Pages

2011-09-19

Уздым Турцыі

Адносіны паміж Эўропай і Турцыяй маюць доўгую гісторыю, і гэта далёка не шчасьлівая гісторыя. Пакуль Эўропа вонкава асуджае расізм і “мову нянавісьці”, унутры Эўропы бурляць этнічныя забабоны. На самай справе некаторыя эўрапейцы ненавідзяць туркаў. Чатыры гады таму на старонцы answers.yahoo.com брытанская жанчына пацікавілася, як грэкі ставяцца да Турцыі. “Лепшы” адказ (абраны ў ходзе галасаваньня) даў грэк, які раззлавана сварыўся на жанчыну, якая асьмелілася клясыфікаваць грэцкую нянавісьць да турак як расізм. “Пазбаўце мяне ад антырасізму, – напісаў ён. – Асабіста я не хаваю сваё варожае стаўленьне да турак … Расізм ня мае нічога агульнага зь ім … Туркі ніколі не жылі ў міры з кім-небудзь занадта доўга”. Адна Грачанка пракамэнтавала абмеркаваньне наступным чынам: “Зьяўляючыся грэкамі, уся мая сям'я заўсёды мела непрыязнае стаўленьне да турак”. Хоць гэтае ж абмеркаваньне зьмяшчае заўвагі аб выдатных якасьцях турэцкага народа, аднак спадчына турэцкага панаваньня дае падставы многім грэкам, армянам і курдам ненавідзець туркаў. У той жа час некаторыя назіральнікі сказалі б, што стаўленьне эўрапейскіх дзяржаў да Турцыі не было цалкам справядлівым. У рэшце рэшт, Турцыя зьяўляецца часткай Эўропы ці не? Эўрапеец вагаецца. Ён кажа, што цэніць Турцыю, але дзейнічае інакш. Больш глыбокае значэньне ваганьняў Эўропы нельга схаваць ад турэцкага народа.

Глябалізацыя, як мяркуецца, зьяўляецца гамагенізуючым працэсам. Эканамічныя інтарэсы зьвяжуць розныя народы разам на новым сусьветным рынку зь міжнародным падзелам працы, які будзе забясьпечваць большыя выгоды для ўсіх. Паступова праз дзесяцігодзьдзі ўзрастаньня дабрабыту старая этнічная нянавісьць памрэ. Па меншай меры, гэта тэорыя. На практыцы этнічная нянавісьць захоўваецца. І сумная гісторыя гучыць прыкладна так: больш чым паўтысячы гадоў таму туркі зьнішчылі Ўсходнюю Рымскую імпэрыю, якой фактычна была Грэцыя. Падзеньне Канстанцінопаля завяршылася ў 1453 годзе. Эўрапейскія дзяржавы не жадалі або не былі здольныя выратаваць абложаны горад, і туркі пасьля гэтага прасунуліся ўглыб Эўропы, заваяваўшы Балканы. У 1526 годзе Вэнгрыя была разгромлена, а турэцкая армія пагражала Вене. Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што туркі ўзялі мільён венгерскіх палонных, якія пасьля гэтага наваднілі нявольніцкія рынкі Блізкага Ўсходу. У тыя дні Марцін Лютэр назваў турак “народам Божага гневу”. У клясычным “Слоўніку простай гаворкі” Фрэнсіса Гроўза турак вызначаецца як жорсткі і бессардэчны. Прадузятасьць у дачыненьні да турак захавалася, таксама існуе ваенны канфлікт, які ўспыхнуў паміж грэкамі і туркамі на Кіпры ў 1970-я гады. І калі мір паміж Грэцыяй і Турцыяй быў няпростым, нягледзячы на тое, што абедзьве краіны зьяўляюцца саюзьнікамі па НАТО, уявіце, што адбудзецца, калі ў іх будзе нешта больш істотнае, каб за яго змагацца.

Ва ўсходнім Міжземнамор'і было выяўлена радовішча нафты, якое ўтрымлівае каля двух мільярдаў барэляў, а таксама велізарныя запасы прыроднага газу. Большасьць газу ляжыць пад прыбярэжнымі водамі Ізраіля і Кіпра. Гэта істотная праблема, таму што Турцыя не прызнае Рэспубліку Кіпр, а блізкі Лібан ня мае дыпляматычных адносін зь Ізраілем. Як у такім выпадку можна правесьці правільныя межы рэсурсаў? Востраў Кіпр сам падзелены на грэцкую і турэцкую сэкцыі. Што яшчэ горш, адносіны Турцыі зь Ізраілем сапсаваліся. У мінулым годзе ізраільцяне ўзялі на абардаж гэтак званую “Флятылію свабодная Газа”, якая спрабавала прарвацца праз ізраільскую блякаду. Актывісты на борце турэцкага судна “Mavi Marmara” паспрабавалі аказаць супраціў ізраільцянам з дапамогай жалезных прутоў і нажоў. Ізраільскія сілы адкрылі агонь, забіўшы дзевяць чалавек. (Зь ізраільскага боку было паранена дзесяць спэцназаўцаў.) У выніку гэтага інцыдэнту Турцыя прыпыніла ваенныя сувязі зь Ізраілем і выслала ізраільскіх дыпляматаў. Прэм'ер-міністар Турцыі папярэдзіў, што турэцкія ваенныя караблі актывізуюць сваю дзейнасьць ва ўсходнім Міжземнамор'і.

Раней ізраільцяне карысталіся добрымі адносінамі з Турцыяй і спадзяюцца выправіць шкоду, нанесеную гэтым ўзаемаадносінам. Але цяпер гэта не здаецца верагодным. Лягічна, што ізраільцяне вымушаныя заключыць саюз з Грэцыяй. Між тым, Турцыя ўсё далей рухаецца ў ісламскі лягер, у той час як сьвецкая роля турэцкіх ваенных усё менш і менш відавочная. Гэта змрочная навіна для ізраільскіх стратэгаў, таму што Турцыя –моцная ў ваенным дачыненьні [краіна]. Калі Турцыя ўступіць у арабскі альянс у будучай вайне зь Ізраілем, ізраільцяне могуць апынуцца ў складаным становішчы.

Усе гэтыя падзеі ставяць альянс НАТО ў нязручнае становішча. Для НАТО Турцыя зьяўляецца надзвычай важнай краінай, таму што гэта натуральны вораг Расеі (у той час як Расея была натуральным ворагам Эўропы). Калі Турцыя парве з НАТО, узьнікнуць сур'ёзныя ўскладненьні. Стануць мажлівыя раней неймаверныя дыпляматычныя і ваенныя камбінацыі. Як старажытны абаронца балканскага хрысьціянства ад турак, Расея магла б знайсьці магчымасьць, з дапамогай якога можна пазбавіцца ад свайго статусу напаўізгоя ў Эўропе. У той жа час Злучаныя Штаты павінны будуць рухацца па дыпляматычным мінным полі. Падумайце аб абсурднасьці цяперашняй палітыкі ЗША ў дадзеным выпадку. Сёньня Злучаныя Штаты падтрымліваюць Арабскую вясну, Ізраіль, і сваіх грэцкіх і турэцкіх саюзьнікаў. Калі паміж гэтымі бакамі нельга будзе захоўваць мір, а арбітраж пацерпіць няўдачу, на чый бок стануць Злучаныя Штаты?

Загаловак у Нью-Ёрк Таймс 18 верасьня гучыць наступным чынам: “Турцыя прадказвае хаўрус з Эгіптам…” Напісаны Энтані Шадыдам артыкул гаворыць аб “новай агрэсіўнай Турцыі” і “рэзка перагрупаваным Блізкім Усходзе”. Турэцкія палітыкі і дыпляматы заклікаюць да стварэньня Палестынскай дзяржавы. Яны пагражаюць Паўночнаму Іраку новымі ваеннымі ўварваньнямі. “Падобна на тое, што амэрыканскі ўплыў на Блізкім Усходзе зьмяншаецца”, – піша Шадыд. Турцыя бачыць новыя магчымасьці ў Эгіпце, асабліва калі рэжымы пэрыяду Халоднай вайны старога пакрою саступаюць месца новым рэжымам. Расея і Амэрыка абедзьве страчваюць уплыў. Ці заўважыў хто-небудзь “дзень гневу”, які праводзіўся пратэстуючымі ў Сірыі? Гэта быў “дзень гневу”, накіраваны супраць Расеі.

У той час як канчатковая перамога ў Аўганістане высьлізгвае ад амэрыканскіх палітыкаў (а Іран працягвае распрацоўваць ядзерную зброю), туркі адпраўляюцца ў самастойнае плаваньне. Калі б Ота фон Бісмарк мог параіць туркамі са сваёй магілы, ён прапанаваў бы маленькую вайну, толькі каб ўмацаваць сваю новую пазыцыю лідэра ў мусульманскім сьвеце. Гэта павінна быць невялікая вайна, магчыма ва ўсходнім Міжземнамор'і. Улічваючы складанасьць [палітыкі], якую яны паказалі да гэтага часу, і разгублены стан Эўропы і Амэрыка, туркі могуць дасягнуць дыпляматычнай перамогі пры дапамозе вельмі нязначных баявых дзеяньняў (і правільнай прапаганды). Гэта быў бы, па сутнасьці, прыклад самасьцьвярджэньня, а не ваеннай агрэсіі. Тым ня менш, стварэньне новага блёка адкрывае магчымасьць для будучай агрэсіі, толькі ў шырокім маштабе – ці то ў пагоне за некранутымі энэргетычнымі запасамі ва ўсходняй частцы Міжземнага мора, ці ў падтрымку аднаверцаў у Эўропе.

19 верасьня 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
Turkey Rising

No comments: