнікамі іншых неназваных асобаў.

На Захадзе палітыкі павінны пачуць папярэджаньне Краўчука наконт расейскай сыстэмы. Масква не стаіць на дэмакратычным шляху. Масква знаходзіцца на таталітарным шляху. І больш таго, сам Пуцін захоўвае пасаду для іншых.

3 кастрычніка 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
Is Russia Ruled by a Secret Politburo?

No comments: