Pages

2011-09-12

9/11 і Арабская вясна

Пасьля дзесятай гадавіны тэрактаў 11 верасьня 2001 мы бачым як Блізкі Ўсход ахоплівае дэмакратычны дух. Гэта нечаканы вынік. Прэзыдэнт Джордж Буш казаў аб нараджэньні дэмакратыі ў арабскім сьвеце, але многія разглядалі ягоныя заявы як пустую рыторыку. Калі ж у арабаў зьявіліся дэмакратычныя схільнасьці? У 2003 годзе Злучаныя Штаты скінулі Садама Хусейна і нязграбна паспрабавалі даць ірацкаму народу дэмакратычную дзяржаву. У 2011 годзе грамадзяне трох арабскіх краін ці зрынулі сваіх дыктатараў, ці працэс зьвяржэньня ідзе поўным ходам. Гэта мае асаблівыя наступствы для Расеі і Кітая, бо два з дыктатараў былі кліентамі восі Масква–Пэкін.

Мы ня ведаем, ці прывядзе ў рэшце рэшт Арабская вясна да сапраўды дэмакратычных або лібэральных рэжымаў, альбо з гэтых масавых рухаў уздымуцца новыя дыктатары. У бягучы момант сытуацыя выглядае абнадзейлівай. У заходняй прэсе падкрэсьліваюцца станоўчыя прыкметы. Прыемна бачыць мужнасьць і народны дух людзей у Эгіпце, Лібіі і Сірыі. Мы салідарызуемся зь мільёнамі адважных арабскіх пратэстуючых, якія адкрыта выказваюць [прыхільнасьць] каштоўнасьцям, на якіх было заснаванае нашае грамадзтва. Патэнцыял новых магчымасьцяў прываблівае. У той жа час поруч з прыціснутымі да сьцяны дыктатарамі існуе новая нестабільнасьць. Некаторыя мяркуюць, што Блізкі Ўсход знаходзіцца на парозе разбуральнай вайны.

Гэта факт, што арабскія рэжымы нацыянал-сацыялістычнага тыпу, такія як рэжым Кадафі, Мубарака і Асада, былі заснаваныя на прыгнёце, доўгатэрміновай падрыхтоўцы да вайны і нянавісьці да Ізраілю. Цяжка падтрымліваць мір з дыктатарамі, якія хочуць адцягнуць увагу сваіх грамадзян ад становішча ўнутры краіны. Эканамічнае разьвіцьцё таксама запаволілася. У Эгіпце мір быў забясьпечаны Садатам, пасьля таго як ён парваў з Савецкім Саюзам, аднак ва ўмовах арабскага сацыялістычнага рэжыму не было істотнага росту дабрабыту. У выпадку зь Лібіяй Кадафі і Сірыяй Асада разрыў з Масквой не адбыўся. Падтрымка тэрарызму працягвалася. Але цяпер усё мяняецца, таму што дыктатары сутыкаюцца з разгорнутымі паўстаньнямі.

Гісторыя рэвалюцыі – гэта не заўсёды шчасьлівыя гісторыя. Вялікі аптымізм і ўсхваляванасьць з нагоды Вялікай французскай рэвалюцыі меў Томас Джэфэрсан, перакананы ў тым, што адбывалася нешта станоўчае. Эдмунд Бёрк у сваім “Роздуме аб рэвалюцыі ў Францыі” справядліва прадбачыў, што дэмакратычная рэвалюцыя ў Францыі прывядзе да несправядлівасьці, а несправядлівасьць прывядзе да зьяўленьня ваеннага дыктатара. Ці пойдуць рэвалюцыі ў Эгіпце і Лібіі тым жа шляхам? Няўжо падзеньне старых дыктатараў азначае ўсяго толькі прыход новых дыктатараў? І ці не праходзіць зараз Захад праз стадыю наіўнага аптымізму?

Кіраўнік Камандаваньня тылу Ізраіля генэрал-маёр Эяль Айзэнбэрг нядаўна сказаў Інстытуту дасьледаваньняў нацыянальнай бясьпекі, што эгіпэцка-ізраільская мяжа ператвараецца зь мірнай мяжы ў мяжу тэрарыстычную. Ня ўсе зьмены ў Эгіпце вядуць да лепшага. Айзэнбэрг таксама адзначыў, што сувязі Ізраіля з Турцыяй пагоршыліся. Падчас прэс-канфэрэнцыі на мінулым тыдні Айзэнбэрг сказаў: “Мы прагназуем, што пасьля арабскай вясны надыдзе радыкальная ісламская зіма”. Канешне, варта адзначыць, што пэсымістычную ацэнку Айзэнбэрга не падзяляе міністар абароны Ізраіля Эхуд Барак. Іншыя генэралы таксама не пагадзіліся з Айзэнбэргам. “Заяву зрабіў вельмі малады генэрал”, – сказаў генэрал-маёр Узі Даян у інтэрвію брытанскай газэце Daily Telegraph.

Магчыма, аптымізм, зьяўляецца апраўданым, бо мужнасьць падрастаючага пакаленьня арабаў можа адкрыць шлях новым магчымасьцям для міру, свабоды і росквіту ў рэгіёне. Калі дыктатары ня могуць гвалтоўна падавіць народнае супраціўленьне ў арабскім сьвеце, дык якую будучыню маюць дыктатуры ў рэгіёне? Якую будучыню мае тэрарызм?

Дасьледчык рэвалюцый Густаў Ле Бон пісаў, што рэвалюцыі “ня могуць зьмяніць розум людзей; рэвалюцыі ніколі не прынесьлі больш чым парадаксальныя зьмены ў словах і павярхоўныя пераўтварэньні”. У выпадку Арабскай вясны, людзі стаміліся ад сучасных дыктатараў. Але ці будзе зьнешняя палітыка новага Эгіпту ці новай Лібіі больш прагрэсіўнай? “Палітычная сыстэма, якую прымае нацыя, ня мае вялікага значэньня, – пісаў Ле Бон. – Гэты фанабэрысты зьнешні касьцюм, як і ўсе касьцюмы, ня мае рэальнага ўплыву на сьвядомасьць тых, каго ён пакрывае”.

Праглядаючы інтэрвію з арабскімі мужчынамі і жанчынамі на вуліцах Трыпалі, дзівісься зараду аптымізму. Немагчыма ўспрымаць пэсымістычныя ацэнкі Ле Бон сур'ёзна, калі мы знаходзімся побач з рэвалюцыйным ідэалізмам. Паслухайце новыя прамовы арабскіх дэмакратаў. Як шмат сэнсу яны маюць! Стары дыктатар хлус, кажуць яны. “Ён заўсёды хлусіць”. Здаецца, што ніхто не паверыць у магчымасьць новых дыктатараў. А таму, дэмакратыю не спыніць. У такім мысьленьні існуе штосьці хвалюючае. Зноў і зноў падкрэсьліваецца, што няма намеру цярпець дыктатуру ў будучыні. Гэта дух свабоды і непадпарадкаваньня аб'яднаны са здаровым сэнсам. Хлусьня пацярпела паразу.

У апошнія дні мы былі сьведкамі падзеньня лібійскага дыктатара Муамара Кадафі. Перамога паўстанцаў амаль забясьпечана, і пяць міжнародных нафтавых кампаній прыбылі на месца падзей, каб вярнуць здабычу нафты ў краіне ў звычайнае рэчышча. Ня цяжка прадказаць, што цана на нафту ўпадзе яшчэ раз, і сусьветная эканоміка будзе мець падставу для аптымізму. У той жа час, аднак, рэжым Асада ў Сірыі, які ня можа больш захоўваць уладу, паслаў супраць мірных дэманстрантаў танкі. Але гэтая стратэгія не дае відавочных вынікаў. Некаторыя танкавыя часткі далучыліся да пратэстоўцаў. І ў той час як пратэсты працягваюць распаўсюджвацца, рэжым Асада слабее. Сытуацыя настолькі дрэнная, што Расея радзіць Асаду пачаць перамовы. Пасьля чатырох месяцаў пратэстаў, у ходзе якіх загінула каля 2.500 пратэстуючых, а 26.000 было арыштавана, на фоне рэзкага павышэньня цэн на прадукты харчаваньня і разбуранай эканомікі рэжым Асада прайграе. Сірыйскі народ выглядае раззлаваным, і нішто акрамя падзеньня дыктатара яго не задаволіць.

Лідэры Расіі і Кітая глядзець на гэтыя падзеі з асьцярогай. Ужо ёсьць прыкметы таго, што расейскае грамадзтва расчаравалася ў рэжыме Пуціна, а кітайцы ўсё больш незадаволеныя сваімі камуністычнымі кіраўнікамі. Якія ж ломкія на самай справе гэтыя дыктатуры. Як толькі масы ўсьведамляюць сваю сілу, дыктатар нічога ня можа зрабіць. Яго войскі могуць разьбегчыся, яго генэралы могуць паўцякаць з краіны, а яго загады ня будуць выконвацца. Кожная таталітарная дзяржава можа разбурыцца, асабліва, калі яна страціла папулярнасьць. На наступны год у Расеі прызначаны выбары, і многія расейцы пабачыць, што Пуцін зьяўляецца ашуканцам. Крэмль засьцярог НАТО супраць падтрымкі пратэстуючых у Сірыі. Распаўсюджаньне дэмакратыі павінна быць спынена зараз.

Магчыма ў сувязі з усім гэтым кіраўнікі трох аэрапортаў Масквы кажуць, што ў іх заканчваецца авіяцыйнае паліва. Але як гэта магло здарыцца? Расея мае багатыя пастаўкі нафты, зь якой вырабляецца авіяцыйнае паліва. Публічна ўрад Расіі робіць зьдзіўлены выгляд. “Мы ня ведаем, чаму існуе недахоп авіяцыйнага паліва”, – кажа Крэмль. Некалькі адважных назіральнікаў у расейскіх СМІ сталі сьцьвярджаць, што адсутнае авіяцыйнае паліва ўсмактала Міністэрства абароны. У адказ на гэта Крэмль сьцьвярджае, што недахоп здарыўся з-за хібаў у чыгуначных перавозках. (Раптам яны даведаліся пра прычыну дэфіцыту.) І ўсё ж дэфіцыт у Маскве, здаецца, выяўляецца далей на ўсход, а таксама, у Екацерынбургу, дзе аэрапорт Кальцова атрымаў толькі палову сваёй звычайнай адгрузкі авіяцыйнага паліва. Узьнікае пытаньне, ці не рыхтуе Расея паветраны мост для стабілізацыі Сірыі?

Арабская вясна перавярнула Блізкі Ўсход з ног на галаву. Пакуль яшчэ ніхто ня ведае, што з гэтага атрымаецца. Арабскія народы займаюць велізарную тэрыторыю з многімі багатымі нафтай краінамі. Станоўчая дапамога Захаду дэмакратам у Эгіпце і паўстанцам ў Лібіі можа пацьвердзіць сваю эфэктыўнасьць, забясьпечыўшы будучае эканамічнае супрацоўніцтва. У якой ступені арабы сьвядома ці несьвядома ўвабралі заходнія палітычныя ідэі? У бліжэйшыя два гады мы пабачым, ці эвалюцыянуе Арабская вясна да міру і росквіту, або да наступнага цыклу дэспатызму.

12 верасьня 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
9/11 and the Arab Spring

No comments: