Pages

2011-06-13

Фінансавыя і дэмаграфічныя рэаліі НАТО

У пятніцу міністар абароны ЗША Роберт Гейтс выступіў з прамовай аб будучыні Арганізацыі паўночнаатлянтычнай дамовы (НАТО). Па словах Гейтса, НАТО выявіла “сур'ёзныя лякуны ў магчымасьцях" і пакутуе ад “інстытуцыйных недахопаў”. Ён сказаў, што калі альянс зьбіраецца заставацца жыцьцяздольным, то павінен быць упарадкаваны. Потым ён гаварыў пра “ўзрастаючую цяжкасьць для ЗША аказваць бягучую падтрымку НАТО, калі амэрыканскія падаткаплатнікі працягваюць несьці большую частку цяжару ў Альянсе”. Гейтс зьмякчыў вострыя краі гэтага апошняга пункту, патлумачыўшы, што ён “падзяляе такія думкі ў духу салідарнасьці і сяброўства, з разуменьнем таго, што сапраўдныя сябры часам павінны размаўляць адзін з адным прама ... ”.

Падобна на тое, што эўрапейскія сілы, накіраваныя ў Аўганістан, былі зьдзіўлены, калі апынуліся пасярод “жорсткага бою супраць непахіснага Талібану, які аднаўляе сілы са сваіх прыстанішчаў у Пакістане”. Гейтс казаў пра “няздольнасьць многіх саюзьнікаў выконваць узятыя абавязкі”. Аўганская вайна, дадаў ён, зьяўляецца “сумеснай, супольнай” справай. З больш чым 2 мільёнамі эўрапейскіх войскаў, у НАТО ўзьніклі цяжкасьці з падтрыманьнем разгортваньня 25.000 – 40.000 вайскоўцаў. Што датычыцца сытуацыі Лівіі, Гейтс сказаў, што “стала да болю відавочна: падобныя недахопы – у магчымасьці і жаданьні – маюць патэнцыял, каб паставіць пад пагрозу здольнасьць альянсу да правядзеньня комплекснай, эфэктыўнай і працяглай паветрана-марской кампаніі”.

Дзьве траціны членаў НАТО ня выдаткавалі сілы для кампаніі ў Лівіі. “Шчыра кажучы,– сказаў Гейтс, – многія з гэтых саюзьнікаў, застаючыся ў баку, робяць гэта не таму, што яны не жадаюць удзельнічаць, але проста таму, што яны ня могуць. У іх па просту няма ваенных магчымасьцяў”. Працягваючы гаварыць прама, Гейтс зьвярнуўся да “тых, хто гатовы і здольны плаціць кошты і несьці цяжар абавязацельстваў па альянсе, і тых, хто любіць перавагі сяброўства ў НАТО ... але не жадае дзяліць рызыкі і выдаткі”. Ён сказаў, што гэта “недапушчальна”. Існуе “недахоп волі”, зазначыў ён. Пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 г. выдаткі НАТО на абарону скараціліся амаль на 15 адсоткаў.

Гейтс намякнуў на тое, што ўзрастаючая ваенная слабасьць Эўропы будзе непазьбежна працягваць існаваць і пагаршацца. Гэтая ўзрастаючая слабасьць выцякае з “палітычных і дэмаграфічных рэаліяў”. Міністар абароны закрануў праблему скарачэньня колькасьці насельніцтва ў Эўропе, якая палягае ў няздольнасьці мець дзяцей. Скарачэньне колькасьці насельніцтва Эўропы паскараецца, і як нядаўна патлумачыў адзін нямецкі экспэрт, сярэдняя нямецкая маці мае толькі адзінага сына, якога можна адправіць у бой. (http://www.youtube.com/watch?v=-q1KkXZkPa8). Эўрапейцы, магчыма, думаюць пра сябе, як быццам яны маюць “перавагу” над іншымі. “Мы перарасьлі вайну”, скажуць яны. Але на самай справе, іхняя перавага заключаецца ў недахопе маладых мужчын.

“Як вы ўсе ведаеце, – сказаў Гейтс, – складанае фінансавае становішча Амэрыкі ў цяперашні час аказвае ціск на наш абаронны бюджэт ... ”. Злучаныя Штаты ня могуць несьці на сабе гэты цяжар і далей. Гэта не азначае, што Злучаныя Штаты будуць адмаўляцца ад сваіх “сусьветных абавязкаў”. Гейтс сказаў, што прэзыдэнт Абама лічыць, што гэта было б “сур'ёзнай памылкай”. Аднак, калі Злучаныя Штаты ня могуць працягваць плаціць за сваю цяперашнюю абарончую арганізацыю, і калі эўрапейскія краіны ня будуць рабіць большы ўнёсак, жыцьцяздольнасьць НАТО можа быць пастаўлена пад пытаньне. Па словах Гейтса, з моманту падзеньня Бэрлінскага муру доля ЗША ў выдатках НАТО на абарону ўзрасла больш чым на 75 адсоткаў. Гэта ня можа працягвацца.

Прадбачачы пагаршэньне фінансавых цяжкасьцяў у сябе дома, Гейтс адзначыў: “жорсткая рэальнасьць палягае ў тым, што ў Кангрэсе ЗША і ў амэрыканскім палітычным арганізьме ў цэлым будзе скарачацца схільнасьць і цярплівасьць марнаваць усё больш каштоўныя сродкі ў імя народаў, якія несумненна не жадаюць выдаткоўваць неабходныя рэсурсы … на сваю абарону”. Іншымі словамі, амэрыканцы стаміліся ад аплаты. Калі цяперашнія тэндэнцыі захаваюцца, папярэдзіў Гейтс: “будучыя палітычныя лідэры ЗША ... могуць не палічыць вяртаньне да амэрыканскіх укладаньняў у НАТО вартым выдаткаў."

Дэмаграфічная сытуацыя ў Эўропе была вядомая на працягу многіх гадоў. Нічога не было зроблена, і, падобна на тое, нічога ня будзе зроблена. Ёсьць знакаміты ўрывак, напісаны старажытнагрэцкім гісторыкам Палібіем аб дэмаграфічным каляпсе Грэцыі ў другім стагодзьдзі да нараджэньня Хрыстова. “У наш час усю Грэцыю наведала сьмерць дзяцей і наогул заняпад насельніцтва, з-за чаго гарады страцілі жыхароў і настаў недахоп вытворчасьці, хаця не было працяглых войнаў або сур'ёзных эпідэмій у нашым асяродзьдзі”. У іншым месцы Палібій піша пра заняпад у Грэцыі рэлігійнасьці, а таксама скарачэньне шчырасьці.

Чаму грэкі пакутавалі ад зьмяншэньня насельніцтва? Па словах Палібія: “гэтае зло вырасла сярод нас хутка і без прыцягненьня ўвагі праз тое, што нашы мужчыны станавіліся разбэшчанымі прагай да відовішчаў, грошай і задавальненьняў халастога жыцьця, і, адпаведна, альбо не жаніліся ўвогуле, або, калі яны ўступалі ў шлюб, адмаўляліся гадаваць дзяцей, якія нараджаліся, ці пагаджаліся ня болей чым на аднаго або дваіх з усёй колькасьці ...”. Каб прадухіліць адмову ад дзяцей, улады нават выдалі “законы для абароны немаўлятак”. Але катастрофа абрынулася на грэкаў ўсё роўна.

У сваю чаргу, Рым таксама пакутаваў ад дэмаграфічнага спаду (130 гадамі пазьней). Імпэратар Аўгуст выдатна прамовіў перад вядучымі рымскімі грамадзянамі. “Як мне да вас зьвярнуцца? – спытаў ён. – Як да рымлянаў? Вы ідзяце да зьнішчэньня гэтага імя. Праўда ў тым, што вы знаходзіцеся на сустрэчным курсе з нашым натуральным заняпадам. Што засталося б ад чалавецтва, калі б усе паводзілі сябе так, як вы? Вы забойцы, у тым сэнсе, што не даяце жыцьцё тым, хто стаў бы вашымі нашчадкамі, і здраднікі, у тым сэнсе, што пакідаеце вашу краіну пазбаўленай спадчыньнікаў”. Гэтыя словы маглі б быць ужытыя да сёньняшняй Эўропы, а таксама да амэрыканскага і эўрапейскага заняпаду. Але міністар Гейтс не зайшоў так далёка, як Аўгуст.

Сёньня “дэмаграфічная рэальнасьць” мае фінансавы бок. Па меры старэньня насельніцтва і выхаду людзей на пэнсію фінансавае становішча ўсіх заходніх краін становіцца больш напружаным. Зь бюджэтаў выдаткоўваюцца грошы для выплаты пэнсій. Азірніцеся вакол і падумайце, як шмат эўрапейскіх краінаў старэе. Зірніце на людзей, якія нарадзіліся ў Амэрыцы ў час дэмаграфічнага выбуху. Зь фінансавым крызысам на гарызонце (да таго ж на карысьць Кітаю), узрастаючымі праблемамі ў Амэрыцы, і ўсёй паўнатой сумнеўнай дынамікі, якая праяўляе сябе з усіх бакоў, што мы можам чакаць? Мы не павінны чакаць больш грошай – нават на сумесную абарону.

13 чэрвеня 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
NATO’s Financial and Demographic Realities

No comments: