2012 абяцае быць цікавым. У Злучаных Штатах пройдуць прэзыдэнцкія выбары. У Армузскім праліве можа здарыцца ваенны канфлікт. Але самыя важныя зьмены могуць адбыцца ў Расеі, дзе расейскі народ рыхтуецца кінуць выклік ураду прэм'ер-міністра Ўладзіміра Пуціна. Падчас вулічных акцый пратэсту ў Маскве і іншых гарадах у мінулым месяцы краіну ахапіў новы настрой. Гэты настрой бярэ свой пачатак у разьвіцьці ў Расеі сапраўднай сярэдняй клясы. Па заходніх стандартах гэтая сярэдняя кляса не зьяўляецца багатай, але тым ня менш яна мае прыкмету самастойнасьці і добрапрыстойнасьці. Гэтая добрапрыстойнасьць атрымае перавагу, альбо будзе спынена. Пуцін будзе адхілены ад улады, або сярэдняя кляса ў Расеі будзе разгромлена.
Pages
Showing posts with label Пуцін. Show all posts
Showing posts with label Пуцін. Show all posts
2012-01-09
2011-11-21
Сьвет на парозе зьменаў
Фінансавае становішча Эўропы пагаршаецца, што прыцягвае ўвагу эканамічных і палітычных дзеячаў ва ўсім сьвеце. Набліжаюцца зьмены. Новы сусьветны парадак, абвешчаны Джорджам Бушам [Старэйшым], больш ня дзейнічае. Эканамічны аптымізм выпарыўся. Крызыс пашыраецца. Ваенная моц ЗША пачала скарачацца, а Кітай працягвае павялічваць сваё войска і флёт. На Блізкім Усходзе Іран працягвае разьвіваць сваю праграму па стварэньні ядзернай зброі. Сусьветны эканамічны крызыс выклікаў рэвалюцыі (з-за недахопу прадуктаў харчаваньня) – падзеньне Мубарака ў Эгіпце і Кадафі ў Лівіі. Сёньня ўрад Расеі сутыкнуўся з крызысам даверу, які прымусіць Маскву прыняць рашэньне: альбо сапраўдныя рэформы, або вяртаньне да адкрытага сталінізму.
2011-10-03
Расеяй кіруе таемнае палітбюро?
Ня так даўно стала вядома, што прэм'ер-міністар Уладзімір Пуцін у наступным годзе зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі. У мінулым сакавіку падчас наведваньня Расеі віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн параіў Пуціну не балятавацца. У рэшце рэшт, гэта пачынае выглядаць так, як быццам Пуцін зьяўляецца дыктатарам. Па-першае, Пуцін быў прэзыдэнтам Расеі на працягу двух тэрмінаў. Па-другое, Пуцін стаў прэм'ер-міністрам у той час, як відавочны дублёр (прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў) адкрыта прызнаў, што яго ўлада меншая, чым у Пуціна. Нядаўна Пуцін заявіў аб сваім намеры займаць пасаду прэзыдэнта яшчэ адзін тэрмін. Мы мусім запытацца, ці зьяўляецца Пуцін дыктатарам? Ці вырашае ён усё самастойна? Адказ на гэтае пытаньне нядаўна быў дадзены адным адстаўным усходнеэўрапейскім палітыкам.
2011-09-12
9/11 і Арабская вясна
Пасьля дзесятай гадавіны тэрактаў 11 верасьня 2001 мы бачым як Блізкі Ўсход ахоплівае дэмакратычны дух. Гэта нечаканы вынік. Прэзыдэнт Джордж Буш казаў аб нараджэньні дэмакратыі ў арабскім сьвеце, але многія разглядалі ягоныя заявы як пустую рыторыку. Калі ж у арабаў зьявіліся дэмакратычныя схільнасьці? У 2003 годзе Злучаныя Штаты скінулі Садама Хусейна і нязграбна паспрабавалі даць ірацкаму народу дэмакратычную дзяржаву. У 2011 годзе грамадзяне трох арабскіх краін ці зрынулі сваіх дыктатараў, ці працэс зьвяржэньня ідзе поўным ходам. Гэта мае асаблівыя наступствы для Расеі і Кітая, бо два з дыктатараў былі кліентамі восі Масква–Пэкін.
2010-08-13
Значэньне рэвалюцыі
Спроба разбурыць любую палітычную сыстэму непазьбежна супадае са спробай разбурыць эканоміку гэтай сыстэмы. Эканамічны сабатаж – гэта ня выдуманая дзейнасьць неіснуючых груп. Гэта дзейнасьць сапраўдных ворагаў, як зьнешніх, так і ўнутраных. Паглядзіце на гульцоў падчас іх працы. Падумайце, якія дзяржавы маніпулююць коштамі на нафту, збожжа, стратэгічныя мэталы? Запытайце ў сябе: якая ў іх мэта? Навошта яны гэта робяць? Яны жадаюць павысіць узровень жыцьця ў сваіх краінах, або спрабуюць зьнізіць узровень жыцьця ў Злучаных Штатах? У нядаўняй прамове 13 жніўня Дэвід Горавіц сказаў: “Мы вядзем вайну як з унутранымі, так і са зьнешнімі ворагамі, якія імкнуцца нас зьнішчыць”. Горавіц атрымаў прэмію за жыцьцёвыя дасягненьні ад Фундацыі амэрыканскай моладзі. Калі хто і разумее ўнутранага ворага Амэрыкі, то гэта менавіта Горавіц. Яго выхавалі камуністы, але ён парваў з левымі, як толькі пабачыў іх сапраўдны твар.
2008-10-10
Пачвара на дне прорвы
6 кастрычніка ў артыкуле пад назвай “Нямецкае пытаньне” Джордж Фрыдман са STRATFOR выліў збан халоднай лёгікі на плян Амэрыкі наконт будучыні НАТО. Падобна на тое, што Германія мае намер заблякаваць уступленьне ў НАТО Ўкраіны і Грузіі. Доўгатэрміновыя наступствы гэтага рашэньня ашаламляюць. “Паколькі НАТО дзейнічае на аснове кансэнсусу, – піша Фрыдман, – любая краіна альянсу можа эфэктыўна заблякаваць любога кандыдата на сяброўства ў НАТО”. Уварваньне Расеі ў Грузію прымусіла Нямеччыну заняць такую пазыцыю. Канфлікт у Грузіі вымусіў немцаў упарадкаваць іх геапалітычнае мысьленьне. Тое, што мы бачым цяпер, цалкам відавочна – Германія адварочваецца ад НАТО. Яны могуць называць гэта так, як ім падабаецца. Яны думаюць як немцы. Расейскі ўдар па Грузіі быў майстэрскім ходам, бо ён пасьпяхова зьмяніў напрамак палітычнай адчувальнасьці Германіі з НАТО-цэнтрычнага погляду на нямецкацэнтрычны. У Эўропе існуе пытаньне, якое стаіць перад усімі астатнімі, і на якое немцы павінны даць адказ. Або Эўропе будзе супрацьстаяць Расеі ў новай Халоднай вайне, або Эўропа стане партнэрам Расеі. Згодна лёгіцы Фрыдмана, Германія ўжо прыняла рашэньне аб партнэрстве з Расеяй.
2008-09-12
Пагроза не ўсьвядомлена належным чынам
З канца Другой сусьветнай вайны “супэрдзяржавамі” называлі дзьве краіны: Злучаныя Штаты і Савецкую Расею. З тых часоў, як Савецкі Саюз разваліўся, аб Амэрыцы кажуць, як аб “адзінай супэрдзяржаве”. Моц Масквы абвалілася. Такім было ўспрыманьне Захаду ў канцы 1991 года. Праз семнаццаць гадоў, калі Халодная вайна зноў паднімае сваю выродлівую галаву, многія захоплены зьнянацку. Пераможаны Крэмль сабраў новы антыамэрыканскі блёк, улучна з Кітаем і Вэнэсуэлай. Гэта ажыцьцяўлялася даволі доўга, аднак ігнаравалася ў Вашынгтоне ў адпаведнасьці з культурай стратэгічнага адмаўленьня.
2007-08-24
Бясспрэчная падрыхтоўка Расеі да вайны
Пачынаючы з 1998 года я адкрыта папярэджваў пра падрыхтоўку Расеі да вайны. Ідэя падрыхтоўкі да ядзернай вайны для большасьці амэрыканцаў зьяўляецца абсурднай, бо ў спажывецкім грамадзтве ідэя ядзернай вайны ня мае сэнсу. Як бы там ні было, падрыхтоўка Расеі да вайны была такой жа бясспрэчнай, якой яна застаецца і сёньня. Расея – гэта не спажывецкае грамадзтва. У канцы 1990-х гадоў Расея праводзіла рэканструкцыю велізарных бункераў, разьлічаных на ядзерную вайну, і будавала падземныя гарады. Такія бункеры і гарады могуць спатрэбіцца толькі ў выпадку будучай ядзернай вайны. Для краіны, якая па агульным меркаваньні была занадта беднай, каб марнаваць свае каштоўныя рэсурсы на штосьці настолькі дарагое, настолькі далёкае ад “нармальных” чаканьняў, гэта здавалася невытлумачальным. “Ну што ж, – паціснуць плячыма людзі. – Расейцы прывыклі рабіць падобныя рэчы. Гэта дае ім псыхалягічны камфорт. Няхай робяць тое, што хочуць. Гэта не павінна нас хваляваць”. Грамадзкасьць, аднак, не заўважыла той факт, што Расея працягвала парушаць пагадненьні па кантролі над узбраеньнямі. Яна не прызналася ў існаваньні ўсіх боегаловак, якімі валодала, і няма надзейных дадзеных, што іх ліквідавалі. Яна распрацоўвала новую сьмяротную біялягічную і хімічную зброю.
Subscribe to:
Posts (Atom)