Pages

2014-03-03

Падрыхтоўка да Трэцяй сусьветнай вайны

“Зайздроснае і нецярпімае вока Крамля, у рэшце рэшт, можа адрозьніваць толькі васалаў і ворагаў, таму калі суседзі Расеі не жадаюць быць першымі, яны вымушаны стаць другімі.”
– Джордж Фрост Кенан
Я пачаў гэтую сэрыю камэнтараў 20-га студзеня з артыкула “Прадказваньне Трэцяй сусьветнай вайны”. Я распавёў, як група вядомых расейскіх астролягаў, шаманаў і парапсыхолягаў прадказалі, што ў сакавіку 2014 года пачнецца Трэцяя сусьветная вайна. І вось цяпер мы апынуліся ў пачатку сур'ёзнага крызысу, які можа лёгка перарасьці ў сусьветную вайну. Чытач гэтага блога нядаўна адзначыў: “Альбо гэты выпадак быў арганізаваны Масквой, альбо Масква мае наперадзе значна большыя пляны”.

Так, гэты выпадак быў арганізаваны Расеяй і ў запасе ёсьць яшчэ большыя пляны. Гэта вынікае з расейскага ваеннага ўварваньня ў Крым. У такім выпадку, чаму Крэмль павінен хвалявацца наконт дэманстрацыі непрыхаванага гвалту ў дачыненьні да нявінных людзей? Ваенны балянс зьмяніўся на карысьць Расеі з улікам таго, што на Далёкім Усходзе Кітай рыхтуецца да вайны супраць Японіі. Па праўдзе кажучы, нашая падрыхтаванасьць да вайны не такая, як мае быць (Гл. “Канец амэрыканскага ваеннага дамінаваньня: Хэйгел анансуе рэзкія скарачэньні амэрыканскіх узброеных сіл – авіяцыі, караблёў, войскаў, зброі”).

Апошнія дванаццаць гадоў Амэрыка вяла вайну супраць тэрарызму. Мы былі пераарыентаваныя ў памылковым накірунку. Наша ваенная палітыка ўхілілася ад падрыхтоўкі да барацьбы супраць галоўнага ворага і цяпер мы непадрыхтаваныя. Акрамя таго, якая эўрапейская краіна ў стане ваяваць з Расеяй? Толькі Ўкраіна рыхтуецца да барацьбы, але Ўкраіна безнадзейна бяззбройная.

Знакаміты перабежчык з КГБ Анатоль Галіцын папярэдзіў аб доўгатэрміновай стратэгіі Масквы ў 1984 годзе абзацам наступнага зьместу: “Дыялектыка гэтага [крамлёўскага] наступу ўяўляе сабой прадуманы пераход ад старой дыскрэдытаванай савецкай мадэлі да новай “лібэралізаванай” мадэлі з сацыял-дэмакратычным фасадам з мэтай рэалізацыі камуністычнай стратэгіі па стварэньні аб'яднанай Эўропы. Спачатку яны прадставяць варыянт чэхаславацкай “дэмакратызацыі” 1968 года. На пазьнейшым этапе яны пяройдуць да варыянту чэхаславацкага перавароту 1948 года”. [с. 349, “Новая хлусьня замест старой”]

Выглядае, што мы набліжаемся да больш позьняга этапу. Стратэгі ў Маскве ведаюць, што паўстаньне на Ўкраіне патрэбна задушыць, не зважаючы на тое, што пра гэта думае ўвесь сьвет. Яны лічаць, што балянс сіл зьмяніўся, і яны могуць дзейнічаць беспакарана. Вядома, яны баяцца, што калі не націснуць на Кіеў дастаткова моцна, можа адбыцца “вялікае разбурэньне” іх стратэгіі. Тыя, хто як і расейская прапаганда кажуць, што за ўкраінскім вызвольным рухам стаіць Захад, ня ведаюць Захаду і ня ведаюць Украіны. Горш за ўсё, што такое непаразуменьне прыніжае мужнасьць і палітычную працу ўкраінскіх патрыётаў. Лепшыя зь іх разумеюць, што на Ўкраіне ня можа быць поўнай свабоды без свабоды ў Расеі.

Такім чынам, сапраўдная барацьба – гэта барацьба палітычная. Сапраўдная барацьба – гэта барацьба за сэрца Расеі. Злачынцы, якія кіруюць Расеяй, выжылі пры дапамозе забойстваў. Яны страцяць уладу толькі тады, калі расейскі народ цалкам апрытомнее. Аляксандр Салжаніцын аднойчы сказаў, што шлях забойства – гэта шлях хлусьні. Зараз мы бачым забойцаў у дзеяньні, і нас чакае паток хлусьні. Трэба ўважліва назіраць, ці не пачнуць заходнія мэдыі атаясамліваць прычыну ўкраінскага патрыятычнага ўздыму з антысэмітызмам. Бо гэта рыторыка краіны, якая рыхтуецца зьнішчыць Украіну.

І сапраўды, небясьпека вайны ўзрастае. Паводле ўкраінскіх афіцыйных асобаў, расейскія войскі акупавалі Крым. Тэлеканал “Фокс Ньюз” паведамляе: “Украіна абвінавачвае Расею ва “ўзброенай агрэсіі”, а ў гэты час баевікі захопліваюць аэрадромы”. І хоць расейскія афіцыйныя асобы абвяргаюць дадзеную інфармацыю альбо адмаўляюцца яе камэнтаваць, міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў публічна заявіў: “Я магу апісаць гэта толькі як ваеннае ўварваньне і акупацыю”. Тэлеканал “Сі-эн-эн” паведаміў, што пасьля “аб'яўленьня вайны” Расеяй, Украіна мабілізуе войскі: “Кіеў мабілізаваў войскі і прызваў рэзэрвістаў на фоне хуткай эскаляцыі крызысу, які выклікае асьцярогі канфлікту”.

Тым часам расейскія 20-я і 48-я арміі рыхтуюцца захапіць Усходнюю Ўкраіну. Адначасова дзяржаўны сакратар Джон Кэры накіроўваецца ў Кіеў, і сьцьвярджае, што некалькі замежных дзяржаў разглядаюць магчымасьць увесьці эканамічныя санкцыі супраць Расеі. “Усе яны, – сказаў Кэры, – кожная зь іх мае намер прыкласьці ўсе намаганьні, каб ізаляваць Расею за гэтую агрэсію. Яны гатовыя ўвесьці санкцыі, яны гатовыя ізаляваць Расею эканамічна”.

Аднак, давайце ня будзем занадта сьпяшацца. Трэба ўлічваць, што ў Расеі ёсьць яшчэ шмат карт, якія яна можа разыграць. Амэрыканскія войскі ў Аўганістане залежаць ад Расеі з-за іх лініі забесьпячэньня. Германія залежыць ад расейскага прыроднага газу, які выкарыстоўваецца для ацяпленьня ў зімовы пэрыяд. Санкцыі могуць быць нядзейснымі. Акрамя таго, існуе “кітайскі фронт”. У студзені намесьнік расейскага міністра абароны Павел Папоў папярэдзіў, што “літаральна празь некалькі тыдняў” пачнецца вайна паміж ЗША, Японіяй і Кітаем.

Нельга выключаць масіўны і скаардынаваны наступ Расеі і Кітая, або эскаляцыю шэрага тэрору ажно да ядзернай атакі на Нью-Ёрк. Можна вызначыць любую колькасьць магчымых дзеяньняў. Цяжка сказаць дакладна, як яны будуць ажыцьцяўляцца.

Я скончу свой артыкул, працытаваўшы маёра КГБ Галіцына: “Праз пэўны час камуністычныя стратэгі могуць вырашыць, што балянс сіл у сьвеце незваротна зьмяніўся на іх карысьць. У гэты момант ім можа здацца зручным кітайска-савецкае “прымірэньне”. На зьмену стратэгіі нажніц прыйдзе стратэгія адзінага сьціснутага кулака. У гэты час зьмена ваеннага і палітычнага балянсу сілаў стане відавочнай для ўсіх”. [с. 346]

3 сакавіка 2014

Copyright © 2014 J.R. Nyquist
Mobilizing for World War III

No comments: