Pages

2010-08-27

Палец у кожным пірагу

3 сьнежня 2007 года ў расейскіх СМІ зьявіўся кур'ёзны эпізод. Ён датычыўся Ігара Іванавіча Сечына, расейскага палітычнага дзеяча, блізкага да тагачаснага прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Газэта “Камэрсант” перадала цытату са словаў старшыні Фінансава-прамысловай Групы Алега Шварцмана: “Для нас Партыя прадстаўлена магутным блёкам на чале зь Ігарам Іванавічам [Сечыным]”. Гэтая фраза была вымаўлена ў адказ на пытаньне журналіста аб стратэгічнай задачы Шварцмана – аксамітнай рэ-прыватызацыі. “Хто паставіў перад вамі задачу?” – спытаў журналіст. З постсавецкага рота Шварцмана з усьмешкай неспадзявана выскачыў незвычайны адказ: “Партыя!”

Ён сапраўды так і сказаў: “Партыя” (ў рускамоўным арыгінале ён ужыў слова “Партия!”). У гэтай гісторыі слова "партыі" альбо "партыя" пачынаецца зь вялікай літары ўсюды, дзе яно азначае ценявое ўтварэньне, якое ставіць задачы з-за кулісаў. Пры згадваньні нязначнай палітычнай партыі слова пачынаецца з маленькай літары, таму ўсьмешка Шварцман не дае падставаў для памылковага тлумачэньня: Партия азначае толькі адно, і блытаніна тут немагчымая. Можа быць толькі адна “Партыя”, якая таемна дзейнічае з-за сцэны, і гэта Камуністычная партыя (коммунистическая партия). Іншымі словамі, таварыш Шварцман адкрыта спаслаўся на дзеючую верхавіну Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і яе загады.

Карэктнасьць вышэйпрыведзенага тлумачэньня становіцца бясспрэчнай, бо “Камэрсант” вынес слова “Партыя” ў загаловак артыкула. “Ага! – кажа “Камэрсант”. – Партыя паднімае галаву і падміргвае нам!” Гэта не стварае ніякіх праблем для Крамля, бо Захад ніколі не заўважыць спасылак на тое, што Расея дагэтуль кантралюецца Камуністычнай партыяй. Белы Дом занадта заняты, каб заўважаць такое. ЦРУ цяжка хворае, бо кіруецца падвойнымі агентамі. Экспэрты па міжнароднай палітыцы робяць свае кар'еры, займаючыся тлумачэньнем больш верагодных рэчаў. Нават так званыя “кансэрватыўна настроеныя” жыхары Захаду ператварыліся на карысных ідыётаў. У такім выпадку, як і ў многіх іншых, хлусьня перамагае, таму што ахвяра падману хоча быць ашуканай. Гэта цалкам самадастатковая сыстэма. Як аднойчы сказаў Ленін: “Кажыце Захаду тое, што яны хочуць пачуць”.

А цяпер хуценька вернемся ў сучаснасьць да адной таямніцы, якая з гэтым зьвязаная. Зараз яшчэ адзін агент “Партыі” апынуўся ў цэнтры ўвагі ў Тайляндзе. Яго клічуць Віктар Бут. Ён пакутуе ў турме, а ЗША патрабуюць яго экстрадыцыі. Па ўсёй бачнасьці, яго неўзабаве выдадуць. Але расейскае кіраўніцтва не жадае, каб ён трапіў у амэрыканскія рукі. Магчыма, гэта мае дачыненьне да яго сувязяў з Аль-Каідай і яго працы ў якасьці шпіёна КГБ. У Тайляндзе сьцьвярджаюць, што амэрыканская разьведка падазрае Бута ва ўдзеле ў тэрактах 11 верасьня 2001 года. Такім чынам, Вашынгтон хоча злавіць і дапытаць Бута. Паколькі Маскве ёсьць што хаваць, яна адчайна спрабуе яго вызваліць. Па словах Дзьмітрыя Сідарава, які піша для forbes.com: “Здаецца, Крэмль вельмі сур'ёзна ставіцца да Бута. Несумненна, што ад адной толькі думкі аб тым, што ён мог бы адказваць на пытаньні пракурора ў Нью-Ёрку, у некаторых высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў па сьпіне бягуць мурашкі. Адзін зь іх ... Ігар Сечын …”

Ага! Ізноў узьнікае Ігар Іванавіч, верагодна, ў кантэксьце зусім іншага стратэгічнага заданьня. Што там казаў Шварцман? “Для нас Партыя прадстаўлена магутным блёкам на чале зь Ігарам Іванавічам [Сечыным]”. У сваім артыкуле ў Форбс Сідараў апісвае Сечына як чалавека, які мае “глыбокія карані ў ГРУ (расейская ваенная разьведка), што ўзыходзяць да Анголы і Мазамбіка, дзе ён служыў вайсковым перакладчыкам”. Ці памятае хто забойства прэзыдэнта Мазамбіка Саморы Машэлы, зьдзейсьненае шляхам авіякатастрофы ў 1986 годзе? Успомнім таксама нядаўняе зьнішчэньне прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага. Калі толькі не рыхтавалася новая катастрофа. Будзе жудасна нязручна, калі Бут апынецца ў Амэрыцы як вязень і будзе дапытаны Дэпартамэнтам юстыцыі і ФБР. Відавочна, што ён нешта ведае. Інакш чаму міністар замежных спраў Расеі выглядае настолькі агаломшаным? Як заўважыў Сідараў: “Цяжка ўявіць, што цяперашні маскоўскі рэжым дазволіць камусьці [накшталт Бута] рабіць мільёны даляраў без дазволу, ці нават прыкрыцьця, калі гаворка ідзе аб такім адчувальным для іх бізнэсу”. З таго што мы ведаем, вынікае, што Ігар Іванавіч па самую глотку сядзіць у гэтым бізнэсе, які ўключае кантрабандныя пастаўкі зброі камуністычным баявікам Лацінскай Амэрыкі і ісламскім тэрарыстам Блізкага Ўсходу.

Каб атрымаць больш выразную карціну ролі Сечына ў Лацінскай Амэрыцы, якае мае дачыненьне да “Партыі” і яе шматлікіх стратэгічных задачаў, успомнім пра тое, як прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавес заявіў, што ядзерная праграма яго дзяржавы зьяўляецца ідэяй Ігара Сечына. Сечын таксама вёў перамовы аб продажы наваяўленаму камуністычнаму дыктатару зброі, а таксама аб перадачы ядзерных тэхналёгій. У 2009 годзе Сечын вёў перамовы аб нафтавым пагадненьні з Кубай, што забясьпечыла прыцягненьне Расіі да глыбакаводнай здабычы нафты ў Мэксіканскай затоцы. Як прадбачліва! Ды ён проста ўсюдыісны!

Адзін з апошніх выкрывальных прыкладаў: у 2008 Ігар Іванавіч Сечын вёў перамовы з нафтавай кампаніяй ВР (British Petrolium), для якой з той пары наступілі цяжкія часы. Для нас не павінна быць нечаканасьцю, што Сечын зьяўляецца экспэртам па “эканамічнай ацэнцы інвэстыцыйных праектаў па транзыту нафты і нафтапрадуктаў”. Ён таксама зьяўляецца кіраўніком савета дырэктараў вядучай расійскай нафтавай кампаніі і чыноўнікам высокага ўзроўню па пытаньнях энэргетыкі. Акрамя таго, яго лічаць лідэрам расійскага блёка “сілавікоў” ва ўладзе, які складаецца з палітыкаў, што паходзяць з арміі і спэцслужбаў. Але перш за ўсё, як адкрыў таварыш Шварцман, “Для нас Партыя прадстаўлена магутным блёкам на чале зь Ігарам Іванавічам [Сечыным]”.

27 жніўня 2010

Copyright © 2010 J.R. Nyquist
A Finger in Every Pie

No comments: