Pages

2011-07-11

Што будзе рабіць Кітай?

Зараз, калі надышоў крытычны час для глябальнай эканомікі, многія глядзяць на Кітай. Зразумець унутраную сутнасьць Кітая ня лёгка, тым больш, што гэтай краінай кіруе таямнічая камуністычная партыя, якая больш адкрыта не настойвае на камуністычных ідэях. Аднак, камуністычная партыя застаецца ва ўладзе – гэты момант часта выпускаюць з-пад увагі бізнэсоўцы, якія езьдзяць у Кітай. Як адзначае Рычард Макгрэгар у сваёй кнізе пра “Таемны сьвет камуністычных кіраўнікоў Кітая”, існуюць прыхаваныя партыйныя структуры, якія ў рэшце рэшт і вызначаюць эканамічнае жыцьцё Кітая, кітайскую зьнешнюю палітыку, нарошчваньне ваеннай моцы Кітая і, як сьледзтва, яго сусьветны ўплыў. Кітай – значны эканамічны ігрок, які адыгрывае жыцьцёва важную ролю. Пытаньне ў тым, якую ролю ён адыграе ў цяперашнім крызысе капіталізму?

Звычайна мы думаем, што камунізм несумяшчальны з капіталізмам. Аднак, камунізм заўсёды атрымліваў карысьць ад капіталістычных мэтадаў. Афіцыйнае камуністычнае адступленьне да “дзяржаўнага капіталізму” фактычна пачалося ў 1922 годзе ў Савецкім Саюзе пры Ўладзіміры Леніну. Яно называлася Новай эканамічнай палітыкай, у адпаведнасьці зь якой савецкая эканоміка была ўпершыню ўмацавана з дапамогай перавагі капіталістычнага экспэрымэнтаваньня. Пасьля сьмерці Мао кітайскі лідэр Дэн Сяапін засьведчыў сябе як вучань Леніна. Ён увёў Новую эканамічную палітыку ў Кітаі, пашырыўшы ленінскую праграму да больш усёабдымнай сыстэмы пабудовы камунізму праз капіталізм. І калі Новая эканамічная палітыка Леніна была часткова эканамічным лібэралізмам і часткова падманам, тым жа зьяўляецца “сацыялістычная рынкавая эканоміка” таварыша Дэна. У камуністычнай гісторыі адступленьне да капіталізму заўсёды азначае падманлівыя кампраміс. Дэн ніколі не прыніжаў значэньне ідэалёгіі марксізму-ленінізму. Тое, супраць чаго ён выступаў, гэта дурная эканамічная палітыка ганарлівых функцыянэраў, якія ня мелі ўяўленьня, як пабудаваць эфэктыўную эканоміку. У 1961 годзе Дэн прамовіў знакамітае выслоўе: “Мяне не хвалюе, ці белы кот, ці чорны. Кот добры тады, калі ён ловіць мышэй”.

Тое, што камунізм не працуе, было зразумела ад самага пачатку. 27 Сакавіка 1922 года ў сваім палітычным дакладзе на XI зьездзе партыі Ленін растлумачыў, што камуністы былі добрымі рэвалюцыянэрамі, а не добрымі прадпрымальнікамі. Таму камуністам было неабходна навучыцца бізнэсу ў капіталістаў, вярнуўшы (на так доўга, як гэта неабходна), звыклы капіталістычны тып эканомікі. “Не надзімайцеся, ня будзьце самаўпэўненымі, – папярэджваў ён сваіх таварышаў, – таму што вы камуністы, у той час як ёсьць некаторыя беспартыйныя гандляры, ... якія могуць рабіць справы па эканамічнаму, ... чаго вы ня можаце. Калі вы ... усьвядоміце гэта, вы дасягняце вашай мэты, таму што гэта тое, чаму можна навучыцца”.

Кітай прытрымліваецца выказваньня Леніна, і таму іншаземцаў лёгка заблытаць адносна сапраўднай “мэты” Кітая. Кітай адначасова і камуністычны, і капіталістычны, а гэта зьбівае з панталыку. Нам было б прасьцей бачыць адзін альбо другі твар, аднак перад намі два твары. “Кітай спалучае ў сабе горшае сацыялізму і горшае капіталізму”, напісаў Гай Сорман у “Імпэрыі хлусьні”. Гэтае сьцьверджаньне можа быць больш праўдзівым, чым любое іншае, напісанае замежным назіральнікам. Кітай бачыў, як прыходзілі і сыходзілі 26 дынастый, і калі Камуністычная партыя падзе, гэта не абыдзецца без крыві. Мільёны кітайскіх камуністаў маюць падставы баяцца за сваю будучыню, і эканамічны крызыс гэта тое, чаго яны баяцца больш за усё.

Нягледзячы на ​​дзесяцігодзьдзі высокага эканамічнага росту, кітайская эканоміка ў любы момант можа даць збой. У кнізе Рычарда Макгрэгара мы знаходзім прыклад кітайскага банкаўскага крызысу канца 1990-х гадоў. З-за той мадэлі, па якой працуе кітайскі банкаўскі сэктар, да 1998 году прыкладна 57 адсоткаў усіх крэдытаў, выдадзеных найбуйнейшым кітайскім крэдыторам (Прамысловы і камэрцыйны банк Кітая), былі “незваротнымі”. Як Макгрэгар растлумачыў у сваёй кнізе, “[Унутры] ўсёй [кітайскай] банкаўскай сыстэмы 45 адсоткаў крэдытаў, выдадзеных да 2000 гады, сталі дрэннымі”. У адказ на крызыс Палітбюро Камуністычнай партыі Кітая стварыла два партыйныя камітэты, каб узяць на сябе кіраваньне фінансавай сыстэмай краіны, якія былі надзелены паўнамоцтвамі наймаць і звальняць усіх супрацоўнікаў банку. Як вынік, банкі ў Кітаі сталі цалкам падпарадкаванымі кітайскай кампартыі. Любы банк, які адмаўляецца прымаць загады партыі, будзе проста зачынены. Ня надта дзіўна, што навіны аб эфэктыўнасьці кантролю камуністычнай партыяй банкаў былі задушаны з дапамогай пагроз газэтам і іншым айчынным СМІ. Калі хто хоча зразумець сэнс тэрміна “рынкавы сацыялізм”, то гэта якраз ён.

Тым, хто верыць эканамічным тэорыям Людвіга фон Мізэса і Фрыдрыха Хаека, варта задацца пытаньнем: ці была кітайская эканоміка пабудавана на надзейным фундамэнце? У рэшце рэшт, абавязкова павінны адбывацца прадыктаваныя рынкам карэкціроўкі; і эканоміка будзе сапраўды здаровай у той ступені, у якой гэтым карэкціроўкам будзе дазволена сябе вычарпаць. Калі дзяржава ўмешваецца, каб прадухіліць боль, то рост краіны зьяўляецца нечым накшталт ілюзіі. Няма сумненьняў, што Кітай мае сваю долю непрыемнасьцяў. 28 чэрвеня “Fortune Magazine” апублікаваў артыкул Кэці Бэннэр пад назвай “Кітайская даўгавая бомба”. У ім мы можам прачытаць пра бурбалку на рынку нерухомасьці Кітая. Таксама мы можам прачытаць пра “вялізную колькасьць дрэнных крэдытаў”. (Зноў тое ж самае).

Тым ня менш, гучна абвяшчаецца аб фінансавай перавазе кітайцаў. 25 чэрвеня брытанская газэта “The Telegraph” апублікавала матэрыял пад назвай “Дракон уваходзіць, каб захаваць эўра”, у якім паведамлялася, што кітайцы глядзелі на брытанцаў як на эканамічных слабакоў і рыхтаваліся выратаваць Эўропу ад яе фінансавых праблем. У той жа час кітайскія дыпляматы патрабавалі доступу “да кожнай вобласьці брытанскай тэхналягічнай экспэртызы”, а прэм'ер-міністар Кітая Вэнь Дзябао нават “даў трывалае абяцаньне падтрымаць эўра, якое знаходзіцца ў складаным становішчы”.

Кітайскі эканамічны ўплыў вынікае з таго, што можна было б назваць “нядобрасумленнай” гандлёвай практыкай, а таксама з невычэрпнай крыніцы таннай рабочай сілы. Канешне, танная рабочая сіла азначае шырока распаўсюджаную беднасьці. Каб зразумець “багацьце” Кітая ў кантэксьце, мы павінны ўзгадаць, што ў 2004 годзе валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва ў Кітаі быў вылічаны ў памеры 4397 даляраў. Сем гадоў таму сярэдні пажарнік у Кітаі зарабляў 131 даляр штомесяц. (Глядзіце Worldsalaries.org) Беднасьць кітайскага народа, аднак, ня варта блытаць з багацьцем і сілай Камуністычнай партыі Кітая. У той час як кітайскія людзі працуюць за нізкую заработную плату, Камуністычная партыя валодае значнай фінансавай магутнасьцю.

Для чаго, аднак, кітайскія камуністы валодаюць гэтай сілай? І чаму яны чапляюцца за камуністычны ярлык? Кітайскія лідэры поўныя рашучасьці пабудаваць краіну, магутную ў ваеннай сфэры. Як патлумачыў кітайскі тэарэтык Ян Сютон: “Вы па-ранейшаму можаце мець багатую дзяржаву зь беднымі людзьмі”. Потым ён растлумачыў, што моцная дзяржава лепш, таму што яна прыносіць “годнасьць для ўсіх”. Многія магутныя дзяржавы прытрымліваліся гэтай мадэлі. Таму, калі гаворка заходзіць пра лёс даляра, альбо пра лёс эўра, мы не павінны ўяўляць, што кітайцы будуць дзейнічаць так, каб павялічыць дабрабыт свайго народа; хутчэй, яны нацэленыя на максымальнае павелічэньне магутнасьці дзяржавы, бо, як аднойчы патлумачыў Мао Дзэ-дун, “улада зыходзіць з рулі вінтоўкі”.

11 ліпеня 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
What Will China Do?

No comments: