Pages

2010-05-28

Наш расейскі аракул

Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ір гатовы да бою. Два дні назад паўночнакарэйскія ваенныя заявілі: “Мы не жадаем вайны, але калі Паўднёвая Карэя … паспрабуе напасьці на нас, Кім Чэн Ір загадаў нам завяршыць задачу па аб’яднаньні, якая засталася нявыкананай пад час [Карэйскай] вайны”. Але чаму там можа здарыцца вайна? У мінулым сакавіку Паўночная Карэя патапіла паўднёвакарэйскі карвэт. Гэтаму ёсьць некалькі верагодных тлумачэньняў. Магчыма, Паўночная Карэя выпрабоўвала прэзыдэнта Абаму. А магчыма, гэта была заплянаваная дывэрсія, бо Паўночная Карэя зьяўляецца хаўрусьнікам Ісламскай Рэспублікі Іран, а ўсім вядома, што Іран знаходзіцца ў прыцэле амэрыканскіх войскаў. Як магчыма ў дадзенай сытуацыі стрымаць “амэрыканскіх імпэрыялістаў”? Прымусіць Вашынгтон паверыць у тое, што вайна на Карэйскай паўвысьпе непазьбежная. Накіраваць амэрыканскія авіяносцы з Пэрсыдзкай затокі ў Японскае мора.

Несумненна, што мы набліжаемся да небясьпечнага месца, і краінай, за якой трэба назіраць перш за ўсё, зьяўляецца Расея. Гэта краіна зь лепшымі на плянэце разьведвальнымі службамі і ўнікальнай гісторыяй пасьпяховага пранікненьня ў разьведкі іншых краінаў (у тым ліку Злучаных Штатаў Амэрыкі). Расейцы здольныя зазіраць за вуглы, прадбачыць падзеі і маніпуляваць мысьленьнем заходніх палітыкаў. Калі вы жадаеце зазірнуць у будучыню і даведацца, што чакае Карэю і Блізкі Ўсход, назірайце за Расеяй. За некалькі тыдняў да 11 верасьня 2001 года на парлямэнцкіх слуханьнях у Расейскай Думе крамлёўскі дарадца Тацьцяна Карагіна прадказала тое, што яна назвала “Цунамі 21”. “Галоўны ўдар цунамі, – заявіла яна, – прыйдзецца па Злучаных Штатах Амэрыкі”. Яна не ўдакладніла, хто нанясе гэты ўдар, але пазьней спаслалася на нейкія “ценявыя сілы”. Тацьцяна Карагіна адзначыла, што ў сьвеце назапасілася 400 трыльёнаў даляраў фінансавых актываў, пры тым, што сусьветны валавы ўнутраны прадукт складае толькі 30 трыльёнаў даляраў. Уся структура сусьветных фінансаў была разьдзьмутая і гатовая лопнуць.

Заўсёды, калі ў сьвеце павінна здарыцца нешта вялікае, тым, хто пра гэта ведае, вельмі цяжка ўстрымацца і нічога папярэдне не сказаць альбо не зрабіць. Расейскія дзеяньні і выказваньні часта служаць сыгналам для кемлівых. Перад расейскай інвазіяй у Грузію намёкі на будучую вайну і яе дыпляматычнае выкарыстаньне прагучалі ў прамове прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева 15 ліпеня 2008 года ў Міністэрстве замежных спраў Расеі ў Маскве. Іншым разам у жніўні 2008 года Расея прадбачліва пераконвала Кітай пазбавіцца ад акцый Fannie Mae і Freddie Mac (найбуйнейшых амэрыканскіх іпатэчных агенцтваў) за месяц да гістарычнага фінансавага краху ЗША. Не забывайма і пра тое, што самі расейцы ў пачатку таго ж года прадалі ўсе належаўшыя ім паперы Fannie Mae и Freddie Mac на суму 65,6 мільярдаў даляраў (і сапраўды, 6 верасьня 2008 года Fannie Mae и Freddie Mac былі ўзятыя пад дзяржаўны кантроль). Расейцы паўсюдна маюць сваіх шпіёнаў, якія ўважліва сочаць за сусьветнымі фінансамі, вайсковымі справамі і палітычным жыцьцём. Расейцы выкарыстоўваюць міжнародную арганізаваную злачыннасьць, якая зьяўляецца галоўнай крыніцай інфармацыі аб карупцыі і сусьветнай ценявой эканоміцы.

Расейцы робяць і большае. Яны непасрэдна ствараюць будучыню, замест таго каб толькі рэагаваць на падзеі. Яшчэ ў 1980-я гады вы маглі б запытацца, ці будзе Эўропа карыстацца расейскім прыродным газам або працягне будаваць атамныя электрастанцыі? Адказ прыйшоў у выглядзе аварыі на ядзерным рэактары ў Чарнобылі. Такім чынам была замацавана будучая залежнасьць Эўропы ад расейскага прыроднага газу. Возьмем больш сучасны прыклад: аналітык КГБ у Маскве прадказаў грамадзянскую вайну ў Злучаных Штатах. Згодна Ігару Панарыну, распад ЗША павінен здарыцца недзе каля 2010 альбо 2011 года. У гэтай сытуацыі чарнобыльскі выбух яшчэ не прагучаў.

Зьвернемся да нядаўніх падзей: Міністэрства замежных спраў Расеі атрымала новы шаблён бясьпекі, які прадугледжвае пэўнага роду перадваенную мабілізацыю. Між тым, пад прыкрыцьцём майстэрскага “мірнага наступу” на Эўропу і Злучаныя Штаты Амэрыкі Расея накіроўвае на Далёкі Ўсход магутныя ваенныя караблі. Масква чакае паглыбленьня карэйскага крызысу? Магчыма, расейцам вядома нешта такое, чаго ня ведаем мы? На пачатку гэтага месяца ў адным са сваіх інтэрвію прэзыдэнт Мядзьведзеў разважаў аб заснаваньні спэцыяльнай “гістарычнай камісіі”. Яна стала неабходнай, каб супрацьдзейнічаць працы былога афіцэра ГРУ Віктара Суворава. У новай кнізе пад назвай “Галоўны віноўнік: сталінскі плян пачатку Другой сусьветнай вайны” (The Chief Culprit: Stalin's Design to Start World War II) Сувораў раскрывае “modus operandi” генэральнай стратэгіі Крамля. “Тактыка Сталіна абапіралася на выкананьне ўсяго чыімі-небудзь рукамі, – адзначыў Сувораў, – зьнішчэньне аднаго ворага рукамі другога”. Як калісьці напісаў Роберт Конквест: “Сталін заўжды знаходзіў малпаў, якія насілі яму арэхі з гарачага агню”. Ня так важна, ці дастаюцца гэтыя арэхі з Паўночнай Карэі Кім Чэн Іра, або з Ірана аяталы, бо малпы заўжды знойдуцца, а нечыя арэхі заўсёды ляжаць ў агні. Задайце сабе наступнае пытаньне: навошта Масква дапамагала трэніраваць гітлераўскую армію ў 1930-х? Навошта Крэмль садзейнічаў перадачы ядзернай тэхналёгіі Ірану? І хто, калі ўжо на тое пайшло, забясьпечыў Паўночную Карэю тэхнічнымі распрацоўкамі для стварэньня ядзернага прыстасаваньня (якое можа, насамрэч, аказацца электрамагнітнай бомбай). Адказ – гэта Масква.

Не прыходзіцца сумнявацца ў тым, што кніга Суворава занадта блізкая да ісьціны, і павінна быць аспрэчана новаўтворанай камісіяй Мядзьведзева. Што датычыцца гісторыі, то ў дадзеным выпадку гэта ня проста гісторыя. Гэта разважаньне аб мэтадзе і майстэрскі намёк на бягучыя падзеі. Хаця Мядзьведзеў адкрыта не называе імя Суворава, аднак немагчыма памыліцца ў тым, хто зьяўляецца яго мішэньню. Цалкам натуральна, што Крэмль ня любіць дасьледаваньні расейскага мінулага. Бо там знаходзіцца не толькі ключ да маскоўскай прадбачлівасьці, але і вакно, праз якое мы можам убачыць нашу ўласную будучыню.

28 траўня 2010

Copyright © 2010 J.R. Nyquist
Our Russian Oracle

No comments: