Pages

2011-06-27

Больш чым валюта

Уявіце, што вы прэм'ер-міністар дэмакратычнай дзяржавы ў Эўропе або Ціхаакіянскім рэгіёне. Што вы думаеце пра амэрыканскі даляр і яго пэрспэктывы? Незалежна ад партыйнай прыналежнасьці ці асабістых сымпатый, вы падтрымліваеце даляр. Фактычна, вы ня можаце паступіць інакш. Бясьпека вашай краіны зьвязаная з далярам, таму што вашай краіне не хапае ваеннай моцы для забесьпячэньня свайго нацыянальнага выжываньня ў буйным канфлікце (накшталт таго, які пачаўся ў 1939 годзе, і ў якім мноства краін былі ня ў стане абараніць сябе). Як малая або сярэдняя краіна, вы або не валодаеце ядзернай зброяй, або яе колькасьць занадта малая, каб выратаваць вас у сапраўдным канфлікце зь вялікай ядзернай дзяржавай (такой, як Расея). Такім чынам, даляр – гэта больш чым валюта. Унівэрсальная каштоўнасьць даляра падобная да ўзгодненага падатку, які дэмакратычны сьвет плаціць за дадатковую бясьпеку, забясьпечаную амэрыканцамі.

Сыстэма працуе дзіўным, але надзейным чынам. Даляр ЗША зьяўляецца міжнароднай валютай, якая не забясьпечваецца золатам і пры жаданьні можа мэтанакіравана друкавацца. Можна сказаць, што Амэрыка экспартуе сваю інфляцыю ў той час, як імпартуе ўсё астатняе. Пакуль Амэрыка гатовая абараняць Эўропу і Ціхаакіянскі рэгіён, даляр будуць падтрымліваць, а так званы “падатак” даляравай інфляцыі будуць плаціць усе. Таму што вам, як прэм'ер-міністру дэмакратычнай краіны ў Эўропе, Азіі або Ціхаакіянскім рэгіёне, надзвычай неабходны амэрыканскі ядзерны парасон. Вы жадаеце мець амэрыканскую ваенную прысутнасьць у вашым рэгіёне, або абяцаньне прэзыдэнта ЗША, што у выпадку крызысу вас абароняць. І таму, калі вы – Японія або Нямеччына, Паўднёвая Карэя ці Савудаўская Арабія, вы будзеце падтрымліваць даляр. Вы не адмовіцеся. Ваша публічная крытыка Амэрыкі і яе валюты не адлюстроўвае вашы сапраўдныя погляды. Па гэтай прычыне, падтрыманы адной краінай за другой, даляр здолеў выжыць.

Дэмакратычны сьвет прымае даляр і будзе працягваць прымаць даляр да тых часоў, пакуль Злучаныя Штаты захоўваюць сваю ваенную моц. Шмат каму з недэмакратычнага сьвету гэта неабавязкова падабаецца. Тым ня менш, кожны, хто хоча ў поўнай меры ўдзельнічаць у сусьветным рынку, абавязаны прыняць дамоўленасьць. Паколькі многія з найбольш важных краін падтрымліваць ролю даляра, астатнія вымушаныя ісьці разам. Калі гэта не да канца разумее амэрыканскі народ, гэта, тым ня менш, разумеюць у многіх сталіцах па ўсім сьвеце. Даляр – больш чым валюта. Даляр – гэта жыватворная кроў для неабходнай ваеннай машыны.

Нягледзячы на тое, што даляр падтрымліваюць, яго вартасьць зьнізілася. Прэм'ер-міністры дэмакратычных краінаў ня могуць перашкодзіць рынкам аб'ектыўна ацэньваць сытуацыю. І ўсё ж яны будуць падтрымліваць тое, што яны павінны падтрымліваць у адпаведнасьці з патрабаваньнямі нацыянальнай бясьпекі. Без амэрыканскіх вайскоўцаў Японія, Паўднёвая Карэя і Тайвань больш ня будуць у бясьпецы з-за пагрозы Паўночнай Карэі і Кітая. Без амэрыканскіх ваенных эўрапейцы будуць пакінутыя на літасьць Масквы. Без амэрыканскіх ваенных Савудаўская Арабія будзе ўразьлівай для Ірану. Мноства краін у Эўропе і Азіі будуць вымушаныя схіліцца перад новай восьсю сусьветнай сілы, якая належыць краінам, што пагарджаюць далярам і мараць аб падзеньні Амэрыкі. З аб'ектыўнага навуковага пункту гледжаньня, гэта не зьяўляецца пытаньнем супрацьстаяньня добрых краін супраць дрэнных краін. Гэта проста пытаньне міжнароднага парадку і рэжыму стабільнасьці, якому аддае перавагу разьвіты сьвет (г.з. “дэмакратычныя краіны”).

Калі мы паглядзім на краіны, якія адкрыта выступілі за адмову ад даляра як сусьветнай рэзэрвовай валюты, то ўсе яны – сатэліты або ўтрыманцы Расеі і (або) Кітая. Яны набываюць зброю ў Расеі і (або) Кітая. Іх ракеты, як правіла, накіраваныя на ЗША або саюзьнікаў ЗША. Гэта відавочна, і прэм'ер-міністры гэтых краін не памыляюцца пры ацэнцы сытуацыі. Хоць грамадзкасьць рэдка чуе палітыкаў, якія кажуць аб бягучым падзеле сьвету на два варожыя блёкі, аднак гэта так. Гэты падзел – рэальны, дзейны і відавочны працяг таго, што раней называлася Халоднай вайной. У цяперашніх умовах палітыкі на Захадзе не адважацца быць настолькі грубымі або “панікуючымі”, каб сьцьвярджаць, што другая халодная вайна ўжо пачалася. І акрамя пытаньня, хто яе распачаў, ёсьць шмат чаго, што ня можа быць растлумачана ці даведзена шырокай грамадзкасьці.

Калі большасьць выбаршчыкаў ня могуць знайсьці большую частку краін на мапе сьвету, адсутнічае магчымасьць асэнсаванага грамадзкага абмеркаваньня. Як і па многіх палітычных пытаньнях, яно зводзіцца да набору лёзунгаў, якія час ад часу паўтараюцца. Асноватворная рэальнасьць вывучаецца і разглядаецца экспэртамі, якія ў значнай ступені працуюць у сфэры тэхнічных дэталяў, пра якія грамадзкі дыскурс ведае толькі ў агульных абрысах. У Амэрыцы грамадзкасьць уключаецца ў спрэчкі наконт падаткаў і сацыяльных выдаткаў. Тыя айчынныя лідэры, якія выступаюць за “дэмакратычныя пераўтварэньні” і вызваленьне сусьвету ад прыгнёту даляра, ня могуць прынесьці зьмены. “У сучаснай дзяржаве фактычным кіраўніком абавязкова і непазьбежна зьяўляецца бюракратыя, – пісаў Макс Вэбэр, – бо ўлада ажыцьцяўляецца не з дапамогай парлямэнцкіх прамоў ці зваротаў манархаў, а праз працэдуры кіраваньня”.

Старадаўняя справа дыпляматыі і вайны належыць экспэртам (гэта значыць ваенным і дыпляматычным чыноўнікам). Тут ідэалягічныя падставы для супярэчнасьцяў займаюць другаснае месца пасьля прызнаньня асноўных стратэгічных рэалій. Вось чаму мы назіраем толькі нязначныя зьмены ў ваеннай стратэгіі Амэрыкі ад адной адміністрацыі да іншай. Нягледзячы на тое, што кандыдат у прэзыдэнты крытыкуе нацыянальную стратэгію свайго саперніка, абодва ў выпадку свайго абраньня будуць дзейнічаць аднолькава. У пытаньнях нацыянальнай стратэгіі гульцы ня вольныя ажыцьцявіць свае ўтапічныя фантазіі або паставіць высакародныя гуманітарныя каштоўнасьці вышэй за змрочную рэчаіснасьць. У пытаньнях стратэгіі левая або правая [палітычная арыентацыя] ня мае вялікага значэньня. Зьвернем увагу на той факт, што найвялікшым эўрапейскім прыхільнікам прэзыдэнта Джорджа Буша ў час уварваньня ў Ірак быў прэм'ер-міністар ад левацэнтрысцкай брытанскай Лейбарысцкай партыі (сацыял-дэмакратычнай партыі).

Мяркуемую марнасьць уварваньня ў Ірак разумеюць усе. Неабходнасьць стварэньня дэмакратычнага пляцдарму ў Пэрсыдзкай затоцы таксама зразумелая. Што тады можна зрабіць? Адказ палягае ў тым, што больш нічога нельга зрабіць. І калі ўзьнікае магчымасьць стварыць больш дэмакратычны пляцдарм, Захад прытрымліваецца лёгікі распаўсюджаньня гэтых пляцдармаў. Выжываньне залежнага ад энэргіі заходняга ладу жыцьця залежыць ад Блізкага Ўсходу. Ніхто не павінен сумнявацца ў рашучасьці Захаду. Ніякаму дыктатару нельга дазволіць пагражаць эканамічнай жыватворнай крыві Захаду. Таму даляр будуць падтрымліваць па гэтай жа прычыне, а ўсе схемы па зьнішчэньні даляру прывядуць да правалу.

Прэм'ер-міністар той ці іншай краіны можа скардзіцца на даляр на публіцы або крытыкаваць Злучаныя Штаты як “ганарлівыя”. Прыватна, разам са сваімі дарадцамі, ён адчайна спрабуе захаваць амэрыканскую ваенную прысутнасьць у сваім рэгіёне. З-за [каньектуры] мясцовай палітыкі ён можа запатрабаваць закрыцьцё амэрыканскіх ваенных баз або вяртаньне амэрыканскіх войскаў. У асабістай гутарцы, аднак, ён запэўнівае амэрыканцаў, што абразьлівую мову, якую ён выкарыстоўвае на публіцы, ня варта ўспрымаць сур'ёзна. Існуе публічная мова, накіраваная супраць Амэрыкі – мова абурэньня, створаная для шырокага грамадзкага спажываньня. Таксама існуе мова ўзаемаадносінаў дзяржаўных дзеячаў паміж сабой. Інакш як даляр захоўваў свае лідзіруючыя пазыцыі дзесяцігодзьдзе за дзесяцігодзьдзем?

Сьмерць даляра, нават відавочная па іншых прычынах, сустракае супраціў па прычынах нацыянальнай бясьпекі. З гэтага пункту гледжаньня, даляр – больш чым валюта. “Мы баімся застацца адны тут, у Ціхаакіянскім рэгіёне”, – кажуць аўстралійцы. “Мы не давяраем расейцам”, – кажуць немцы (якія, тым ня менш, глыбока зблыталіся з Расеяй). “Выратуйце нас ад іранцаў”, – кажуць у Савудаўскай Арабіі. Таму даляр не загінуў, як чакалі некаторыя. Толькі дзьве падзеі зьнішчаць пазыцыі даляра: (1) зьнікненьне пагрозы для бясьпекі разьвітых краін; (2) вывад па нейкай прычыне амэрыканскіх войскаў з Эўропы і Ціхаакіянскага рэгіёну.

Да гэтага часу даляр застанецца.

27 чэрвеня 2011

Copyright © 2011 J.R. Nyquist
More Than a Currency

No comments: