Pages

2011-08-01

Разбуральная роля Расеі

У нядзелю я размаўляў з польскім журналістам Тамашам Пампоўскім, які хацеў расказаць мне пра апошнія падзеі ў Эўропе. Карціна, якую ён намаляваў, была не зусім прыемная. Расея, паводле яго слоў, садзейнічае эканамічнай і палітычнай нестабільнасьці. Роля Расеі не заўсёды зразумелая, патлумачыў ён, але “кожны раз, калі вы глядзіце трохі глыбей, вы бачыце расейцаў. Вы бачыце людзей з былога КГБ”. Па ўсёй бачнасьці, гульня ахоплівае бізнэс, у тым ліку мэдыйны, але асабліва – энэргетычны бізнэс. Расейцы робяць вялікія грошы, экспартуючы газ і нафту. Таксама падобна на тое, што яны маюць адмысловую стратэгію для барацьбы з канкурэнтамі.

“Мірная сіеста пасьля падзеньня Бэрлінскага муру была падманлівай”, – сказаў Пампоўскі. Ён патлумачыў, што расейцы выкарысталі арабскі сьвет для таго, каб стварыць праблемы і пачаць гуляць гульні з будучымі коштамі на энэрганосьбіты. “Калі вы пагаворыце з дысыдэнтамі з КГБ, – адзначыў ён, – яны скажуць вам, што найбольш важным навукова-дасьледчым аддзелам у КГБ перад уварваньнем у Аўганістан быў аддзел, прысьвечаны арабскай мове, культуры і ісламу”. Арабы і іранскія мусульмане кантралююць вельмі значную частку сусьветнай вытворчасьці энэрганосьбітаў. Калі ў гэтых краінах або паміж гэтымі краінамі будуць справакаваныя хваляваньні, то Расея атрымае больш грошай ад свайго экспарту энэрганосьбітаў. Напрыклад, палітычная дэстабілізацыя Саудаўскай Аравіі можа быць вельмі выгаднай для Расеі. У цяперашні час заахвочваньне іранскіх ядзерных амбіцый поруч з накладаньнем на Іран санкцый можа таксама прынесьці Расеі большыя прыбыткі.

Расея таксама ажыцьцяўляе эканамічнае пранікненьне ў Эўропу і Ізраіль. “Расейскія алігархі скупляюць ізраільскія сродкі масавай інфармацыі. – сказаў ён. – Між тым, Рупэрт Мэрдак апынуўся пад атакай якраз у той момант, калі пачаў інвэставаць грошы ва Ўсходнюю Эўропу”. Пампоўскі зьвярнуў увагу на тую акалічнасьць, што сапернік Мэрдака ў Злучаным каралеўстве – гэта “былы” афіцэр савецкага КГБ Аляксандр Лебедзеў, які валодае газэтай “Evening Standard” і набывае газэту “News of the World” Мэрдака, зачыненую тры тыдні таму на хвалі скандалу, калі брытанская паліцыя выявіла, што супрацоўнікі “News of the World” праслухоўвалі тэлефонныя размовы амаль 4000 чалавек, у тым ліку асобаў з каралеўскай сям'і. “Зьвярніце на гэта ўвагу”, – сказаў Пампоўскі.

Калі я запытаў у Пампоўскага, чаму расейскія агенты будуць блякаваць Мэрдака ва Ўсходняй Эўропе, захопліваючы яго актывы ў Вялікабрытаніі, ён патлумачыў: “Я мяркую, што Масква вымушана задушыць альтэрнатыўныя галасы”. Чаму гэта неабходна? Масква спрабуе адкалоць Эўропу ад Амэрыкі з дапамогай антыамэрыканскіх актыўных мерапрыемстваў. СМІ Мэрдака зьяўляюцца перашкодай для гэтых намаганьняў. “Нябожчык генэрал Одам лічыў, што Савецкі Саюз ператварыўся ў гэтыя разнастайныя арганізацыі, – адзначыў Пампоўскі. – У цяперашні час краіны НАТО павінны зразумець гэты новы комплекс улады і зьвярнуць на яго ўвагу”. Небясьпечным, сказаў Пампоўскі, зьяўляецца тое, што Расея можа “дэстабілізаваць і пашкодзіць структуры, створаныя пасьля Другой сусьветнай вайны, якія былі часткай заходняй сыстэмы бясьпекі”. Афіцыйная палітыка Расеі заключаецца ў стварэньні новай “архітэктуры бясьпекі для Эўропы”. Гэта перакладаецца як “Эўропа без НАТО”, ці іншымі словамі – Эўропа, кантралюемая Расеяй.

Пампоўскі таксама казаў пра раскрыцьцё таго факту, што выбух каля амбасады ЗША ў Грузіі ў мінулым годзе быў праведзены расейскім афіцэрам ГРУ маёрам Яўгенам Барысавым і каардынаваўся расейскай ваеннай выведкай. Чаму расейскія ваенныя кіраўнікі загадалі напасьці на амбасаду ЗША? “Я лічу, што расейская дзяржава знаходзіцца ў поўным замяшаньні, – патлумачыў Пампоўскі . – Унутры дзяржавы ёсьць некалькі крымінальных сіл, і ўсе яны дзейнічаюць у розных накірунках. Я мяркую, што ў рэшце рэшт яны прайграюць. Расея – краіна-ізгой". Яна – краіна-ізгой у поўным сэнсе гэтага слова”. Справа ў тым, што Расея заціснута паміж нацыяналістычным, камуністычным, мафіёзным і псэўдаправаслаўным уладнымі блёкамі. Аднак усе разнастайныя ўнутраныя расейскія ўладныя групы падзяляюць адзін і той жа погляд, калі справа датычыцца Амэрыкі. “Ці бачылі вы паведамленьне аб наведваньні амбасадарам Расеі ў НАТО прадстаўнікоў Кангрэса? – Спытаў Пампоўскі. – Амбасадар Рагозін сустракаўся з сэнатарамі Кайлам і Кіркам у аўторак ці ў чацьвер, і ён назваў іх “пачварамі Халоднай вайны”.

Пампоўскі таксама казаў пра псэўдахрысьціянскага нарвэскага тэрарыста Андэрса Бэрынга Брэйвіка, які нібыта ў пачатку гэтага года праходзіў падрыхтоўку ў сакрэтным ваенізаваным палявым лягеры ў Беларусі (былой савецкай рэспубліцы, якая ў цяперашні час абараняецца расейскімі ўзброенымі сіламі і выкарыстоўвацца ў якасьці канала для экспарту злачыннасьці, наркотыкаў, зброі і, магчыма, нават тэрарыстаў). Мяркуецца, што Брэйвік наведаў Менск вясной мінулага года. “Існуе дыскусія наконт сувязяў гэтай трагедыі ў Нарвэгіі з Расеяй, – сказаў Пампоўскі. – Інфармацыя расьце увесь час”. Быццам бы псэўданімам Брэйвіка ў беларускім КГБ было слова “Вікінг”. Хоць яго сувязь з Расіяй не даказана, яго захапленьне Пуціным і палітычнай сыстэмай Расеі супадае зь яго агідай да мяккай, палітычна карэктнай дэмакратыі Заходняй Эўропы і Скандынавіі.

Я спытаў Тамаша аб думцы, што хтосьці ў Маскве падштурхоўвае правы экстрэмізм ў Эўропе. “Я схіляюся да гэтай тэорыі, – адказаў Пампоўскі. – Але вы ня можаце знайсьці ва ўсім гэтым аднароднай расейскай мэты. Ні адзін чалавек не кантралюе расейскую дзяржаву цалкам. Гэта канглямэрат розных дзяржаў”. “Канешне, у падтрымцы славянскага нацыяналізму няма нічога новага, – растлумачыў ён. – Напрыклад, яны стаялі за нацыяналізмам Слабадана Мілошавіча ў Сэрбіі. Расейцы ўдзельнічаюць у шматлікіх маніпуляцыях, некаторыя зь якіх былі распачатыя яшчэ пры Гарбачове або раней”. Згодна Пампоўскаму, мэта гэтых маніпуляцый – дэстабілізаваць Захад, справакаваць высокія цэны на энэрганосьбіты і пасадзейнічаць экстрэмізму. Расейскія вайскоўцы сапраўды спрыялі гэтаму руху ў Эўропе, – пацьвердзіў Пампоўскі. “У адрозьненьне ад армій Захаду, яны маюць катэдру ваеннай філязофіі, якая стаіць даволі высока ў сыстэме стратэгічнага камандаваньня. Гэтыя людзі сьцьвярджаюць, што яны – праваслаўныя расейцы, але большасьць расейскага праваслаўнага кіраўніцтва паходзіць з КГБ. У Савецкім Саюзе, каб стаць сьвятаром, вы павінны былі прайсьці [праверку ў] КГБ. Цяпер гэтыя людзі атрымалі свабоду дзеяньняў, але яны да гэтага часу задзейнічаны ў стратэгіі КГБ.

Я спытаў Пампоўскага пра выхад незалежнага дакладу аб трагічнай авіякатастрофе, у якой у мінулым годзе загінуў прэзыдэнт Польшчы, калі ён ляцеў каб прыняць удзел у жалобных мерапрыемствах з нагоды шасьцідзесяцігодзьдзя разьні ў Катынскім лесе, дзе ў 1940 годзе Саветы забілі тысячы польскіх афіцэраў. Ён распавёў, як расейскія афіцыйныя асобы перашкаджалі польскім сьледчым у справе авіякатастрофы, пазбаўляючы іх доступу да абломкаў самалёта, запісаў перамоў на борце самалёта і г.д. Падводзячы вынікі, Пампоўскі пераклаў верш польскага паэта Зьбігнева Гербэрта, які быў выкарыстаны ў дакладзе, і які прысьвечаны Катынскай разьні:
І толькі не даруйце,
Бо вы ня маеце права дараваць
Ад імя тых, каму здрадзілі.
Гэта якраз тыя тры радкі, якія ўвесь сьвет павінен завучыць на памяць, асабліва таму, што колькасьць тых, каму здрадзілі, будзе расьці.

1 жніўня 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
Russia’s Disruptive Role

No comments: