Pages

2010-07-23

Расейскае махлярства

Зараз адміністрацыя Абамы кажа, што расейскае махлярства па новай дамове аб стратэгічных наступальных узбраеньнях ня мае значэньня. Амэрыка па-ранейшаму будзе мець значную колькасьць ядзернай зброі і расейцы ніколі не пачнуць атаку. Дазвольце расейцам падманваць, калі гэта ім так падабаецца. Ад махлярства няма ніякай карысьці. Што расейцы зробяць з такой перавагай? Яны нападуць? Адміністрацыя кажа, што гэта ніколі ня здарыцца, бо ў ядзернай вайне нельга перамагчы. Такую вайну ніхто ня будзе весьці. Калі амэрыканскі бок здольны ўдарыць тузінам ракет у адказ па расейцах, гэта стане канцом сьвету. Будучыні ня будзе ні ў каго. Так што няхай расейцы падманваюць.

Канешне, гэта лёгіка людзей, што не разумеюць ядзернай зброі, якая можа быць выкарыстана для нэўтралізацыі зброі саперніка. А калі вы зьнішчылі ўсю ядзерную зброю вашага ворага, вы можаце прымусіць яго здацца. Бо якім чынам краіна безь ядзернай зброі можа супрацьстаяць краіне, якая ядзерную зброю мае? На самой справе амаль што так скончылася Другая сусьветная вайна, калі адзін бок, які валодаў ядзернай зброяй, вымусіў супрацьлеглы бок капітуляваць.

Нягледзячы на шкодныя ўплывы на навакольнае асяродзьдзе, ядзерная зброя ня можа зьнішчыць усё жывое на Зямлі. Ядзерная зброя ўжо выкарыстоўвалася, але сьвет не спыніў сваё існаваньне. У ходзе ядзерных выпрабаваньняў па ўсім сьвеце былі ўзарваныя сотні ядзерных зарадаў. Аднак канец сьвету ня здарыўся. Дасьледаваньні ўплываў радыяцыі зноў і зноў прадэманстравалі, што могуць быць узарваныя тысячы бомбаў, якія, аднак, ня зьнішчаць усіх. Акрамя таго, урады Расеі і Кітая не стваралі б ядзерныя бомбы сёньня, калі б гэтыя бомбы азначалі зьнішчэньне ўсяго жывога на Зямлі. Ніводная краіна ня мае мэты зьнішчыць усё чалавецтва. Іх мэтай хутчэй уяўляецца зьнішчэньне пэўнай часткі чалавецтва.

Але адміністрацыя Абамы хоча падпісаць дамову з Расеяй, і адміністрацыя не хвалюецца, нават калі расейцы маюць намер парушыць дамову, як толькі на ёй падсохне атрамант. Сэнатар Джон Маккейн (рэспубліканец ад Арызоны), пажадаў даведацца, чаму прэзыдэнт жадае весьці перамовы аб дамове, калі расейскае махлярства ня мае значэньня. Адказ просты. Дамова забясьпечвае адміністрацыю прыкрыцьцём. Прэзыдэнт Абама хоча зьнішчыць столькі амэрыканскай зброі, колькі ён зможа. Але аднабаковае раззбраеньне палітычна супярэчлівае, таму, перш чым ён зможа працягваць, у яго павінна быць дамова з Расеяй. З дамовай у руцэ ён можа казаць аб сьвеце, вольным ад пагрозы ядзернай вайны. Пасьля гэтага ўсе будуць пляскаць у ладкі, бо кожны адчуе палёгку.

Наконт гэтага пазыцыя прэзыдэнта Абама цалкам празрыстая. Злучаныя Штаты не імкнуцца да ядзернай перавагі над Расеяй. Тое, чаго мы жадаем, гэта прыкладны парытэт. Калі расейцы нанясуць ядзерны ўдар, мы адпомсьцім. Ня мае значэньня, колькі ядзерных ракет абрынецца на нас, ці колькі нашых ракет ударыць па іх. Адзін ядзерны зарад сапсуе вам увесь дзень. Такім чынам разважае адміністрацыя Абамы. У стратэгічным пляне такое думаньне абсалютна памылковае і небясьпечнае.

Скарачэньне колькасьці ядзернай зброі нясе дэстабілізацыю. Таму што гэта дае магчымасьць нанесьці першы ўдар, які можа зьнішчыць калі не ўсю, дык большую частку зброі ворага, перш чым яна можа быць выкарыстана. Вы можаце думаць, што такі ўдар не магчымы. Але вы будзеце памыляцца. Радары і сатэліты, якія выкарыстоўваюцца для выяўленьня ядзернай атакі, могуць быць асьлеплены альбо часова выведзены з ужытку (тэрарыстычнай атакай, дывэрсіяй альбо зброяй накіраванай энэргіі). Калі вы ня зможаце ўбачыць набліжэньне атакі, тады вашы ядзерныя сілы могуць быць зьнішчаны на працягу 30 хвілін, і пасьля гэтага ваша краіна стане безабароннай. Ваш вораг будзе кантраляваць усю Зямлю. Бо зброя, якой валодае Расея, і супрацьядзерная абарона, якой валодае Расея, зробяць яе няўразьлівай для маленькіх ядзерных сілаў, якія ня змогуць нанесьці вялікі ўрон. І сапраўды, хто абярэ зьнішчэньне ў замен на шанец нанесьці частковую шкоду Расеі?

Сэнату Злучаных Штатаў будзе запрапанавана зацьвердзіць прэзыдэнцкую дамову з Расеяй. Частка абмеркаваньня зьвязаная з пытаньнем аб выкананьні дамовы Расеяй. Ці будзе Расея падманваць? Адміністрацыя не жадае дыскусіі на гэтую тэму, бо калі хтосьці пачне дасьледаваць расейскую адпаведнасьць, ён выявіць, што расейцы парушалі практычна ўсе падпісаныя імі дамовы. Як толькі гэта становіцца прадметам разгляду, дамова ня можа прайсьці ў прынцыпе, і пляны адміністрацыі па раззбраеньні будуць разбураны. Таму для адміністрацыі неабходна, па-сутнасьці, заявіць тое, што і было агучана, а менавіта, што расейскае махлярства ня мае значэньня. Але тады мы зноў вяртаемся да пытаньня сэнатара Маккейна: калі расейскае махлярства ня мае значэньня, навошта весьці перамовы аб дамове? Чаму не распачаць праграму аднабаковага раззбраеньня? Гэта, нарэшце, тое, чаго жадае адміністрацыя. Толькі адміністрацыя баіцца сказаць аб гэтым адкрыта. Калі казаць такую рэч, то гэта гучыць слаба. Гэта гучыць бязглузда. Такім чынам, замест адной дурасьці прасоўваецца іншая – аб тым, што расейскае махлярства ня мае значэньня.

Адміністрацыя кажа, што меншая моц стрымліваньня ЗША зьяўляецца дастатковай для стрыманьня расейцаў пры любых абставінах. Амэрыка заўсёды будзе мець падводныя чаўны, схаваныя ў акіянах, каб нанесьці ўдар у адказ. Амэрыка заўжды будзе мець бамбавікі напагатове, альбо міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты. Але праўда палягае ў наступным. Адна ракета з адной боегалоўкай можа абясшкодзіць усе амэрыканскія падводныя чаўны, узброеныя балістычнымі ракетамі, шляхам паражэньня інфраструктуры, якая забясьпечвае гэтыя падводныя чаўны кодамі запуску. Адна ракета з адной боегалоўкай можа зьнішчыць амэрыканскія стратэгічныя бамбавікі, пакуль яны загружаюцца бомбамі. Некалькі дзесяткаў бомбаў могуць зьнішчыць нашы міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты ў іх шахтах. Гэта таму, што стратэгічнае становішча ЗША зьяўляецца ўразьлівым для першага ўдару. Дадайце да гэтага ўразьлівасьць Амэрыкі да масавага тэрарыстычнага нападу (таму што межы краіны не абаронены належным чынам). Таксама існуе магчымасьць вываду зь дзеяньня дывэрсійнымі групамі сыстэмы раньняга папярэджаньня краіны. Мы не павінны зьдзіўляцца, даведаўшыся пра тое, што ўсе гэтыя пункты зьяўляюцца неад'емнай часткай пляну вайны Расеі супраць Амэрыкі.

Але адміністрацыя Абамы ня бачыць небясьпекі, не прымае мер засьцярогі і ставіць пад пагрозу выжываньне ўсёй нацыі. Па якой прычыне? Мяркуецца, што гэта робіцца для дасягненьня міру ва ўсім сьвеце. Але я пытаюся ў сталага чытача, у мудрага чытача, ці магчымы мір ва ўсім сьвеце? Паглядзіце на гісторыю. Калі мір ва ўсім сьвеце быў магчымы? Гэта ня больш магчыма, чым ліквідацыя ўсіх хвароб, усёй галечы, усіх няшчасьцяў, ці ўсяго глупства. Мы жывем у сьвеце, у якім хваробы, галеча, бядоты, дурасьць і вайна заўсёды з намі. Пакуль мы зьяўляемся людзьмі, пакуль намі кіруюць людзі, будзе існаваць вайна. А тая перадышка ад вайны, якую мы маем, засноўваецца на нашай падрыхтаванасьці да вайны. І калі мір можа быць захаваны, то моц – гэта яго ахоўнік.

Трэцяя сусьветная вайна была папярэджана толькі за кошт ядзернага стрымліваньня. Паслабце моц гэтага стрымліваньня, і вы наблізіце вайну. Таму, калі вы хочаце ядзернай вайны, то палітыка адміністрацыі патрабуе вашай падтрымкі. Калі вы імкняцеся пазьбегнуць такой вайны, то вы павінны пабудаваць больш ядзернай зброі і разьмясьціць яе такім чынам, каб першы ўдар ня мог быць пасьпяховым. Пагадненьні па кантролі над узбраеньнямі ня змогуць абараніць вас менавіта таму, што расейцы іх парушаць.

23 ліпеня 2010

Copyright © 2010 J.R. Nyquist
Russian Cheating

No comments: